Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парамыгіна: “Посьпех беларусаў у Ванкувэры — фантастычны”


Сустрэча ў аэрапорце “Менск-2” алімпійскага чэмпіёна Ванкувэра Аляксея Грышына
Сустрэча ў аэрапорце “Менск-2” алімпійскага чэмпіёна Ванкувэра Аляксея Грышына

ХХІ Алімпійскія гульні ў Ванкувэры завершаныя. Сёньня на радзіму вяртаюцца беларускія спартоўцы, сярод якіх і трыюмфатар спаборніцтваў, уладальнік адзінага ў беларусаў залатога мэдаля Алімпіяды Аляксей Грышын. Ці можна лічыць сёлетнія гульні ўдалымі для зборнай Беларусі?


1 сакавіка ў Нацыянальным аэрапорце “Менск” — урачыстая сустрэча беларускіх алімпійцаў. Сярод тых, хто ў ліку першых вяртаецца на радзіму, — фрыстайліст Аляксей Грышын. Менавіта ён здабыў першы ў гісторыі зімовых Алімпіядаў залаты мэдаль для Беларусі. Бацька алімпійскага чэмпіёна Генадзь Грышын кажа, што для сустрэчы сына гатова ўсё:

“Чакаем сына, гэта для нас зараз асноўнае. Торт ужо замоўлены, вельмі вялікі. Адвязём наўпрост у аэрапорт, каб усе паспыталі. Замовілі, каб на торце быў надпіс: “Ванкувэр. Грышын — чэмпіён”. І імправізаваны зьверху залаты мэдаль. Разумею, што гэта, магчыма, ня вельмі сьціпла, але гэта той выпадак, калі трэба сустракаць па вышэйшым разрадзе”.

Мама Аляксея Грышына з адмыслова прыгатаваным тортам

Адзін з наймацнейшых беларускіх біятляністаў Вадзім Сашурын перадусім радуецца за посьпехі калегаў па цэху. Нагадаем, што дзьве ўзнагароды ў Ванкувэры — на рахунку біятляністаў: Дар’я Домрачава заняла трэцяе месца, а Сяргей Новікаў здабыў срэбны мэдаль.
Гэта той выпадак, калі трэба сустракаць па вышэйшым разрадзе”.

“Сяргей Новікаў, вядома, малайчына. Я вельмі рады за яго. І вынікам Дашы Домрачавай таксама вельмі задаволены. Гэтыя мэдалі для ўсіх надзвычай важныя, ня толькі для саміх спартоўцаў. Скочылі вышэй за галаву, гэта бясспрэчна. І гэта ўсе цудоўна разумеюць”.

Срэбная прызэрка Алімпіяды ў Лілехамэры Сьвятлана Парамыгіна выступ беларускай зборнай у алімпійскім Ванкувэры называе няйначай як фантастычным. Перадусім, упершыню заваяваная рэкордная колькасьць узнагародаў — дагэтуль найлепшым вынікам былі два срэбры ў 1994 годзе. Па-другое, упершыню ўдалося здабыць алімпійскае золата — ужо адно гэта ставіць Алімпіяду-2010 для беларусаў у шэраг гістарычных:

“Вядома, посьпех небывалы, фантастычны. У залатых нашых фрыстайлістаў верылі, бадай, усе. Я дык дакладна. Што да біятлёну, то, на мой погляд, выпадковасьцяў не бывае, і калі пачынаюць гаварыць “пашанцавала — не пашанцавала”, гэта заўсёды крыўдзіць спартоўца, якія заваяваў мэдаль. Калі мне задавалі пытаньне — ці здолее хтосьці паўтарыць мой посьпех у Лілехамэры — я казала, што тэарэтычныя шанцы ёсьць у кожнага. І калі на Алімпіядзе 2006 году Сяргей Новікаў заняў месца ці то 23-е, ці то 24-е, прамазаўшы ў індывідуальнай гонцы тройчы, то зусім быў не абсурд, калі на трэнэрскай радзе яго асабісты трэнэр Перапечка казаў: Новікаў быў здольны заваяваць мэдаль яшчэ ў Італіі. Бо страляй тады ён на індывідуальнай гонцы пад нуль, у Турыне быў бы другім. А на гэтай Алімпіядзе для яго ўсё склалася надзвычай удала: выдатна кацілі лыжы, здорава спрацавала сэрвісная група. Траса прыйшлася яму да душы — ён яе выпакутаваў, цярпеў на кожным пад’ёме, і гэта было бачна. Ён зрабіў усё, што мог, і выпадковасьцю гэта, канечне, ніхто называць ня мае права”.
Калі пачынаюць гаварыць “пашанцавала — не пашанцавала”, гэта заўсёды крыўдзіць спартоўца, якія заваяваў мэдаль.

У ХХІ Алімпійскіх гульнях у Ванкувэры ўзялі ўдзел прадстаўнікі 82 дзяржаў. Цягам двух тыдняў на п’едэстал уздымаліся спартоўцы з 26 краінаў. Новы мэдалёвы рэкорд усталявалі гаспадары спаборніцтваў — дагэтуль 14 залатых узнагародаў на зімовых Алімпіядах не здабываў яшчэ ніхто. Беларусь у выніковым пратаколе апынулася на 17 месцы, прадэманстраваўшы поўную мэдалёвую збалянсаванасьць — па адной узнагародзе кожнай вартасьці. Дакладна гэткі ж паказчык і ў каманды Славаччыны. Мэдалёвыя заслугі будуць падмацаваныя матэрыяльна: за золата — 100 тысяч даляраў, за срэбра — 50 тысяч і за бронзу — 30 тысяч даляраў.

У сярэдзіне сакавіка адбудзецца сумеснае паседжаньне Нацыянальнага алімпійскага камітэту і Міністэрства спорту і турызму Беларусі, на якім будзе дадзеная ацэнка выступам беларускіх алімпійцаў у Ванкувэры. На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка даў зразумець, што агульны посьпех каманды ня стане падставай, каб замоўчваць вялізныя праблемы ў бальшыні спартовых дысцыплінаў. Так, не вытрымліваюць крытыкі выступы лыжнікаў, канькабежцаў, хакеістаў, якія нават у тэорыі ня мелі шанцаў на роўных змагацца з супернікамі. Да таго ж упершыню алімпійскія ліцэнзіі былі здабытыя толькі ў шасьці відах спорту — гэта найгоршы паказьнік за апошнія алімпійскія цыклі.

Шэраг нацыянальных зборных ужо назвалі сёлетнія гульні “правальнымі”. Так, прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што адказныя за падрыхтоўку расейскіх алімпійцаў чыноўнікі павінны напісаць заявы пра сыход са сваіх пасадаў. Расея ў выніковым пратаколе заняла 11-е агульнакаманднае месца — найгоршы вынік за ўсю гісторыю выступаў асобнай зборнай. Увогуле без мэдалёў засталіся краіны, якіх ніяк не аднясеш да спартовых аўтсайдэраў: Бэльгія, Баўгарыя, Вугоршчына, Сэрбія, Украіна, Літва ды іншыя.

Сустрэча ў аэрапорце "Мінск-2" беларускіх фрыстайлістаў





Ала Цупер

Галоўны трэнер па фрыстайлу Леанід Казека атрымлівае дыплём

Асоль Слівец


Антон Кушнір

Дзьмітры Дашчынскі

Дзьмітры Дашчынскі

Аляксей Грышын
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG