Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: застацца, каб сабраць факты фальшаваньня


Дэлегаты зьезду Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які адбыўся 21-га сакавіка, ня толькі прынялі рашэньне спыніць удзел у выбарчай кампаніі, але і заклікалі “ўсе палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, усіх, хто змагаецца за дэмакратычныя зьмены ў краіне, падтрымаць гэтае рашэньне і далучыцца да яго”.


Сакратар ЦК партыі левых “Справядлівы сьвет” Валеры Ўхналёў кажа: у партыі ёсьць розныя падыходы да выбарчай кампаніі. А канчатковае рашэньне будзе прынятае пасьля 25-га сакавіка — апошняга дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты:
магчыма, партыя і прыме такое рашэньне аб зьняцьці з гэтых выбараў ...

“Мы будзем разглядаць гэтае пытаньне. 18-га сакавіка было паседжаньне бюро ЦК. Там мы не прынялі канчатковага рашэньня. Але мы сказалі, што, магчыма, партыя і прыме такое рашэньне аб зьняцьці з гэтых выбараў. І другім пунктам там запісана даручэньне лідэру партыі Калякіну правесьці перамовы зь іншымі дэмакратычнымі сіламі — з АДС і ня толькі з АДС, каб прыняць агульнае рашэньне пра фармат дзеяньняў.

Таму ў гэтыя дні мы правядзем кансультацыі. І плянуем, што мы будзем здымацца з выбараў (калі будзем гэта рабіць) тады, калі ў нас будуць зарэгістраваныя кандыдаты”.

А вось рух “За свабоду” сваю пазыцыю пераглядаць не зьбіраецца, кажа намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч:
Пазыцыя — нязьменная. Мы прынялі рашэньне, што ўдзельнічаем у выбарах...

“Мы ўжо раней абмеркавалі дадзенае пытаньне і маем вызначаную пазыцыю. Яна — нязьменная. Мы прынялі рашэньне, што ўдзельнічаем у выбарах. І гэта найперш тлумачыцца тым, што тыя людзі, якія вылучаюцца ад імя руху “За свабоду”, рэальна працуюць у сваіх акругах з выбарцамі. І зьняцьцё — гэта ня тое, на што разьлічваюць выбарцы, якія падтрымліваюць нашых актывістаў.

А ў рашэньні АГП відавочная ягоная палавіністасьць. Ёсьць гучная публічная заява. Але насамрэч сябрам партыі пакінутая магчымасьць далейшага ўдзелу ў выбарах. Таму, на нашу думку, ніякага выніку — акрамя гучнай заявы — гэта мець ня будзе”.

А вось “Эўрапейская кааліцыя” дае сваім актывістам магчымасьць самастойна вырашаць — удзельнічаць ім і далей у выбарах ці зьняцца? Сябра Каардынацыйнага камітэту кааліцыі Сяргей Скрабец адзначае:

Сяргей Скрабец
“Эўрапейская кааліцыя” дала свабоду і волю ў вызначэньні свайго стаўленьня да ўдзелу альбо няўдзелу ў выбарах. Мы разумеем, што прадстаўнікі апазыцыі ня стануць дэпутатамі. Але выбары даюць магчымасьць давесьці да людзей сваю пазыцыю, праўду пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Таму гэтай магчымасьцю трэба карыстацца. Я, напрыклад, удзельнічаю ў выбарах. Надзеяў, што мяне зарэгіструюць, няма. Але калі такі цуд адбудзецца, то я буду выступаць па радыё, распаўсюджваць улёткі, весьці агітацыйную працу”.

“Эўрапейская кааліцыя” спадзяецца, што дэмакратычныя кандыдаты, якія здолеюць дайсьці да канца выбарчага працэсу, зьбяруць для беларускай і міжнароднай грамадзкасьці доказы фальсыфікацый выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG