Спадарыня: “Канечне мы як славяне павінны былі падтрымаць Польшчу, аднак рашэньне прэзыдэнта, ёсьць рашэньне прэзыдэнта, што мы можам зрабіць. Кожны чалавек шкадуе, што адбылося й у душы ў яго жалоба”.
Малады спадар: “Адносіны ў палітыкаў з вышэйшых чыноў ня дужа дружалюбныя да Польшчы. Трэба было адразу абвясьціць дзень смутку. Калі такая трагедыя надарылася, то неабходна падтрымаць і Польшчу й народ Польшчы, а ня так, што гулянкі, гулянкі”.
Спадарыня: “Чыста па чалавечы трэба было паспачуваць, але Ён нейкія свае амбіцыя выпрабоўвае, крыўды мае. Дзіцячы сад карацей. Ну хто Ён, ну прэзыдэнт”.
Спадарыня сталага веку: “Хата з краю нічога ня знаю. Гэта не нармальная пазыцыя. На гора трэба адгукацца”.
Спадар: “Я нават ня ў курсе чаго так кіраўніцтва нашае паступае. Ёсьць жа там нейкае кіраўніцтва, якое ўсё гэта вырашае. Ну а хто? Ня простыя ж людзі. На рэфэрэндум гэта не выносілі”.
Спадарыня: “Нашаму прэзыдэнту відней. Але я ня думаю, што мы так чэрства да гэтага паставіліся. Не канечне. Мы са сьлязьмі на вачах усё гэта глядзелі й дагэтуль гэтае гора разам з намі”.
Спадар: “Гэта ж ня ў нас здарылася. Гэта пазыцыя ў прынцыпе не нармальная. Што хочуць, то й робяць. Лукашэнкі. Надакучала ўжо”.
Малады спадар: “Гэта не нармальна, што незаўважаная такая трагедыя. Беларусь так проста да гэтага так паставілася, можна сказаць, што нават забыла. Ёсьць міністры, прэзыдэнт, якія павінны абмяркоўваць гэтыя пытаньні й захады рабіць. І Беларусь павінна была рабіць жалобны дзень”.
Маладая спадарыня: “Беларусь таксама павінна была абвесьціць Дзень жалобы, бо гэта ж такая трагедыя. Яе абвясьцілі ўва Францыі, Вялікай Брытаніі, а ў Беларусі, якая недалёка знаходзіцца…”
Юнак: “Можа быць гэта неяк абгрунтавана нечым, ня нам пра гэта судзіць. Якіясьці нашыя вышэйшыя органы, улада прымаюць такія рашэньні. Гэта ня правільна. Нашыя землі доўгі час хаўрусавалі. Трэба людзям цяпер паспачуваць”.
Юначка: “Чаму? Я ня ведаю. Можна было й абвясьціць. Хаця прэзыдэнт выказваў свае спачуваньні некалькі разоў -- я чула”.
Спадар: “Я мяркую, што гэта зьвязана з дробязнасьцю нашага прэзыдэнта. Я ня ведаю, чаго нашае кіраўніцтва не смуткуе, народ смуткуе, а кіраўніцтва не смуткуе”.