Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра плату за расейскія базы: “0 рублёў, 00 капеек, 0 даляраў”


Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні журналістаў на выбарчым участку ў Менску, зноў заступіўся за зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Бакіева, адказаў на крытыку з боку расейскага лідэра Мядзьведзева і скрытыкаваў бязьдзейнасьць АДКБ у кіргіскім пытаньні.


Аляксандар Лукашэнка пасьля галасаваньня на мясцовых выбарах назваў нядаўнія словы расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева аб прыёме ў Беларусі Курманбека Бакіева «непасьлядоўнымі», паколькі 5 гадоў таму сама Расея дала прытулак ягонаму папярэдніку Аскару Акаеву, а таксама іншым высокапастаўленым у мінулым уцекачам.

Апрача таго, Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў кіраўніцтва Расеі ў дэманстрацыі падвойных стандартаў:

«Відаць, галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Расеі забыўся, што на тэрыторыі Беларусі ажно дзьве дзейныя вайсковыя базы Расейскай Фэдэрацыі. У раёне Баранавіч база раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе, вельмі важная новая база, якую мы яшчэ зь Ельцыным дабудоўвалі. Другая база забясьпечвае сувязь з падводным флётам Расеі ў Атлянтыцы. Месца базаваньня — Вілейка. Калі прэзыдэнт Расеі забыўся пра Баранавічы і Вілейку — пара згадаць.
Калі прэзыдэнт Расеі забыўся пра Баранавічы і Вілейку — пара згадаць.
І калі прэзыдэнт Расеі хоча ведаць, колькі, у адрозьненьне ад Севастопаля, яны нам плацяць за гэта, — нуль рублёў, нуль-нуль капеек, нуль даляраў».

Аляксандар Лукашэнка нагадаў таксама пра супольную беларуска-расейскую сыстэму супрацьпаветранай абароны, на стварэньні якой настойвала Масква, і пра тое, што беларуская армія абараняе Расею на заходнім кірунку ды складае аснову вайсковай групоўкі так званай саюзнай дзяржавы.

Гэтыя словы сталі рэакцыяй на заявы Мядзьведзева пасьля падпісаньня ім дамовы аб арэндзе базы Чарнаморскага флёту ў Севастопалі. Тады, сярод іншага, Мядзьведзеў нэгатыўна ацаніў факт запрашэньня Лукашэнкам зрынутага кіргіскага прэзыдэнта і даў зразумець, што Беларусі ня варта чакаць эканамічных паслабленьняў з боку Расеі.

А.Лукашэнка пра абарону заходніх межаў Расеі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:31 0:00


Аляксандар Лукашэнка пра пэрспэктывы АДКБ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:25 0:00


Адначасова Лукашэнка сёньня заявіў пра беспэрспэктыўнасьць далейшай дзейнасьці АДКБ у цяперашнім стане:

«Што гэта за арганізацыя, калі ў адной з нашых краін льецца кроў, адбываецца дзяржаўны пераварот — цішыня, нуль? Чаму? Нескладана здагадацца, зыходзячы з гэтых падзей».

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пакуль ня вызначыўся, ці паедзе ён на саміт АДКБ у Маскву 8 траўня 2010 году.

Аляксандар Класкоўскі
Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі, ацэньваючы сёньняшнія антырасейскія заявы беларускага кіраўніка, мяркуе, што Лукашэнка вядзе спрэчку з Расеяй не за Бакіева, а за эканамічныя прэфэрэнцыі:

«Галоўнае, што зачапіла Лукашэнку, — гэта заява Мядзьведзева, што хай Беларусь, адрозна ад Украіны, не спадзяецца на прэфэрэнцыі. Зараз Бакіеў выглядае такім палітычным інструмэнтам у руках у Лукашэнкі. Гэта зручная дымавая заслона, каб не казаць, што вы задралі цэны, таму ўсё, капец братняй інтэграцыі. Усё гэта падаецца пад маркай змаганьня за зрынутага неканстытуцыйным шляхам калегу. Насамрэч гэта карэнныя супярэчнасьці паміж Менскам і Масквою, якія грунтуюцца на эканамічнай глебе і на зьвязаных з гэтым замашках Крамля з мэтай прыхапіць тут кавалкі ўласнасьці, а можа, і замахнуцца на сувэрэнітэт Беларусі».

Аляксандар Класкоўскі лічыць, што да выгнаньня зь Беларусі расейскіх вайсковых базаў справа ўсё ж ня дойдзе, але Менск можа сапсаваць вайсковую супрацу, прынамсі ў рамках АДКБ.

Заява ж Лукашэнкі аб тым, што за вайсковыя базы Беларусь ня мае ні капейкі, не адпавядае рэчаіснасьці. Аляксандар Класкоўскі нагадвае, што ў свой час Беларусі за гэтыя базы сьпісалі каля мільярда даляраў газавага доўгу.
У свой час Беларусі за гэтыя базы сьпісалі каля мільярда даляраў газавага доўгу..
Апрача таго, Менск доўгі час меў вялікія эканамічныя прэфэрэнцыі ад Расеі, у тым ліку і з-за гэтых базаў.

«Беларускае кіраўніцтва нэрвуецца, што будучыя прэзыдэнцкія выбары могуць супасьці з рэзкім падвышэньнем кошту расейскага газу — да эўрапейскага ўзроўню. І для гэтага падвышэньня інтрыгі не патрэбныя, гэта закладзена ў адпаведнай дамове, якой Маскве трэба цьвёрда прытрымлівацца».


Сёньня на выбарчым участку Аляксандар Лукашэнка, ацэньваючы паўнамоцтвы мясцовых Саветаў, параіў іх дэпутатам больш працаваць з насельніцтвам:

«Саветы ў нас — толькі прадстаўнічы орган улады, яны не фармуюць нават выканкамы, не прызначаюць, а толькі ўзгадняюць кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў. Гаспадарамі ў сваіх раёнах саветы наўрад ці будуць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG