Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў месным склоне



…Што гаворыць жытні колас,

I аб чым шуміць ячмень,

I чаго сьпявае ўголас

Мушка, конік, авадзень…


Я. Колас


Канстанцін Чарнец
Сёньня, мусіць, варта сказаць пра галоўнае. То бок, пра галоўных — пра мясцовых выбарнікаў мясцовых дэпутатаў у адпаведныя саветы. Яны, выбарнікі, галоўныя — тыя, дзеля каго нібыта гэта ўсё дзеецца — сталі камунікаваць, перакідвацца жартамі пра негалоўнае, т.б. пра тых, за каго ім прапаноўваюць аддаць голас. Ня здольнасьць да членападзельнага маўленьня, ня нават сьмех, як той Тым Талер, а ўсяго толькі маленькую намаляваную «птушачку». Але гэтую птушачку чамусьці шкада. Выбарнікі зьлёгку раздражнёныя, схільныя да зьедлівасьці. Верагодна, гэта таму, што больш прыкметнаю стала навочная агітацыя і балюча заныла ў душы адчуваньне грамадзянскага абавязку, які чамусьці не жадаецца выконваць.

Ходзіць па вуліцах беларускі чалавек сур’ёзна, амаль злосна й без заспакаяльнага піва ў руцэ. А на яго з-за кожнага рога, нібы з чырвонай анучай на быка:


Мяне аднаго прыводзяць у шаленства абвесткі аб мясцовых выбарах 25 красавіка? Вялікія белыя літары на крыкліва чырвоным фоне ў самых недарэчных месцах.


Далібог, за любую дыктатуру прагаласую, толькі б іх прыбралі, бо нефіг вясновы настрой псаваць.


«Але грамадзянінам быць абавязаны!» — быццам тыкае ў твар нябачным пальцам кожны перадвыбарны плякат, кожная ўлётка. А грамадзянін адмахваецца: «Цур мяне! Я міма йшоў!» Кандыдаты — гэта людзі, можна сказаць, тагасьветныя. Вее ад іх чымсьці непрыемна-сакральным: ці то ладанам, ці то серай.


Некаторыя дасьціпныя знаходкі перадвыбарнай агітацыі могуць зрынуць выбарнікаў у зьдзіўленьне, але не заўсёды гэтае зьдзіўленьне на карысьць кандыдатам. Людзі, вядома, заўважаюць, напрыклад, вылучэнцаў з прозьвішчамі Красата, Чыстата і г.д. А вось ці прагаласуюць за іх — такіх чыстых і прыгожых?


На пад’езьдзе павесілі рэкляму кандыдата ў дэпутаты. Вачам не паверыла! Па вуліцы Русіянава балятуецца Русіянаў! Сам????… Сьвят-сьвят-сьвят…


узмалілася насельніца Ўручча. Відаць, сад валуноў адпусьціў непрыкаяную душу. І доўга яшчэ шматлікім такім душам прыйдзецца лунаць паміж небам і зямлёй, бо яны, як сказаў у іншых варунках адмірал дэ Пан, «нічому не навучыліся й нічога не забыліся». Занадта абцяжараныя старымі штампамі, каб узьняцца да зэніту. Занадта няўрымсьлівыя, каб хадзіць па зямлі сярод простых сьмяротных. Якія адчуваюць гэта і гыркаюць:


Шпацыруючы па горадзе, я дзеля цікаўнасьці падыходзіў да стэндаў з агітматэрыяламі… у кандыдатаў няма праграмы! у ніводнага!!! я, дарэчы, не зразумеў, навошта яны ідуць у дэпутаты мясцовых саветаў… ім хоць кабінэт вылучаюць у якім-небудзь ЖЭСе??? я разумею, калі людзі лезуць ва ўладу, але ў іх няма ўлады… навошта яны наагул патрэбныя… толькі грошы на выбары марнуюць…


— спрабуе разгадаць таямніцу прыцягальнасьці мясцовых саветаў kennymertv. Наступныя разважаньні яшчэ больш укараняюць зьдзіўленьне й раздражненьне ў сэрцы блогера.


і яшчэ трохі… асноўная маса абяцае капрамонты школаў, дзіцячых садкоў, двароў, дарог… цікава, гэта яны самі за свой рахунак будуць рамантаваць? бо грошай ім не дадуць… <…>


яшчэ яны любяць клапаціцца аб старых… пра годную пэнсію сьпяваюць… ха-ха-ха… або яны бюджэт прымаюць?


ну і яшчэ. хто пойдзе на выбары 25-га красавіка… ня дзеля гарэлкі ў сталоўцы, а дзеля выбараў???


Тут маем падвойнае зьдзіўленьне. Блогер гатовы зразумець, што палітычныя актывісты маглі б вылучацца ў дэпутаты дзеля сумленнай эгаістычнай зацікаўленасьці, бо ні рамонты, ні пэнсіі, ніякія іншыя сур’ёзныя паляпшэньні не ў іх распараджэньні. Аднак жа й сабе — нічога! Або ўсё-ткі?.. Зараз, увесну, асабліва шмат моладзі пацягнулася да дэпутацкіх мандатаў. Мабыць, сэнс усяго — прыгода? Дзейнічаць, рабіць «з кімсьці дзесьці штосьці»! Думка аб тым, што ўсякая справа, якая робіцца паўтаемна, з дапамогай групы сяброў, з абяцаньнем шырокага эфэкту — гэта ўдзел у мясцовых выбарах, — асела шмат у каго на донцы падсьвядомасьці.


monodevochka вывесіла інтрыгуючы запіс наступнага зьместу:


так хацелася адцягнуцца, што прыцягнула да сабе занятак.


заўтра з самой раніцы ў мяне вызначаецца вельмі цікавы досьвед. нечаканае ўліваньне ў новую ў нейкім пляне для мяне сфэру. ніколі раней такога не было, і што з гэтага будзе, ня ведаю. хоць потым пазнае шмат хто)))))


упэўненая, што здолею, хоць пакуль ня ведаю як. буду рабіць усё, што ад мяне залежыць.


калі ўсё скончыцца, я асабіста аддзячу таму, хто ўсё гэта арганізаваў:)


Як бы вы зрэагавалі? А вось адзін з камэнтатараў пачуў нешта знаёмае, для ўсіх дакучлівае ў словах «арганізаваў»:


няўжо выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў…


Нешта ў нашым вясновым паветры дзіўнае. Не занадта новае, не занадта трывожнае. А шкада. Вельмі хочацца вострых адчуваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG