Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ абмяркуе нядаўнія пакараньні сьмерцю ў Беларусі


29 красавіка Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы абмяркуе сытуацыю ў Беларусі ў сувязі зь нядаўнім выкананьнем двух сьмяротных прысудаў, паведамляе БелаПАН.


Тэрміновыя дэбаты пра гэтую праблему пройдуць у межах вясновай сэсіі ПАСЭ. Чакаецца, што перад парлямэнтарыямі выступяць дакладчыкі ад камітэту па палітычных пытаньнях, а таксама ад камітэту па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека.

Першапачаткова пытаньне адносна Беларусі ня значылася ў парадку дня. Рашэньне правесьці тэрміновыя дэбаты пра сытуацыю ў краіне прынялі 26 красавіка на паседжаньні бюро ПАСЭ.

Нагадаем, у сакавіку былі расстраляныя 25-гадовы Андрей Жук і 30-гадовы Васіль Юзапчук. Першы быў прызнаны вінаватым у разбойным нападзе і забойстве працаўнікоў СПК "Бальшавік-Агра", якія перавозілі грошы для выплаты заробку працаўнікам сельгаспрадпрыемства. Другога прысудзілі да вышэйшай меры пакараньня за сэрыю забойстваў жанчын сталага веку ў Берасьцейскай вобласьці.

Пра тое, што прысуды выкананыя, стала вядома ад маці Жука. Толькі 2 красавіка міністар унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў пацьвердзіў факт выкананьня сьмяротных прысудаў.

Камітэт ААН па правах чалавека ў адмысловай заяве выказаў абурэньне ў сувязі з пакараньнем двух чалавек, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе ў камітэце.

У заяве падкрэсьліваецца: пакараўшы сьмерцю асобаў, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе ў камітэце, Беларусь "сур'ёзна парушыла" дамовы, якія былі падпісаныя ў межах ААН. У прыватнасьці, нагадваецца пра пункт 92 правілаў і працэдураў камітэту аб выкананьні запыту на забесьпячэньне прамежкавай абароны.

Раней дзеяньні беларускіх уладаў асудзілі кіраўніцтва Рады Эўропы, "Міжнароднай амністыі". Беларускія праваабаронцы кажуць таксама пра парушэньні правоў сваякоў і бацькоў: целы пакараных сьмерцю ў Беларусі сваякам і бацькам не выдаюць, ім не паведамляюць таксама месца пахаваньня.

Паводле афіцыйных дадзеных, з 1995 году ў Беларусі было выканана болей за 150 сьмяротных прысудаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG