Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт "Чарнобыльскага шляху" абвясьціў кампанію "У абарону жыцьця"


Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч
Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч

Актывісты шэрагу палітычных партый і грамадзкіх арганізацый стварылі аргкамітэт дзеля правядзеньня "Чарнобыльскага шляху". На адмысловай прэсавай канфэрэнцыі яны заявілі, што маюць намер надаць "Чарнобыльскаму шляху" фармат жалобнай акцыі.

Аргкамітэт таксама заявіў, што падчас "Чарнобыльскага шляху" будзе створаны грамадзкі камітэт "У абарону жыцьця".

У склад аргкамітэту "Чарнобыльскага шляху" ўвайшлі ліквідатар-чарнобылец Аляксандар Ваўчанін, мастак Аляксей Марачкін, лідэр руху салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык, а таксама многія іншыя вядомыя асобы. Неабходнасьць правядзеньня традыцыйнай акцыі патлумачыў старшыня БСДП (Народная Грамада) Мікола Статкевіч:
Лукашэнка быў шчасьлівы. Бо няма "Чарнобыльскага шляху", ніхто публічна тэму не падымае — значыць, і няма праблемы ...

"Традыцыйны заяўнік "Чарнобыльскага шляху" — партыя БНФ — адмовілася яго праводзіць. У выніку, я думаю, спадар Лукашэнка быў шчасьлівы. Бо няма "Чарнобыльскага шляху", ніхто публічна тэму не падымае — значыць, і няма праблемы. Другая прычына: "Чарнобыльскі шлях" — публічная праява нязгоды з курсам сёньняшняй улады. І трэцяя прычына — 25 красавіка ніхто зь незалежных кандыдатаў у мясцовыя саветы абраны ня будзе. І таму трэба даць магчымасьць гэтым незалежным кандыдатам публічна паведаміць пра тое, што адбывалася".

Чальцы аргкамітэту таксама заявілі пра пачатак кампаніі "У абарону жыцьця". Аргкамітэт гэтай агульнанацыянальнай кампаніі будзе створаны падчас "Чарнобыльскага шляху", паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, актывіст у стварэньні партыі БХД Віталь Рымашэўскі:

"Мэта правядзеньня "Чарнобыльскага шляху" — перадусім гэта стварэньне грамадзкага аргкамітэту "Ў абарону жыцьця". Ён будзе адкрыты і галоўнай задачай будзе мець спыненьне працэсу выміраньня беларускай нацыі".

Як паведамілі сябры аргкамітэту, падчас "Чарнобыльскага шляху" яны распачнуць збор подпісаў пад пэўнымі патрабаваньнямі да ўладаў Беларусі. Задачы грамадзянскай кампаніі "Ў абарону жыцьця" тлумачыць акадэмік Іван Нікітчанка:

Іван Нікітчанка і Аляксандар Ваўчанін
"Нам абараняцца трэба абавязкова, я ня бачу іншага выйсьця, бо ў краіне з нарастаньнем ідзе выміраньне насельніцтва: нараджаецца 8 чалавек, а памірае 14—16. Неабходна вярнуць адчуваньне вастрыні праблемы, як гэта было напрыканцы 80-х гадоў. Будзе гэтая напружанасьць — будзе спадзяваньне на выратаваньне. Калі не, то нічога ня будзе".

Арганізатары "Чарнобыльскага шляху" заявілі правядзеньне акцыі па маршруце: Акадэмія навук — Кастрычніцкая плошча. Але калі ўлады скіруюць удзельнікаў шэсьця да Чарнобыльскай капліцы, то арганізатары будуць трымацца гэтага маршруту. Таксама сёлетняй акцыі будзе вернуты фармат жалобнага шэсьця, падкрэсьліў адзін з заяўнікаў, лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч:

"На жаль, некалькі апошніх гадоў мы назіраем, што людзі прыходзяць нібыта на нейкае сьвята, не задумваючыся пра тое, што гэта за трагедыя для нашага народу. І тыя людзі, якія паспрабуюць выйсьці і сёлета, каб прадэманстраваць сваю сэксуальную арыентацыю альбо анархісцкія погляды і барабаны, мы адразу папярэджваем, што будзем расцэньваць гэта як правакацыю. Няхай яны для гэтага выбіраюць іншы час і іншае месца".

"Чарнобыльскі шлях"-2010 распачнецца а 18 гадзіне 26 красавіка на пляцы каля Нацыянальнай Акадэміі навук у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG