Цыганкоў: Ці патрэбны сёньня мэліярацыя для ўзьняцьця сельскай гаспадаркі, для узьняцьця тых рэгіёнаў, дзе яна праводзіцца? Можа, варта ўлічваць ня толькі эканамічныя, але і экалягічныя чыньнікі?
Гуляеў: Я ня маю нічога супраць такой зьявы як мэліярацыя. Але я супраць такой зьявы як "дзяржаўная праграма". Бо на памяці майго пакаленьня ўжо была дзяржаўная праграма мэліярацыі Беларусі. Былі створаны адпаведныя вытворчыя магутнасьці, нават газэты – "Звязда на мэліярацыі Беларусі", і гэтак далей. А калі ёсьць структуры, то яны ўвесь час патрабуюць аб'ёмаў, новых грошай, рэсурсаў. І нават калі патрэбныя рэсурсы ўжо засвоеныя, усё роўна ніхто не спыняецца, ідуць далей – бо ёсьць людзі, рэсурсы, пасады.
Ёсьць добрая фармулёўка – разумны чалавек адрозьніваецца ад дурня тым, што ў яго ёсьць пачуцьцё меры. Дык вось, калі ствараецца дзяржаўная праграма мэліярацыі, то ўсялякае пачуцьцё меры губляецца. У 70-я гады была ўжо праграма мэліярацыі Палесься. У яе выніку мы атрымалі, што прырода Палесься была вынішчаная, і па тых месцах гулялі тарфяныя буры.
Цыганкоў: Лукашэнка таксама заявіў, што сёлета экспарт беларускай прадукцыі мусіць класьці 3 мільярды даляраў. "Неўзабаве мы мусім выйсьці на 6-7 мільярдаў, а потым і на 10 мільярдаў", – заявіў беларускі кіраўнік. Наколькі рэальныя такія намеры, улічваючы, што сельскагаспадарчая вытворчасьць у Беларусі вельмі моцна датуецца дзяржавай?
Гуляеў: Датацыі – гэта не выключная зьява, такое існуе амаль ва ўсім сьвеце. Летась мне давялося зьезьдзіць у Расею, у невялічкі пасёлак пад Валгаградам. Мы пахадзілі па крамах і пераканаліся, што ўсе асноўныя прадукты, якія мы хочам экспартаваць (мясныя, малочныя) там таньней, чым у нас.
А ў нашых беларускіх крамах пачак мукі з Алтаю каштуе амаль на тысячу рублёў менш, чым пачак лідзкай мукі. Дык якім чынам мы можам нарошчваць аб'ёмы экспарту гэтай прадукцыі, калі гэтая прадукцыя ў нас больш дарагая чым у Расеі?