У студзені 91-га, праз дзень пасьля штурму Віленскай тэлевежы ён з намі езьдзіў у Вільню, быў у абнесеным бэтоннымі блёкамі Вярхоўным Савеце. Ён не падпісаў нашую “заяву дванаццаці” з жорсткім асуджэньнем агрэсіі савецкіх войскаў (зрэшты, там подпісы толькі дэпутатаў БНФ), але паставіў подпіс пад зваротам больш як васьмідзесяці дэпутатаў ВС Беларусі да ААН і усясьветнай супольнасьці ў падтрымку незалежнасьці Літвы і Латвіі.
Аўтара гэтых радкоў цяжка западозрыць у сымпатыі да Лукашэнкі, але ні памяць, ні дакумэнты майго архіву не падказваюць мне, што Лукашэнку за паводзіны ў тыя дні можна выставіць нейкія прэтэнзіі.
Адмова Лукашэнкі ехаць у Літву ня ёсьць крыўдай на “ня тую” форму запрашэньня. Падаецца, што гэта - скаардынаванае з Масквой рашэньне (Мядзьведзеў таксама адмовіўся і дасылае замест сябе другараднага чыноўніка).
Адмова – гэта чарговы (які ўжо па ліку?) знак тым аналітыкам зь Менску, Брусэлю (ды і з Прагі), якія ўсё яшчэ спрабуюць шукаць нейкія “сыгналы лібэралізацыі” ў падпрэзыдэнцкіх “кансультацыйных камісіях” ці “разварот на Захад” у спрэчках афіцыйнага Менску з Крамлём.
Няма ніякай лібэралізацыі, і ня будзе ніякіх крокаў на Захад.
Неяк у аднаго беларускага палітыка (былога і, верагодна, будучага кандыдата ў прэзыдэнты) я запытаўся, ну а як часта і як падоўгу ён гутарыў з Лукашэнкам, што так спадзяецца на ягоную гатовасьць пайсьці на дэмакратызацыю і на дыялёг з Захадам? “Ніколі, не сустракаліся нават”, – быў адказ. У мяне ж досьвед асабістых (і не асабістых) размоваў з Лукашэнкам даволі багаты, і пяць гадоў (1990-1995) – дастатковы тэрмін, каб добра вывучыць чалавека.
Дык вось, паводле свайго выхаваньня Лукашэнка – гэта чалавек рускай мэнтальнасьці, ён арганічна не ўспрымае каштоўнасьці свабоды ці дэмакратыі, мадэль ягонага кіраваньня – “ёсьць цар, і ёсьць народ”, “улада – ад Бога”. Гэта тое, што не прыкрыеш ні заявамі вышкаленых дыпляматаў, ні гарнітурамі ад заходніх куцюр’е.
І Крэмль, і Лукашэнка будуюць на падуладных тэрыторыях аднолькавую сыстэму аўтарытарнага кіраваньня з той толькі розьніцай, што ў Беларусі пасьлядоўна і няўхільна зьнішчаецца нацыянальная ідэнтычнасьць карэннага насельніцтва.
Разьлічваць на нейкія раптоўныя зьмены мэнтальнасьці ды сьветапогляду ў чалавека 55-гадовага ўзросту, на мой погляд, наіўна.
Гэтак жа дарэмна разьлічваць і на раптоўную падтрымку дэмакратыі ад імпэрыі, якая стагодзьдзямі ўсялякую дэмакратыю падаўляла.
Дарэчы, у якасьці прагнозу – Масква падтрымае Лукашэнку на выбарах і ў 2011-ым годзе, і ў 2016-ым.