Цыганкоў: Ці можна казаць, што на цяперашні момант існуе нейкае агульнае стаўленьне беларускай апазыцыі да гэтай выбарчай кампаніі?
Казначэеў: У дадзеным выпадку пазыцыі БНФ і АГП амаль тоесныя. Рашэньне, што партыя заяўляе пра спыненьне сваіго ўдзелу ў выбарчым фарсе, азначае, што партыя спыняе свой удзел менавіта як партыя, як палітычны суб’ект. Што да кандыдатаў ад партыі, то гэтае рашэньне мае выключна рэкамэндацыйны характар. Як было выказана — «у каго гараць вочы, то яны могуць удзельнічаць». Партыя ім не забараняе гэтага рабіць і ня будзе іх здымаць нейкім валявым рашэньнем, калі нават яны вылучаныя ў кандыдаты ад партыі.
Цыганкоў: Які фармат набывае зараз удзел апазыцыі ў гэтай кампаніі. Гэта відавочна не байкот, але і не паўнацэнны ўдзел. Ці не губляе апазыцыя магчымасьць зьвярнуцца да кожнага выбарніка, пра што яна заўсёды заяўляе?
Казначэеў: Было прынята кампраміснае рашэньне. Само па сабе яно, вядома, не аптымальнае, але, відаць, гэта найлепшае, што можна было ў гэтай сытуацыі зрабіць. Бо тыя людзі, якія ня хочуць у гэтым удзельнічаць — як іх прымусіць удзельнічаць у кампаніі? Зь іншага боку, тыя, хто хоча — забараніць ім? Немэтазгодна, бо нейкая ж карысьць будзе ад таго, што яны камунікуюць зь людзьмі.
Цыганкоў: Мясцовыя выбары разглядаліся многімі як тэст на «лібэралізацыю» для ўладаў. Ці можна на гэтым этапе кампаніі рабіць высновы, ці прайшлі ўлады гэты тэст?
Казначэеў: Безумоўна, можна. Яны гэты тэст не прайшлі. Праўда, у мяне асабіста і не было сумневу, што яны яго ня пройдуць. Бо зразумела, што ўлады ня пойдуць на нейкія істотныя зьмены, што ўсе зьмяненьні будуць мець выключна касмэтычны характар.
Фармаваньне выбарчых камісіяў, калі сярод прадстаўнікоў палітычных партыяў дамінуе Сацыяльна-спартыўная і вылучэнцы ад БРСМ, а ад апазыцыі літаральна адзінкі трапілі ў гэтыя камісіі, робіць зразумелым, якім чынам улада зьбіраецца праводзіць гэтыя выбары.