Свае адносіны зь іншымі падсуднымі былы крымінальнік Ларын прызнаў складанымі. З Аўтуховічам — як «прахалодныя, несяброўскія, як кіраўніка з падначаленым». З Асіпенкам — нават як варожыя: «ненавідзелі адзін аднаго». Казлоў нібыта казаў пра яго, Ларына, — «адмарозак». І тым ня менш Ларын кажа, што пагадзіўся рызыкаваць сабой, каб выканаць замовы гэтых людзей, зьвязаныя з замахамі на Саўчанку і Камянко. На апошняга — праз электрашокер, а на «губэрнатара», як Ларын называў старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку, «з гранатамёта стрэлам у вакно» альбо «ўзарваўшы бомбу». «Ці казаў Аўтуховіч наўпрост пра намер забіць гэтых чыноўнікаў?» — некалькі разоў задаваў адно і тое ж пытаньне пракурор Эльдар Сафараў. Спачатку Ларын згадаў фразу Аўтуховіча «Забіць мала!», сказаную ў гневе. Прычынаю гневу было абвінавачаньне ў нявыплаце падаткаў. Пазьней згадаў, што Аўтуховіч распытваў яго пра варыянты замаху. Яшчэ ад Ларына прагучала згадка, што менавіта Аўтуховіч нібыта даручыў яму забраць з багажніка аўтамабіля гранатамёт з выбухоўкай і дэтанатарамі ды схаваць гэтак, каб «быў пад рукой».
Калі Ларын атрымаў загад зрабіць замах на Ўладзімера Саўчанку і колькі папрасіў за сваю працу? Адбывалася ўсё у кастрычніку 2005 году. Паводле Ларына, яму быў абяцаны ганарар у 5 тысяч даляраў. Дамаўляўся ён нібыта не з Аўтуховічам, які ўжо сядзеў у сьледчым ізалятары паводле абвінавачаньня ў нясплаце падаткаў, а з Уладзімерам Асіпенкам, які дзейнічаў ад імя Аўтуховіча. Нібыта праз адваката паступіў сыгнал, што прыйшоў час прывесьці ў дзеяньне пэўны плян. Намесьнік Аўтуховіча ў фірме «Ніка-транс» Юры Лявонаў выпадкова даведаўся пра гэты плян і вельмі спужаўся. Вось што Ларын распавёў пра гэты эпізод:
Ларын: «Увечары была размова зь Лявонавым наконт таго, каб я дзейнічаў. Ён спытаўся ў мяне, ці ёсьць нейкі ў мяне плян. Так, кажу, ёсьць — ліквідацыя. Гэта значыць, устараненьне губэрнатара. Ён адзінае, што запытаў, — хто будзе выканаўцам?»
Пракурор: «І вы пацьвердзілі...»
Ларын: «Я сказаў, што я. Усё».
Падчас допыту Аляксандар Ларын некалькі разоў казаў пракурору Эльдару Сафараву: «Што вы мяне пытаецеся, я ня памятаю, пытайцеся ў майго адваката, я стаміўся». Пасьля апошняй такой рэплікі судзьдзя Аляксей Цяцюхін абвясьціў перапынак да 19 сакавіка.
Пракамэнтаваць паказаньні Ларына я папрасіў былога сьледчага пракуратуры, праваабаронцу Алега Воўчака:
«Хлусіць. Нават наконт таго, як ствараць бомбу, скажу як былы сапёр, ён не ўяўляе дакладна, як усё рабіць. Дзесьці прачытаў нешта, і ўсё. На дакладныя пытаньні адносна абставінаў у яго пачынаюцца нэрвовыя зрывы, аднойчы ён нават сказаў, каб за яго адказваў адвакат. Бывае, не разумее пракурора. Увогуле, я заўважыў, што пракурор сам заблытаўся ў храналёгіі падзеяў. Гэтая храналёгія парушаецца пасьля кожных новых выказваньняў: калі што было, калі і хто перадаваў грошы. Плюс нешта фантазіруе новае, чаго ўчора не гучала. Таму, мяркую, зь ім сёньня папрацуюць, каб ён вярнуўся ў сваю вэрсію. Але ўжо бачна, што гэта ганьба ўсяму сьледчаму камітэту МУС, што такую справу падрыхтавалі».
Аляксандар Ларын нарадзіўся ў Нальчыку ў 1971 годзе. На судзе сталі вядомыя цікавыя падрабязнасьці зь біяграфіі гэтага чалавека. Аказваецца, у 1990-х гадах Ларын удзельнічаў у баявых дзеяньнях у Абхазіі, ваяваў у складзе «мусульманскага батальёна» за незалежнасьць гэтай рэспублікі ад Грузіі. У канцы 1990-х гадоў у Расеі Ларын быў асуджаны за крымінальнае злачынства, нібыта за банальны крадзеж. Пасьля адбыцьця пакараньня прыехаў у Ваўкавыск, дзе ў яго жыла цётка. У пачатку 2000-х уладкаваўся ў ваўкавыскую фірму «Ніка-транс», якая належала Мікалаю Аўтуховічу. У асноўным рамантаваў аўтамабілі, але з 2004 году пачаў выконваць асабістыя даручэньні Аўтуховіча як ягоны кіроўца. Арыштавалі Ларына за тыдзень да арышту Аўтуховіча і Асіпенкі, 9 лютага 2009 году.