Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: сцэнары, імправізацыі


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец

У драме змагаюцца, таму што маюць надзею выблытацца зь бяды. Гэта невысакародна, залішне ўтылітарна. У трагедыі барацьба вядзецца бескарысьліва. Гэта для цароў. У рэшце рэшт, разьлічваць жа няма на што!


Ж. Ануй. Антыгона


Беларусь — магчыма, апошняя постсавецкая краіна, дзе Палітычнае яшчэ ня страціла свайго драматычнага, экзыстэнцыяльнага зачараваньня для інтэлігентнай публікі. Яно ня стала справай пераважна сухасардэчных прафэсіяналаў — яно вабіць, нібы амаль ядкі плод з амаль празрыстай лупінай. О, беларускі інтэлігент! — ці можна яго лічыць такім, калі яго душа счарсьцьвела для агульнанацыянальных хваляваньняў, а позірк зьвярнуўся да мітусьлівых штодзённых спраў?! Імглістая палітычная прастора бударажыць незразумелыя надзеі, выклікае высокамастацкую роспач — моцныя, шырока разгорнутыя пачуцьці, якія былі звычнейшыя ў канцы перабудоўнай эпохі, чым у наступныя прагматычныя часы.


Можа, гэтая вечна-юная, вечназялёная сьвежасьць надзеяў злучана са сталым жаданьнем імправізаваць без вывучэньня сцэнара і паўтору роляў, на што наракае worvik у сваім паведамленьні «Бледнатварыя і граблі», падсумоўваючы пятнаццацігадовы досьвед апазыцыйнай барацьбы:


Мы 15 гадоў страцілі. Нічога ня зроблена па ніводным з гэтых аспэктаў. Кожныя выбары пачынаюцца так, як быццам бы не было папярэдніх.


Я ўжо не прапаную штосьці рабіць.


Worvik наракае і прапануе 11 сцэнараў электаральных тэхналёгій, пачынаючы з «Выбараў і выбарнікаў», сканчаючы «Выбарамі й мас-мэдыя». Адказаўшы на правакацыйна-рэвалюцыйнае пытаньне «што рабіць?» скрушным хітаньнем галавы, аўтар усё ж пакідае некаторую надзею:


Шмат чаго ня трэба. Нават калі ўсё, чаго ня трэба рабіць, будзе рабіцца добра і правільна. Усё адно ня трэба гэтага рабіць. Але ў чалавека заўсёды застаецца магчымасьць разумець і думаць. Можа, ужо пара штосьці разумець? І пачынаць хоць бы думаць!


Добры сцэнар прыемна чытаць разумнаму чалавеку. Усё зразумець, нават усё абдумаць. Але калі празь меру зацягнуць час абдумваньня, яго вынікі, магчыма, будуць выглядаць так, як гэта сьцісла адлюстраваў liashkou_a у допісе з вычарпальнай назвай «Выбарчая пустка»:


Амаль два тыдні агітацыйнай кампаніі па выбарах мясцовых Саветаў мінулі амаль незаўважна. У Гомлі вызначаныя для агітацыі мейсцы па-ранейшаму зеўраюць белым прадоньнем абыякавасьці.



Вось так выглядае агітацыя па-гомельску ў цэнтры горада.


Іншы раз шлях па граблях больш выйгрышны. Хоць ён, вядома, траўматычны. Затое імгненная імправізацыя выклікае й імгненны водгук. На навіну пра эмацыйную радыёпрамову Канстанціна Жукоўскага ўдзельнікі адпаведнага форуму TUT.BY прарэагавалі палярна процілеглымі выказваньнямі, але стварылі атмасфэру ажыўленай дыскусіі, а значыць, гук сутыкненьня ілба з граблямі — званчэйшы за воплеск адной далоньню.


— «У палітыку — хрысьціянскія каштоўнасьці! Ва ўладу — прадстаўнікоў народу!» Вось гэта загнуў. А ў нас цяпер якія каштоўнасьці? Чыста біблейская сыстэма кіраваньня, з часоў Ісуса Навіна нічога не зьмянілася.


— Згодзен на 100%, бо ён рэальна сказаў праўду, і за гэта пры нашай «дэмакратыі» нічога ня будзе. ні працы, ні хлеба, ні нават паўчалавечага жыцьця...


