Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Галасуем, бо можам не дажыць да 25-га…”


Сёньня ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне на мясцовых выбарах. Яно будзе цягнуцца да 24 красавіка ўключна. Прычым упершыню галасаваць можна, ня маючы з сабой пашпарту.

Журналісты «Свабоды» ў рэгіёнах непасрэдна назіралі за сытуацыяй на выбарчых участках.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Сябры камісіі чыталі газэты

Ці актыўна галасавалі выбарцы ў першы дзень датэрміновага галасаваньня ў Магілёве, ці ёсьць нараканьні да ўчастковых камісіяў у кандыдатаў на дэпутацтва, высьвятляў наш карэспандэнт Андрэй Белагубаў. Ён сёньня наведаў выбарчы ўчастак у сярэдняй школе № 33 Магілёва.

На 12 гадзіну актыўнага галасаваньня на ўчастку № 52 не было. Сябры камісіі чыталі газэты. У невялікім пакоі парадак пільнаваў маёр міліцыі. У куце ціха сядзелі двое дзяўчат — назіральнікі. Старшыня ўчастковай камісіі, ён жа й дырэктар школы, праводзіў настаўніцкую нараду ў сваім службовым кабінэце. Паводле яго, усё для датэрміновага галасаваньня падрыхтавана.

«Я зараз не магу ў цэлым сказаць, колькі на дванаццаць гадзінаў прагаласавала. Ну, чалавек 2-3, можа, і прагаласавала. Аднак у цэлым па тых папярэдніх кампаніях галасавала датэрмінова па 400-500 чалавек».

«Ужо каля дзясятка прагаласавала», — папраўляе старшыню камісіі сакратарка.

Кандыдат-дэмакрат скардзіцца на недасьведчанасьць камісіі

У школьным фае выстаўленыя агітацыйныя матэрыялы шасьці прэтэндэнтаў на дэпутацкія месцы. У вочы адразу кідаецца каляровы плякат актывіста незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу Сяргея Гвая.

«Скажу шчыра: нараканьняў няма. Як такіх назіральнікаў у мяне няма. Назіральнікі — гэта мае давераныя асобы. Не хапае людзкога рэсурсу — чэсна кажу й шчыра», — зазначае Сяргей Гвай.

У адрозьненьне ад лібэрала Гвая ў прадстаўніка рабочай клясы, апазыцыянэра, актывіста незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксея Паўлоўскага нараканьні да камісіі ёсьць:

Аляксей Паўлоўскі
«Стэнды не падрыхтавалі. Не даюць разьмяшчаць інфармацыю. Там у іх на ўчастках дзьве розныя акругі. Няясна, што да чаго адносіцца. Самі чальцы камісіі ня ведаюць. Няма апісаньня акругаў. Маіх назіральнікаў там няма. Там на гэтыя ўчасткі БРСМаўцаў адправілі. Ясна, што яны нічога назіраць ня будуць. Будуць сядзець, як мышаняты пад венікам».

Звычайныя адгаворкі выбарцаў: «У дзень галасаваньня паеду працаваць на лецішча»

Давялося пагутарыць і з даверанымі асобамі кандыдата на дэпутацтва ў гарсавеце Аляксандра Ногціча. Ён — першы намесьнік дырэктара заводу «Электрарухавік», канкурэнт Паўлоўскага. Ці ёсьць у іх прэтэнзіі?

«Ды ўсё нармальна. Усё добра. Гэта не адзіны ў нас участак. Усяго тры, дзе балятуецца наш кандыдат у дэпутаты. І там усё добра», — зазначае адна з давераных асобаў прамыслоўца.

Чакаць каля школы тых выбарцаў, якія аддалі свае галасы ў першы дзень датэрміновага галасаваньня, давялося каля гадзіны. Пашанцавала. Дзьве кабеты прызналіся, што ўжо прагаласавалі:

Спадарыня: «Мяне дваццаць пятага тут ня будзе. Да бацькоў паеду».

Спадарыня: «На дачу паедзем. Цяпер самая праца пачынаецца на полі».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Улёткі праўладных кандыдатаў — навідавоку, а альтэрнатыўнага ім — унізе, у куточку

Аляксандра Васілевіч на ўчастку для галасаваньня.
Сёньня наш гарадзенскі карэспандэнт наведаў два выбарчыя ўчасткі з кандыдатам у абласны і гарадзкі саветы Аляксандрай Васілевіч. Яна — вылучэнка Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Карэспандэнт: «Мы з Аляксандрай Васілевіч наведалі 123-ці ўчастак. Ён — у інтэрнаце вытворчага аб’яднаньня „Азоту“. Таксама зайшлі насупраць у іншы інтэрнат гэтага ж прадпрыемства».

Васілевіч: «Першае ўражаньне-партрэты кандыдатаў ад улады вісяць на вітрыне, тут жа і іх праграмы. Мой жа плякат вісіць унутры памяшканьня недзе ўнізе, у куточку. Нельга сказаць, што гэта відавочнае парушэньне маіх правоў як кандыдата, але нераўнапраўе відно».

Карэспандэнт: «За тры з паловай гадзіны прагаласавалі датэрмінова ўсяго пяць чалавек...»

Васілевіч: «Відаць, што гэта вынік так званай лібэралізацыі. Яшчэ пакуль невялікі ціск на выбарцаў. Як сказаў сябра тутэйшай камісіі, можна было б два дні пакінуць для датэрміновага галасаваньня, і гэтага было б цалкам дастаткова».

Дарэчы, у Горадні сёньня стала вядома, што ад удзелу ў выбарах адмовіліся два кандыдаты ад партыі БНФ — Мікола Лемяноўскі і Сяргей Антусевіч, якія балятаваліся ў гарадзкі савет.

Камісія бавіла час, назіраючы па тэлевізіі за выступам Лукашэнкі ў «палатцы»

На ўчастку № 12 у Горадні, які месьціцца ў каледжы бытавога абслугоўваньня, сябры камісіі бавілі час, назіраючы па тэлевізіі выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Палаце прадстаўнікоў.

Гутару са старшынёй камісіі Ларысай Хацько.

Хацько: «У нас тут безальтэрнатыўныя выбары. Кандыдаты ў нас маладыя, сымпатычныя, вартыя...»

Толькі што прагаласаваў спадар сярэдняга веку, цікаўлюся — чаму галасуе датэрмінова?

Спадар: «Таму што ў нядзелю, магчыма, буду працаваць».

Карэспандэнт: «А вас не засмучае тое, што вы галасуеце за безальтэрнатыўных кандыдатаў?»

Спадар: «Мяне гэта абсалютна не засмучае».

Карэспандэнт: «Вам усё роўна?..»

Спадар: «Не, ня ўсё роўна, але колькі будзе — за тых і прагаласуем».

Карэспандэнт: «А вы сустракаліся з кандыдатамі?»

Спадар: «Не, не сустракаўся, але чытаў інфармацыю».

Карэспандэнт: «А цяперашняга дэпутата ведаеце?»

Спадар: «Цяперашняга? Прозьвішча ня памятаю...»

На ўчастку № 67 прагаласавала маладая дзяўчына, як высьветлілася — першы раз, а таму прыйшла зь сяброўкай. Пытаюся — чаму галасавала датэрмінова?

Дзяўчына: «Таму што на выходныя еду дахаты, я не тутэйшая».

Карэспандэнт: «І далёка вам ехаць?»

Дзяўчына: «Хвілінаў сорак, у Шчучын».

Пытаюся ў яе сяброўкі: чаму ж не галасавала датэрмінова?

Дзяўчына: «Мы прагаласуем сям’ёй па месцы жыхарства і ў дзень выбараў, нам так зручней, і жывём мы ў горадзе».

Як пачалося датэрміновае галасаваньне ў Бераставіцкім раёне, паведаміў «Свабодзе» Алег Рамашкевіч, які балятуецца ад БСДП (Грамада) у абласны савет:

Рамашкевіч: «Сядзелі тры пэнсіянэркі перад уваходам у залю для галасаваньня, і я запытаўся — што вас прывяло так рана галасаваць? А яны мне: «А можа, мы не дажывём да 25 красавіка...»

“На датэрміновым галасаваньні можна сфальшаваць вынікі выбараў”

«На датэрміновым галасаваньні можна сфальшаваць вынікі выбараў»
«Чаму, на вашу думку, улада ня хоча адмяняць масавае датэрміновае галасаваньне?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

Спадар: «Улады зацікаўленыя ў дадатковым галасаваньні, таму што гэта дадатковая магчымасьць для фальшаваньня».

Спадар: «Гэтага я ня ведаю, я гэтага не скажу. Мне ўжо восемдзесят гадоў — мне й так добра, і гэтак добра».

Спадар: «Датэрміновае галасаваньне — гэта яшчэ адна магчымасьць маніпуляваць вынікамі выбараў».

Спадарыня: «Я ня думала пра гэта, ня думала».

Спадар: «Усё робіцца дзеля людзей, дзеля народу — каму як зручна. Ня будзе магчымасьці 25-га прагаласаваць — я сёньня прагаласую. Гэта ж добра! Гэта больш зручна для людзей».

Спадар: «Датэрміновае галасаваньне выгадна ўладзе зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, яна мае магчымасьць цягам 5 дзён рэгуляваць яўку выбарцаў. Ну й другое: улада мае магчымасьць у гэты час уплываць, у тым ліку й на вынікі выбараў».

Спадар: «У іх свая кухня. Улады хочуць павялічыць яўку выбарцаў за кошт датэрміновага галасаваньня. Паказаць, што наш народ не абыякавы, а ходзіць, галасуе, удзельнічае актыўна».

Спадар: «Таму й не адмяняюць, што яно датэрміновае й масавае. У гэты час робіцца яўка выбарцаў на ўчасткі, калі адміністрацыя прадпрыемстваў, установаў заганяе людзей на выбары. А потым ужо вядуцца маніпуляцыі з гэтымі галасамі».

Спадар: «Адкуль я ведаю? Спытайцеся ва ўлады! Я — ня ўлада».

Спадар: «Ім патрэбна неяк фальшаваць вынікі выбараў, каб было ня бачна. Таму й не адмяняюць».

Спадарыня: «Я б адмяніла! Выгадна, напэўна. А чаму — ня ведаю».

Спадарыня: «Ім, я думаю, някепска: яны на працы, грошы атрымліваюць».

Спадарыня: «Датэрміновае масавае галасаваньне ўведзена дзеля фальшаваньняў. Улады ня будуць гэта адмяняць. На гэтым датэрміновым галасаваньні можна сфальшаваць усе вынікі выбараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG