Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч заявіў, што падатковыя інспэктары вымагалі ў яго грошы


У Вярхоўным судзе на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам і іншымі абвінавачанымі ў падрыхтоўцы тэракту ды ў іншых злачынствах скончыўся допыт Аляксандра Ларына і пачаўся допыт Мікалая Аўтуховіча. Прадпрымальнік заявіў, што яго “праблемы пачаліся пасьля адмовы “адшпіляць” супрацоўнікам падатковай інспэкцыі”.

Адвакаты Тамара Сідарэнка і Павал Сапелка высьвятлялі ў Аляксандра Ларына, чаму ягоныя паказаньні падчас суду адрозьніваліся ад таго, што ён казаў на сьледзтве. Часьцей за ўсё Аляксандар Ларын адказваў “ня памятаю” альбо “не жадаю адказваць”. Таксама высьветлілася, што на пачатку сьледзтва допыты Ларына праходзілі без адваката, прычым нібыта паводле ягонага жаданьня. Вось як пракамэнтаваў пачутае ў судзе грамадзкі актывіст Мікалай Дземідзенка:

Мяркую, калі чалавек прыдумляе ці калі ягоныя паказаньні напісаныя сьледчым, яму складана праз год знаходжаньня ў турме згадваць гэта ў адкрытым працэсе
“Мяркую, калі чалавек прыдумляе ці калі ягоныя паказаньні напісаныя сьледчым, яму складана праз год знаходжаньня ў турме згадваць гэта ў адкрытым працэсе. Я гэтым тлумачу блытаніну, непасьлядоўнасьць, памылкі ў паказаньнях Ларына”.

Удакладняў паказаньні Аляксандра Ларына і судзьдзя Аляксей Цяцюхін. У прыватнасьці, судзьдзя вярнуўся да падзеяў 28 кастрычніка 2005 году, калі Аляксандар Ларын нібыта спрабаваў стрэліць з гранатамёта ў старшыню гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку. Судзьдзя высьветліў, што аўтамабіля Саўчанкі Ларын ня бачыў і ня мог бачыць, бо той аўтамабіль знаходзіўся ў двары, а Саўчанка назіраў аўтамабіль ахоўнікаў на вуліцы. Адлегласьць да яго была “мэтраў 200”, было “досыць цёмна”. Ларын нібыта стаяў за кустом бэзу, накрыўшыся “маскіровачнай сеткай”, таму яго ня бачыла прыбіральшчыца, якая нечакана апынулася побач. Паводле Ларына, усяго на сваёй “пазыцыі” ён прабыў “хвілін 20—25”. Тры дні таму з паказаньняў Ларына выходзіла, што ён прабыў “на пазыцыі” блізу 3 гадзінаў. Судзьдзя высьвятляў і намер, якім кіраваўся Ларын:

Судзьдзя Цяцюхін: “Вы нам сказалі, што стаялі, закрыўшыся маскіровачнай сеткай, і назіралі. За чым вы назіралі?”

Ларын: “За аўтамабілем, за людзьмі, якія там хадзілі”.

Судзьдзя Цяцюхін: “А навошта?”

Ларын: “Каб ацаніць сытуацыю?”

Судзьдзя Цяцюхін: “І што далей?”

Ларын: “Я адмаўляюся адказваць”.

Пасьля Ларына пачаўся допыт Мікалая Аўтуховіча. Прадпрымальнік сказаў, што не выключае агавору з боку Ларына. “Ён зрабіў непрыгожа і цяпер проста выкручваецца”, — сказаў Аўтуховіч пра паводзіны Аляксандра Ларына ў судзе. Што дакладна зрабіў Ларын, Мікалай Аўтуховіч паабяцаў распавесьці пазьней падчас выступу.

Яна прапанавала, каб я адлічваў кожны месяц пэўную суму за тое, што займаюся прадпрымальніцкай дзейнасьцю. На гэта я адказаў, што плачу па таксі адзіны падатак, нідзе нікога не падманваю і “левых” грошай зарабіць не магу
Уладзімера Асіпенку
Мікалай Аўтуховіч назваў “выключна сумленным” чалавекам і сказаў, што яны разам змагаліся з парушэньнямі з боку некаторых чыноўнікаў падатковай інспэкцыі Ваўкавыску. А ўвогуле ягонае змаганьне з гэтымі чыноўнікамі пачалося пасьля вось якой размовы з супрацоўніцай падатковай інспэкцыі:

“Яна прапанавала, каб я адлічваў кожны месяц пэўную суму за тое, што займаюся прадпрымальніцкай дзейнасьцю. На гэта я адказаў, што плачу па таксі адзіны падатак, нідзе нікога не падманваю і “левых” грошай зарабіць не магу. Увесь горад ведаў, што калі вадзіцель не ўключыў лічыльнік, ён будзе звольнены. Таму за што я вам буду плаціць? Вось з таго часу ў мяне пачаліся праблемы з падатковай”.

Паводле Аўтуховіча, пра злоўжываньні мясцовых чыноўнікаў ён спачатку распавёў мясцоваму супрацоўніку КДБ, але той сказаў, што “справу ўсё роўна не завядуць”. Тады Аўтуховіч давёў інфармацыю пра злоўжываньні да Міхаіла Казлова, які служыў у гарадзенскай міліцыі.

Допыт Мікалая Аўтуховіча працягваўся і ў другой палове дня.

Нагадаем, працэс у Вярхоўным судзе пачаўся 10 сакавіка і з 16 сакавіка ідзе штодня. Мікалаю Аўтуховічу, Уладзімеру Асіпенку і Аляксандру Ларыну пагражае вышэйшая мера пакараньня — пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротная кара. Часткова віну прызнае толькі Аляксандр Ларын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG