Акрамя беларускага навукоўца прафэсара Васіля Несьцярэнкі, яе аўтарамі выступілі ягоны сын Аляксей Несьцярэнка зь менскага Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны, а таксама расейскі эколяг і грамадзкі дзеяч Аляксей Яблакаў.
Паводле аўтараў, новы дакумэнт пра чарнобыльскія наступствы стане данінай памяці беларускаму фізыку-ядзершчыку Васілю Несьцярэнку, які памёр два гады таму. Васіль Несьцярэнка вядомы сумленнай і бескампраміснай пазыцыяй адносна аварыі на ЧАЭС у 1986 годзе.
Галоўная выснова аўтараў кнігі: амаль мільён чалавек ва ўсім сьвеце памерлі ад радыеактыўнага чарнобыльскага апраменьваньня.
Гэтая лічба істотна адрозьніваецца ад афіцыйных дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя і МАГАТЭ (згодна зь якімі пры аварыі загінулі 56 чалавек, а ад наступстваў выбуху памерлі 4 тысячы).
Іншыя лічбы — вышэйшыя, чым даюць аанаўскія структуры, аднак нашмат сьціплейшыя, чым падае новая кніга — называюць прадстаўнікі Міжнароднага агенцтва вывучэньня раку (згодна зь іхнім прагнозам, агульная колькасьць ахвяраў аварыі мае скласьці 16 тысячаў чалавек), Расейскай акадэміі навук (200 тысяч памерлых, у тым ліку 60 тысяч расейцаў, астатнія — беларусы і ўкраінцы), Беларускай акадэміі навук (93 тысячы памерлых, 270 тысяч выпадкаў захворваньня на рак).
Адсутнасьць адзінай пазыцыі экспэрты тлумачаць бессыстэмнасьцю падлікаў чарнобыльскіх ахвяраў, стратай дадзеных падчас развалу СССР, а таксама тым, што профільныя структуры дагэтуль бяруць пад увагу выключна публікацыі ў абмежаванай колькасьці англамоўных навуковых выданьняў.
Працуючы над кнігай, Аляксей Яблакаў, Васіль і Аляксей Несьцярэнкі разгледзелі больш за 5000 артыкулаў і дасьледаваньняў, напісаных пераважна на расейскай, беларускай і ангельскай мовах.
Аўтары пішуць: "20 гадоў пасьля Чарнобылю даказалі, што ядзерная энэргетыка тоіць у сабе большую небясьпеку, чым ядзерная зброя. Выкіды ад аднаго чарнобыльскага рэактара перавысілі ў 100 разоў радыеактыўнае забруджваньне ў выніку бамбаваньня Хірасімы і Нагасакі".
"Ніводзін грамадзянін ніводнай краіны ня можа быць упэўнены ў тым, што яго не напаткае радыеактыўнае забруджваньне. Усяго толькі адзін ядзерны рэактар здатны заразіць палову зямнога шару. Чарнобыльская радыяцыя пакрывае ўсё Паўночнае паўшар'е", — сьцьвярджаюць Несьцярэнкі і Яблакаў.
З гэтай высновай згодная і амэрыканская лекарка, д-р мэдыцыны Джанэт Шэрман, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы кнігі:
"Сёньня, у 24-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, мы разумеем, што наступствы нашмат горшыя, чым меркавалі многія навукоўцы”, — лічыць Джанэт Шэрман.
Абапіраючыся на шырокія зьвесткі, аўтары ацэньваюць, што колькасьць “чарнобыльскіх” сьмерцяў у пэрыяд ад 1986 да 2004 году ва ўсім сьвеце склала 985 000, прычым з кожным годам яна няспынна расла.
Адначасна з кожным годам, асабліва ў Беларусі і ва Ўкраіне, падала доля здаровых дзяцей.
У кнізе прыводзяцца выпадкі росту мэдычных захворваньняў, зьвязаных з радыеактыўным апраменьваньнем.
Таксама аддаецца вялікая ўвага тым наступствам, якія пасьля выбуху на ЧАЭС напаткалі навакольнае асяродзьдзе, розныя віды жывёлінаў і расьлін.