— 16 гадоў назад адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты казаў тое ж самае і слова ў слова. І вось ужо 16 гадоў ён ложыць «канец усёўладзьдзю карумпаванай бюракратыі». А які «канец» — гэта ўжо іншае пытаньне.


— Штосьці мне падказвае, што яго можа хутка ня стаць на палітычнай арэне...


А гадка п/з 2 яго пасадзяць за эканамічнае злачынства... (былі ўжо такія сьмельчакі, сканчалі трохі няўдала)


З такой спагаднай публікай прыемна працаваць! Пяціхвілінны кандыдацкі выступ Жукоўскага зрабіўся паўнавартасным здабыткам масаў дзякуючы інтэрнэту, хоць і прагучаў па радыё. Але ня так абдзелена ўвагай і гэтая традыцыйная крыніца інфармацыі. Скажам, zaklin11 у зацішным Слуцку перажыла гаму драматычных пачуцьцяў (родам з далёкага дысыдэнцкага мінулага) ад начнога праслухоўваньня «варожых галасоў». Панарама палітычных драмаў і электаральных трагедыяў натхніла яе на эпічныя абагульненьні:


Вось якая штука атрымоўваецца: дзе-нідзе ў Беларусі аказваецца кіпіць жыцьцё!!! Ды ня проста кіпіць. Недзе грамадзкага актывіста зьбілі міліцыянты ці людзі ў цывільным, у кагосьці робяць ператрусы, па начах на самых бачных месцах зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцягі... Вось у маленькім гарадку Бяроза кадэбісты схапілі чалавека за тое, што ён лезе ў дэпутаты. У Мастах выклікалі на допыт ледзь не палову жыхароў гэтага мястэчка за тое, што яны сябравалі зь ненадзейным таварышам... У шэрагу гарадоў Беларусі ўлады ціснуць на кандыдатаў у дэпутаты. І як ціснуць! Моцна і безапэляцыйна, маўляў, ці ты ня будзеш кандыдатам, ці хана табе! Як страшна жыць! Некалькі разоў здрыганулася — бедныя кандыдаты! Вось дзе адрэналін, вось дзе яскравае жыцьцё і подзьвіг кожны дзень!


Ня спала палову ночы — зайздросьціла.


Жыцьцё ня зводзіцца да антычнага тэатру фатуму. Абсурд, гратэск — таксама неабходныя жанры ў новым сэзоне. Што й меў задавальненьне назіраць vadim-i-z на вуліцах нашага звычайна вельмі стрыманага горада:




Пляцоўка ля ўваходу ў пераход станцыі мэтро «Трактарны завод».


У некалькіх намётах прадаюць штосьці страўнае.


Пасярод пляцоўкі пахаджае жахлівага выгляду Кот у ботах.


Трохі ззаду малады чалавек сьпявае жахлівай якасьці песьню з рэфрэнам «Дзьве сястры — Беларусь і Расія».


Мінакі спрабуюць зразумець, што адбываецца.


Поўны сюр.


Да велікоднага гуляньня альбо пропаведзі экзатычнай рэлігійнай традыцыі апісанае відовішча было мала падобна. Ежа, кот, інтэрнацыяналісцкія напевы — адназначных асацыяцыяў гэта не выклікае ні ў кога. Таму камэнтатары зрабілі адзіную праўдападобную выснову: «Падобныя міні-сцэнкі назіраюцца цяпер у шматлікіх месцах Менску. Ідзе агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты». «З такімі гарнітурамі абраць можна хіба што ката ў мяшку», — адгукнуўся аўтар допісу.


Заваяваць сымпатыі выбарнікаў з дапамогай падобнай вынаходлівай прапаганды могуць спадзявацца толькі тыя, чые душы дыстылявана-чыстыя, неразбэшчаныя і поўныя самых наіўных паліталягічных уяўленьняў. Мяркуючы па песьні, кандыдат панурага Ката ў ботах відавочна не апазыцыянэр. І выснова адгэтуль шмат для каго будзе суцяшальная: ніхто нічому не навучыўся за 15 гадоў, усе бакі імправізуюць з аднолькавай дзіцячай непасрэднасьцю. Ранішнік пачынаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG