…Інтэлект пазнае рашэньні волі толькі a posteriori і па-эмпірычнаму, таму, калі яму трэба рабіць выбар, у яго няма дадзеных пра тое, якое рашэньне прыме воля.
А. Шапэнгаўэр. Сьвет як воля й уяўленьне
Пасьля конскай дозы Ліпковіча зусім незразумела, чым можна праняць заспакайнелых беларусаў. Вясновы авітаміноз і перавод часу — дрэнныя памагатыя палітычнага агітатара. Зараз цікавасьць да мясцовых выбараў спачывае летаргічным сном — каб хоць трошкі ўзбадзёрыць яе, патрэбныя асабліва магутныя танізавальныя сродкі. Вось, напрыклад, назіральны paulyuk зьвярнуў сваю і нашу ўвагу на тое, што нават на самым афіцыйным узроўні галоўная электаральная падзея вясны ладна прызабытая:
«Зь дзяржаўных рэсурсаў (акрамя сайта Цэнтравыбаркаму) толькі агенцтва БЕЛТА рэгулярна сочыць за выбарамі ў мясцовыя саветы (сёньня БЕЛТА правядзе онлайн з кіраўніцай Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай).
А вось на БТ выбары спыніліся 17 сакавіка. Пра заканчэньне 25 сакавіка рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты вырашылі не паведамляць…»
Ці то набралі паветра перад працяглай гаворкай, ці то зусім забыліся, як дыхаць. Хоць нават у падручніках па дзяржаўнай ідэалёгіі пішуць пра высокую важнасьць менавіта мясцовых выбараў, наракаюць на тое, што грамадзяне аддаюць перавагу па любым пытаньні апэляваць сама менш да галавы прэзыдэнцкай Адміністрацыі!
Зрэшты, кагадзе блогераў зьлёгку ўзбудзіла нетрывіяльная разьлепка на адмыслова адведзеных пад агітматэрыялы шчытах:
Намёк на безальтэрнатыўнасьць? Інтрыгі падкупленых рэжымам крэатыўнікаў? Ці наадварот — абстрактны выбрык з боку апазыцыянэраў? «Магу выказаць здагадку, што ад усіх акруг балятуюцца Тані…))», — высунула ідэю сама аўтарка фотаздымку. Іншыя блогеры выявілі ня менш вынаходлівасьці. Напрыклад, kauboj у сувязі з тым, што ў зоне яго бачнасьці налепка суседнічала з сантэхнічнай абрэвіятурай «КК», выбухнуў шэрагам кансьпіралягічных варыянтаў: «Танечка, гэта Кантактны Кабэль? Кампрэсарны Комплекс? Кран Казлавы? Круіз-Кантроль? Кататанічны Крыз? Карпаратыўная Культура? Крымінальны кодэкс, прасьці госпадзі? Кіслародны Кактэйль? Камунікацыйны Кантролер? Па выніку, здаецца, кабэльны канал альбо кабэльная каробка, калі я не памыляюся. Хацелася б думаць. Бо калі гэта Каналізацыйны Калектар, то ўхмылка нашай Тані робіцца злавесная».
Таямніца смайлікападобных налепак неўзабаве была выкрыта самімі яе стваральнікамі, якімі аказаліся чальцы сакрэтнага ордэну nasha-tania.Такой неардынарнай выявай «нашатаньцы» вырашылі дапамагчы кандыдатцы krasotaeu у яе перадвыбарных турботах. Кандыдатку й сапраўды клічуць Тацьцянай, і яна выказала некаторае зьдзіўленьне ў сувязі з такой формай выразу падтрымкі масаў. Калі не какетнічае, вядома. Адылі, ведаючы працяг фразы вершыка «Наша Таня…», можна і прызадумацца — хрэстаматыйных сьлёз альбо чаго чакалі ад палітыка-пачаткоўца? А не дачакаюцца! Кандыдатка — чалавек філязофскага спакою: «У пятніцу ў нас дома была здымачная група тэлеканалу БелСат. … У суботу я запісала аўдыёзварот да выбарнікаў … У нядзелю хадзілі ў царкву, а потым у Макдональдс. Ведаю, гучыць ня вельмі — але гэта жыцьцё». Сэляві: палітык з такім дзелавітым графікам свайго мячыка ня выпусьціць.
А вось revalucionare канчаткова расчаравалася ў тых формах перадвыбарнай барацьбы, якія прапануе беларусам наша немудрагелістая прадстаўнічая дэмакратыя. Прапануе яна іх, дарэчы, настолькі недакучліва, што ў самага законапаслухмянага, але актыўнага чалавека можа нарадзіцца жаданьне «пайсьці іншым шляхам» — трэцім, чацьвёртым… Толькі ня тым, дзе расстаўлены незьлічоныя сталы з прадказальнымі начальнікамі. Зьехаўшы ад абрыдлых пагроз звальненьня з працы (у сувязі, вядомая рэч, з вылучэньнем у кандыдаты) у сьвяточны (Дзень Волі ж!) Менск, блогерка прасякнулася думкай пра пажаданасьць больш прамога, так скажам, удзелу грамадзян у ажыцьцяўленьні сваіх канстытуцыйных і наагул натуральных правоў:
«Мы ніколі не пераможам, пакуль не навучымся супрацьстаяць кардонам спэцназу. <…> Наперадзе прэзыдэнцкія выбары. Сваю падрыхтаванасьць да іх мы паказалі 25 сакавіка. Прыкра і балюча. Можа, усё ж такі яшчэ ня позна пачаць загартоўваць байцоў? Сапраўдных байцоў, якія ў час „Х“ возьмуць справу ў свае рукі?»
«Веру ў волі нашай гарт», — казала Цётка ў бунтоўным 1905-м. Цяпер на двары нашмат больш прахалодныя часы, і паўнавартасная загартоўка байцоў уяўляецца тэхнічна незьдзяйсьняльнай задачай. Але ўявіць сабе можна ўсё што заўгодна. Прыемней, натуральна, — што-небудзь эротыка-гераічнае.