"Кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся аб правядзеньні бліжэйшым часам сустрэчы для абмеркаваньня ўсяго комплексу пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва. А.Лукашэнка і В.Януковіч таксама дамовіліся пра тое, што адміністрацыі прэзыдэнтаў сумесна з зацікаўленымі ведамствамі выпрацуюць канкрэтны парадак дня маючай адбыцца сустрэчы", - адзначылі ў прэсавай службе.
Віктар Януковіч паінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб выніках візыту ў Брусэль, пра сустрэчы з кіраўніцтвам Эўрапейскага Зьвязу, якія там адбыліся, а таксама аб маючым адбыцца візыце ў Расейскую Фэдэрацыю.
25 лютага ў Кіеве пасьля інаўгурацыі новаабраны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч запэўніў Аляксандра Лукашэнку ў гатоўнасці нарошчваць узаемадзеяньне паміж краінамі.
"У адносінах нашых дзьвюх краін наступае новы этап",– сказаў В.Януковіч падчас двухбаковай сустрэчы з А. Лукашэнкам, які прыбыў на цырымонію інаўгурацыі ў Кіеў разам з малодшым сынам Мікалаем.
"Мы гатовыя разам з вамі разгледзець усе асноўныя стратэгічныя напрамкі развіцьця нашых адносін. Я гатовы працаваць разам з вамі, каб эканамічныя добрасуседскія адносіны паміж нашымі краінамі дынамічна разьвіваліся",– падкрэсьліў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Пры гэтым ён дадаў: "Я не забыўся і не забуду радзіму сваіх продкаў - Віцебскую вобласць".
Продкі Януковіча паходзяць зь вёскі Янукі Докшыцкага раёна.