Сямашка сказаў, што сёньня Бразылія ў пастаўках калію – краіна №1 для Беларусі. Па яго словах, гэты кірунак нават больш стратэгічны, чым кітайскі і індыйскі: калі летась з-за крызісу ўдалося паставіць на бразыльскі рынак 1 мільён 200 тысяч тон калійных угнаеньняў, то сёлета ўзаемны абарот перавысіць адзнаку 2 мільёны 100 тысяч тон.
Па ацэнках спэцыялістаў, калійная “ёмістасьць” мясцовага рынку складае 6 мільёнаў тон штогод і беларускі бок спадзяецца ў пэрспэктыве задаволіць як мінімум палову гэтых патрэбаў. Пакуль што рэалізацыі сьмелых задумаў не спрыяе мэханізм разьлікаў за пастаўленую прадукцыю – бразыльскія пакупнікі просяць паўгадавую адтэрміноўку, што прыводзіць да замарожваньня абаротнага капіталу беларускага вытворцы – салігорскага “Белкалію”.
Мяркуецца, што калійнае пытаньне будзе шчыльна абмяркоўвацца падчас заплянаваных на сёньня перамоваў Аляксандра Лукашэнкі са сваім бразыльскім калегам Луісам Інасіё да Сільва.