Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не ідуць у Беларусь замежныя інвэстыцыі?


У чацьвер на нарадзе Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў дзейнасьць дзяржаўных органаў па прыцягненьні замежных інвэстыцый. Ці сапраўды існуе такая праблема? Што перашкаджае прытоку замежнага капіталу? Як можна зьмяніць сытуацыю з інвэстыцыямі?

Барыс Жаліба
Зьміцер Бабіцкі
Валер Карбалевіч

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і эканаміст Зьміцер Бабіцкі.

Ці існуе праблема прыцягненьня замежных інвэстыцый?


Валер Карбалевіч: «Крытыка Лукашэнкам дзейнасьці ўраду і іншых органаў па прыцягненьні замежных інвэстыцый прагучала пэўным дысанансам. Бо калі глядзець інфармацыйныя праграмы беларускіх тэлеканалаў, то, здаецца, з гэтай справай усё цудоўна. Адзін за адным праводзяцца інвэстыцыйныя форумы як у Беларусі, так і за мяжой. Рэгулярна ў краіну прыяжджаюць дэлегацыі замежных бізнэсоўцаў, часта іх прымае сам прэзыдэнт. Урад прымае розныя праграмы прыцягненьня інвэстыцый, пляны даводзяцца да кожнага раёна і прадпрыемства.

І вось цяпер высьвятляецца, што ўся гэтая праца ідзе ўхаластую. У 2009 годзе ў краіну прыйшло толькі $420 мільёнаў прамых замежных інвэстыцый, што на 38% менш, чым год таму. Ці сапраўды існуе вялікая праблема з гэтай справай? Ці, можа, Лукашэнка дарэмна крытыкуе, чапляецца да ўраду?»

Барыс Жаліба: «Праблема існуе. Паводле аб’ёму замежных інвэстыцый на душу насельніцтва Беларусь займае апошняе месца ў СНД. Асабліва цяжка ідуць буйныя інвэстыцыі. Беларусі для мадэрнізацыі эканомікі патрэбна 60 мільярдаў даляраў.

Чаму ж не ідуць у Беларусь замежныя інвэстыцыі? Прычына палягае ў эканамічнай палітыцы дзяржавы. Эканамічныя суб’екты несвабодныя. Дзяржава рэгулюе цэны. Ідзе ціск на прыватны сэктар. Нестабільнае гаспадарчае заканадаўства. Хоць апошнім часам адбываецца працэс лібэралізацыі, аднак замежныя інвэстары лічаць, што ў Беларусі існуе вялікая рызыка».

Зьміцер Бабіцкі: «Галоўны сэнс палітыкі лібэралізацыі — гэта прыцягненьне інвэстыцый. Але тут больш дэклярацый, чым рэальных дзеяньняў. А інвэстары глядзяць на дзеяньні, а не на словы. Трэба мець на ўвазе, што за прыцягненьне замежных інвэстыцый у сьвеце ідзе канкурэнцыя. У крызіс гэтая канкурэнцыя абвастраецца».

На што ідуць інвэстыцыі?


Карбалевіч: «Вы, спадар Жаліба, кажаце пра 60 мільярдаў даляраў на мадэрнізацыю эканомікі. Але гаворка ідзе пра тое, каб закрыць дзіркі, каб ліквідаваць дэфіцыт бягучага рахунку, адмоўнае сальда замежнагандлёвага балянсу».

Жаліба: «Так, сапраўды, адмоўнае сальда замежнагандлёвага балянсу па таварах мінулым годам склала звыш 7 млрд. даляраў. Замежныя крэдыты ідуць не на інвэстыцыі, а на тое, каб закрыць гэтае адмоўнае сальда. А нам патрэбны прамыя інвэстыцыі, якія ідуць у вытворчасьць. Такія інвэстыцыі патрэбныя амаль на кожнае буйное прадпрыемства. Бо бяз гэтага ня будзе канкурэнтаздольнасьці. Вось у Расеі ствараецца зборка аўтамабіляў вядомых заходніх брэндаў. А мы ствараем прадпрыемства па зборцы іранскіх аўтамабіляў „Саманд“.
Улада функцыянуе ў рэжыме пажарнай брыгады, ня думае пра будучыню.
Навошта? Трэба мяняць палітыку, ладзіць рынкавыя рэформы».

Бабіцкі: «Беларусы паляць фамільную мэблю і паркет, каб сагрэцца. Мы праядаем ня толькі тое, што зарабляем, але і тое, што пазычаем. Хутка прададзім заводы і праядзім грошы. Улада функцыянуе ў рэжыме пажарнай брыгады, ня думае пра будучыню».

Сыстэма ці людзі?


Карбалевіч: «Чаму ж не ідуць у Беларусь замежныя інвэстыцыі? Сапраўды справа ў безадказнасьці чыноўнікаў — або ў сыстэмных прычынах?»

Жаліба: «Найперш вінаватая сыстэма. Але вінаватыя і чыноўнікі. Бо шмат бюракратычных бар’ераў».

Карбалевіч: «Вось сусьветныя фінансавыя арганізацыі хваляць беларускія ўлады. Паводле тэмпаў рэформаў Беларусь займае пазыцыі лідэра. А вось інвэстыцыі ідуць слаба».

Бабіцкі: «Для чыноўніка палітычнай дэклярацыі пра лібэралізацыю мала. Бо за адну памылку яго могуць пасадзіць за краты. Рэфармаваньне павінна насіць сыстэмны характар. Індэксы сусьветных фінансавых арганізацый улічваюць найперш, як лёгка адчыніць бізнэс. А беларуская спэцыфіка палягае ў тым, што зарэгістравацца, стаць суб’ектам гаспадараньня — лёгка, а вось працаваць, зачыніць бізнэс цяжка».

Жаліба: «Раней лічылі, што як толькі МВФ пачне даваць крэдыты Беларусі, то адразу сюды прыйдуць замежныя інвэстыцыі. Але так не адбылося. Тым больш што выдзяленьне крэдытаў МВФ мае палітычныя прычыны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG