Апіеваму імю ў памяці нашчадкаў дастаўся шчасьлівейшы лёс, таму што ён праклаў дарогу й правёў у горад ваду; зьдзейсьніў ён усё гэта адзін, бо таварыш яго, сумеўшыся ад бессаромнай нядобрасумленнасьці, зь якой былі складзены сэнатарскія сьпісы, склаў зь сябе пасаду.
Ціт Лівій. Гісторыя ад засноўваньня горада
«Нешта з кожнымі новымі выбарамі ў нас усё больш становіцца рытарычных пытаньняў», — заўважыў markcist, пасьля таго як падзяліўся з фрэндамі ды іншымі чытачамі чарговым досьведам збору подпісаў, зносінаў з электаратам, рэгістрацыі кандыдацтва ў Баранавічах. Гэта значыць, уласна, досьведам правалу. З антычным фаталізмам рухаўся прэтэндэнт па густанаселенай перадвыбарнай магістралі да пункту, дзе яна звужаецца да вузенькай аднапалоснай дарожкі.
«Проста любата, але ПА НІВОДНАЙ кандыдатуры ад улады выбаркам ня меў НІВОДНАЙ заўвагі. Затое ДЛЯ КОЖНАГА незалежнага кандыдата знайшлося заўвагаў — куча і горбачка. Таму ЎСЕ кандыдаты ад улады былі зарэгістраваны АДНАГАЛОСНА, затое ўсім кандыдатам ад апазыцыі было гэтак жа АДНАГАЛОСНА адмоўлена ў рэгістрацыі. Зразумела, і мне таксама».
Як высьветлілася, камісія мела прэтэнзіі да карэктнасьці афармленьня подпісаў — даты, як заявілі некаторыя падпісанты, былі ўпісаны ня іх рукамі. Дробязь? Ну, тады ўсё — дробязь, самыя мясцовыя выбары шмат каму ўяўляюцца дробязьзю. І зь нейкіх, напэўна, таксама неграндыёзных меркаваньняў падпісанты згаджаліся спачатку паставіць свой росчырк за прэтэндэнта, а потым лёгка прызнаць яго няправільнасьць. Пэўна, прыстрашылі іх пазбаўленьнем якой-небудзь... дробязі.
Нібыта рэхам адгукаецца mikalaj-achyzha зь іншага зацішнага беларускага мястэчка. Ягонаму знаёмаму адмовілі ў рэгістрацыі таксама з-за злашчаснай «кропкі ў запісах»:
«Крыўдная навіна моцна секанула па мужыку. «Разумею, там у камісіі загартаваныя выканкамаўскія істоты, кшталту робатаў. Але чаму ж мая суседка па пад’езьдзе слова ў абарону нават не сказала? Не разумею! Відаць, яе папярэдзілі, каб сядзела цішком».
Чаму б і не пасядзець? Дзеля чаго рыпацца? Калі б адчуваў маленькі выбарца-чалавек, што гэтая самая мясцовая ўлада заўсёды ў ягоных галасуючых руках (націсьнеш у адным месцы — вуліцу забрукавалі, у іншым — сьляпыя ліхтары ажывіліся ў змрочных кутах і да т.п.), можа, і не раскідаўся б ёю з такой грэблівай шчодрасьцю. Бо той жа mikalaj-achyzha крыху раней назіраў надзвычай характэрную сцэнку ў гогалеўскім гусьце з панамі-начальнікамі зь мясцовага савету ды іхнім народам, які правініўся тым, што спотайку накатаў у сталічныя інстанцыі скаргу...
«Але, як сказалі паны-начальнікі, навошта ж вы ў лісьце паставілі дыягназ, маўляў, улада ня вытрымала іспыты перад народам. Перад выбарамі так пісаць нельга...
Фінал таго сходу, кажуць, быў таксама сумны. Сьвятло ўсюды адключаюць, будуць адключаць і ў вас. Дарогу, як падсохне, пастараемся падсыпаць. А на асфальт грошай няма. І навошта вы ў Мінск пісалі.
Сапраўды, навошта людзі пішуць у Мінск? Зразумела, бо мясцовую ўладу не паважаюць і нічога добрага ад яе не чакаюць. Адсюль вынікае: выбарамі ў Саветы ніхто ўсур’ёз не цікавіцца. Для вясковых людзей — гэта прымусовая працэдура».
Прэтэндэнтам на пост кандыдата на месца дэпутата даводзіцца перажываць пакуты больш у палітычнай прасторы. Яны як алімпійскія бегуны — раз у N гадоў прамчаць пачэсную дыстанцыю пад часова ўстрывожанымі поглядамі заўзятараў, пакрыюцца пылам і славай... І чакае іх лёс Эпікуравых багоў, якія пражываюць у сваім зацішным міжсьвецьці сярод цікавых спраў і ўзаемна-займальных зносінаў. І сьмяротныя апускаюць згаслы погляд долу, што тым больш неабходна, каб унікнуць траўмаў. Ці варта дзівіцца, што жыхарка, дасьледніца і апісальніца яшчэ адной недагледжанай мясцовасьці dolka777 усяму urbi et orbi дэманструе кароткі, але грунтоўна падмацаваны фотадакумэнтамі трактат «Чаму я не пайду на выбары ў мясцовыя саветы?»
«Колькі разоў мы, праходзячы праз горад Фаніпаль з Усходу на Захад і з Захаду на Ўсход, з канца ў канец і назад, гэтай самай улады народнай ні разу ня бачылі. І слыхам не слыхалі. І існаваньне яе ў горадзе Фаніпалі не даказана, як не даказана існаваньне чорных дзюраў і белых карлікаў у Сусьвеце. То бок тэарэтычна яны ёсьць. Але на практыцы ніхто ні разу ня бачыў гэтую ўладу.
Зь літаратуры (Гогаль, „Рэвізор“) я памятаю, што справа мясцовых улад — гэта богаўгодныя ўстановы і дарогі».
Апісаўшы галоўную ва ўсіх адносінах дарогу свайго богахаванага з усіх бакоў гораду, dolka777 задае чытачу-гледачу рытарычнае (успомнім назіраньне markcist’а) пытаньне: «На выбарчы ўчастак трэба прайсьці яшчэ дзьвесьце мэтраў у такім духу. Вы б пагадзіліся?» І атрымлівае на яго адказ, пра ступень рытарычнасьці якога судзіць не бяруся:
«Вы б пагадзіліся? — я нават і чуць не хачу, і бачыць — ні дэпутатаў, ні выбараў, нічога! Як і мае суседзі — усе прыстойныя людзі (акрамя нас), а як убачылі на мінулых выбарах „запрашэньні“ ў скрынках, то пачалі матам вішчаць: ды пайшлі яны ўсе на...
як казала мая адна знаёмая, ёй казаў нейкі вядомы чалавек: „у Беларусі тры паралельныя прамыя, якія ніколі не перасякаюцца — улада, народ і апазыцыя“. Так і ёсьць, 100%.
І правільна. Нам іх муткі не цікавыя — абы не чапалі».
Тры паралельныя прамыя... Цікава: бо з гэтай высновы вынікае, што вядуць гэтыя прамыя быццам у адным напрамку — самым паралельным чынам, як таго патрабуе школьная геамэтрыя. Зрэшты, людзі мы месцамі адукаваныя й можам дазволіць сабе невялікае свавольства фантазіі пра тое, як прамая простага народу змудруе якой-небудзь неэўклідавай крывой выгнуцца ды вымкнуцца ў сваім уласным кірунку.