Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы ходзяць на выбары?


Дадзеныя апошняга, сакавіцкага апытаньня НІСЭПД зьяўляюцца даволі важкім аргумэнтам у спрэчках у дэмакратычным асяродзьдзі, ці варта ўдзельнічаць у цяперашніх недэмакратычных выбарах.


У гэтых спрэчках выказваецца меркаваньне, што народу выбары нецікавыя, што нічога ад тых саветаў ён не чакае, і на выбары і сам ня пойдзе. Таму байкот, да якога заклікаюць некаторыя палітычныя сілы, стане як бы палітычнай формай стыхійных масавых паводзінаў. Ня будзем нават прыгадваць, што паводле новага выбарчага заканадаўства выбары адбудуцца, нават калі на іх прыйдзе адзін чалавек. Сапраўды, калі б народ масава не пайшоў на выбары, гэта было б палітычным землятрусам незалежна ад юрыдычных правілаў.

Але справа ў тым, што імплікацыя: ад саветаў нічога не чакаюць, значыць, на выбары ня пойдуць, хібная. Паводле сакавіцкага апытаньня 2010 за месяц да выбараў гатоўнасьць ісьці на іх выказалі 63% апытаных – амаль дзьве траціны. Дарэчы, прыкладна такую ж ступень гатоўнасьці ісьці галасаваць беларусы дэманстравалі паводле апытаньняў напярэдадні мінулых мясцовых выбараў – у 2003 і ў 2007 гадах. Пры гэтым і сапраўды ацэнкі ўплыву мясцовых саветаў на жыцьцё краіны досыць сьціплыя, толькі 14% апытаных ацанілі гэты ўплыў, як значны, толькі траціна апытаных хаця б проста ведае, хто зьяўляецца зараз дэпутатам мясцовага Савету ад іх акругі. Больш таго, спадзевы на мясцовыя Саветы людзі не ўскладаюць нават у прынцыпе: толькі чвэрць зь іх мяркуе, што іх паўнамоцтвы варта пашырыць, а амаль 60% лічаць гэта немэтазгодным.

І пры гэтым гатовы ісьці галасаваць? Вар’яцтва нейкае. Ну так, калі прыпісваць сваё разуменьне ўсім астатнім. А можа проста баяцца сказаць, што насамрэч ня пойдуць на выбары? Наагул кажучы, можа. Але нешта шмат бясстрашных герояў – 37%, якія не баяцца сказаць, што галасаваць ня пойдуць. Сказаць, што саветы ні на што ня ўплываюць, чамусьці не баяцца, дык чаму ж тады баяцца сказаць, што не зьбіраюцца ісьці галасаваць, калі сапраўды не зьбіраюцца?

Да таго ж лічбы вельмі добра стасуюцца з відавочнымі фактарамі, якія на іх уплываюць. Скажам, сярод старых доля гатовых ісьці галасаваць значна больш, чым сярод моладзі (хаця і сярод апошняй такіх нямала). Напрыклад, сярод тых, хто карыстаецца інтэрнэтам штодзень ці некалькі разоў на тыдзень, пра тое, што пойдуць на выбары, сказалі 45%, сярод тых, хто ўсясьветным павуціньнем не карыстаецца наагул ці нават ня ведае, што гэта такое, галасаваць зьбіраюцца тры чвэрці.

Застаецца, зразумела, пытаньне – чаму, чаму значная частка тых, хто нічога ад гэтых выбараў і гэтых саветаў не чакае, ўсё ж на выбары гатовы ісьці? Больш менш зразумела, ды і тое на першы погляд, са старымі. Хадзілі на іх ў савецкія часы дзесяцігодзьдзямі, калі яны былі наагул абсурднымі, чаму б і зараз не пайсьці, калі выбары ўсё ж менш абсурдныя, чым у гады іх маладосьці. Іншымі словамі, справа адно у вернасьці пустому рытуалу. Але варта ўдакладніць, ці настолькі ўжо ён для людзей пусты.
Мне падаецца, што даволі зьмястоўнае тлумачэньне прапанаваў у апошняй перадачы “Тыдзень з Радыё Свабода
калега Ян Максімюк: “Беручы ўдзел у выбарах, грамадзянін ня толькі выбірае ўладу (ці нібыта выбірае, як кажуць іншыя), але і засьведчвае сваю ляяльнасьць або, калі хочаце, сваю павагу да беларускай дзяржавы, якую неабавязкова трэба зьвязваць з рэжымам, што якраз гэтай дзяржавай кіруе”. Тут міжволі прыгадваецца вызначэньне са знакамітага артыкулу “Што такое нацыя?” Эрнста Рэнана “Нацыя... гэта ясна выказанае жаданьне працягваць супольнае жыцьцё, гэта (калі можна так выказацца) штодзённы плебісцыт”. Рэнан ужываў паняцьце плебісцыту фігуральна, але ўдзел у выбарах зьяўляецца і літаральнай супольнай дэманстрацыяй ляяльнасьці, прыналежнасьці чальцоў нацыі да яе як цэлага.

Гэта не азначае, зразумела, што тыя, хто не ідзе на выбары, асабліва на псэўдавыбары, “ў труне бачылі” беларускую дзяржаву. У іх іншыя спосабы дэманстрацыі таго, што Беларусь ім не абыякавая. Ну а ў кагосьці, магчыма, людзей, як сказана ў Пісаньні , “простых і някніжных” – свае, вось на выбары схадзіць. І для іх пусты бессэнсоўны рытуал мае даволі глыбокі сэнс, насамрэч слаба зьвязаны са свабодным абраньнем паўнамоцнай улады.

І нават калі яны заклікі да байкоту пачуюць (што зусім ня факт), і калі пагодзяцца, што выбары бяз выбараў (а то яны самі гэта ня ведаюць), то ні з чаго не вынікае, што яны да заклікаў не ісьці на выбары прыслухаюцца. Яны на выбары не для таго ходзяць, пра адсутнасьць чаго заяўляюць апазыцыйныя лідэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG