Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прапанавала стварыць адзіны падручнік гісторыі СНД


Мінадукацыі Беларусі мае намер унесьці прапанову аб стварэньні адзінага падручніка гісторыі краін СНД падчас першага зьезду настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін Садружнасьці.

Як падае БелаПАН, пра гэта паведаміў 26 красавіка на прэс-канфэрэнцыі ў Астане (Казахстан) намесьнік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно.

Фарыно зазначыў, што ў сучасных падручніках па гісторыі краін Садружнасьці існуюць разыходжаньні па палітычных, ідэалягічных, эканамічных і кіраўніцкіх пытаньнях. На яго думку, над стварэньнем адзінага падручніка павінен працаваць вялікі аўтарскі калектыў, у які будуць уваходзіць гісторыкі і палітыкі з краін СНД. Намесьнік міністра адукацыі Беларусі мяркуе, што спачатку павінен быць створаны падручнік для вучняў 10—11-х клясаў. Пасьля яго апрабацыі ў старэйшых клясах можа быць распрацаваны такі падручнік і для 5—9-х клясаў.

У сваю чаргу намесьнік міністра адукацыі і навукі Расіі Ісак Каліна мяркуе, што найперш павінен быць створаны адзіны навучальны дапаможнік па гісторыі краін СНД для настаўнікаў. "Я быў бы рады, калі б зьявіўся агульны падручнік гісторыі краін Садружнасьці, але я хутчэй веру ў агульную кнігу для настаўніка", — сказаў Каліна журналістам. На яго думку, агульныя для краін СНД падручнікі для школьнікаў павінны быць хутчэй па матэматыцы, фізыцы і хіміі.

Першы зьезд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД у Астане пачаў працаваць 26 красавіка. У мерапрыемстве бяруць удзел больш як 500 прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі, навуковай супольнасьці і экспэртаў у сфэры адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG