МАГІЛЁЎШЧЫНА
Першымі ў Магілёве заявілі пра тое, што сабралі неабходную колькасьць галасоў, актывісты незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу.
Ад гэтай партыі ў Магілёўскі гарсавет вылучаюцца пяцёра актывістаў, у аблсавет — трое. Усяго сабрана 1100 подпісаў у іх падтрымку. 21-гадовы студэнт Юры Стукалаў вылучаецца ў аблсавет. У яго падтрымку сабрана 200 подпісаў.
“У сямідзесяці працэнтах тых кватэраў, якія нашы валянтэры абышлі, людзі нават ня ведаюць, што пачаліся выбары ў мясцовыя саветы. Кажуць: “А нашто гэта нам патрэбна, мы ня пойдзем на выбары, мясцовыя саветы нічога не вырашаюць”. Людзі проста ня ведаюць, хто ў іх быў кандыдат. Жыхары, асабліва сталага веку, скардзяцца, што пэнсіі малыя, не хапае, цэны пастаянна растуць. Людзі не разумеюць, што рабіць”, — зазначае Юры Стукалаў.
Студэнтаў папярэджваюць, каб не падпісваліся за вылучэнцаў ад апазыцыі
У зборы подпісаў у падтрымку актывістаў Партыі свабоды й прагрэсу ўдзельнічалі 15 валянтэраў. 20-гадовы Зьміцер зьбіраў подпісы сярод студэнтаў:
“Стэрэатып такі склаўся: калі ад апазыцыі прыходзяць, то гэта дрэнныя людзі. Яны нічога ня могуць зрабіць, адпаведна — яны ідуць супраць улады. Іх трэба баяцца. Студэнты, канечне, баяліся нас. Ва ўнівэрсытэце іх, відаць, праінструктавалі так: “Калі да вас прыходзіць невядомы, то бок не ад улады, то вы не давайце нічога, не расьпісвайцеся”. Так было на парлямэнцкіх выбарах”.
“Жыхары старой “хрушчоўкі” не дачакаліся абяцанай уладамі дапамогі”
Актывістка незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Натальля Зайцава сабрала за ўчорашні вечар трыццаць подпісаў. Гэта амаль усе жыхары яе пад’езду. Яна жыве ў старой “хрушчоўцы”.
“Яе не рамантавалі ўжо сто гадоў. У людзей гэта набалелае. У нас была перапіска з усімі дэпутатамі. Яны цудоўна разумеюць, што ніякі дзядзька ня зробіць, калі сам гэтага ня зробіш. Я гэтымі дамамі займаюся з 2006 году. Паводле дакумэнтаў, яны ўжо адрамантаваныя. Наш дом, напрыклад, “адрамантавалі” ў 2004 годзе. А насамрэч яны не адрамантаваныя. А наагул людзі стаміліся”.
Усяго на Магілёўшчыне падалі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў 83 апазыцыянэры. Кожны зь іх заяўляе, што галоўны ўпор у сваёй працы зь людзьмі зробіць на мясцовыя актуальныя праблемы.