Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Сурган: “Я не кусаў міліцыянта. Проста я вывесіў сьцяг”


Алег Сурган падчас суду.
Алег Сурган падчас суду.

Жыхар Віцебску Алег Сурган вымушаны будзе правесьці 6 месяцаў пад арыштам і заплаціць 2,5 мільёна кампэнсацыі міліцыянту, які затрымліваў яго за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга. Такі прысуд вынес сёньня судзьдзя Яўген Буруноў.

Тэрмін пакараньня будзе адлічвацца з 27 студзеня — з таго часу, як Алега Сургана зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. У Віцебску няма арыштнага дома, таму зьняволеньне Алег Сурган будзе адбываць у тым самым ізалятары.

У сваім апошнім слове падсудны зноў падкрэсьліў, што не рабіў таго, у чым яго вінавацяць — не нападаў на міліцыянта Сяргея Дудкевіча 3-га верасьня і не кусаў яго за мезенец левай рукі, як цьвердзіць той:

«Я ніякага супраціву не аказваў. А тое, што вешаў сьцяг, дык паводле Канстытуцыі магу выражаць свае перакананьні, як хачу. За гэта караць нельга!»

Міліцыянт Сяргей Дудкевіч сьцьвярджаў у судзе, што Алег Сурган укусіў яго, калі ён не даваў затрыманаму «біцца галавой аб дзьверы міліцэйскай машыны» і «церціся шчокамі аб падлогу». Міліцыянт запатрабаваў ад падсуднага 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі — за тое, што мог заразіцца гепатытам, пасьля таго як затрыманы Сурган укусіў яго за «пазногцевую фалангу левай рукі» падчас затрыманьня 3-га верасьня, калі на праспэкце Фрунзэ быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг.

Прысутны на працэсе пракурор запатрабаваў у якасьці пакараньня за гвалтоўныя дзеяньні ў адносінах да супрацоўніка міліцыі 3 гады калёніі строгага рэжыму. Але судзьдзя Яўген Буруноў абмежаваўся 6 месяцамі арышту і ў чатыры разы меншай матэрыяльнай кампэнсацыяй маральных пакутаў лейтэнанту Дудкевічу.

Павал Севярынец і міліцыянт Сяргей Дудкевіч.
Павал Севярынец, які сачыў за працэсам Алега Сургана, лічыць, што гэта хоць і адносна мяккі, але безумоўна палітычны прысуд:

«Уся віцебская міліцыя, пасьля вось гэтых спраў Каваленкі і Сургана, — гэта для мяне адна суцэльная „пазногцевая фаланга“. Вось такі вобраз у мяне нарадзіўся. Я спытаўся ў падсуднага, навошта ён бярэ грэх на душу. А ён проста ня ведае, што адказаць. Гэта відавочная „падстава“. Таму прысуд незаконны, а такая адносная мяккасьць прысуду — толькі 6 месяцаў арышту — тлумачыцца толькі тым, што гэта справа палітычная. Гэта не „бытавуха“ і ніякі не напад на міліцыянта — гэта вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга. Таму Алег Сурган — гэта, безумоўна, палітвязень, мы будзем дабівацца перагляду ягонага прысуду, вызваленьня, будзем дапамагаць ягонай сям’і».

У Алега Сургана — старыя нямоглыя бацькі: маці пакутуе на астму, а ў бацькі рак. Яны ўтрох жывуць у прыватнай хаце, і пакуль Алега трымаюць пад вартай, дапамагае ім малодшы брат, Тарас Сурган — актывіст «Маладой Беларусі», якога таксама неаднойчы каралі арыштамі і штрафамі за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Тацяна Севярынец і Сяргей Каваленка слухаюць прысуд Алегу Сургану.
Падтрымаць Алега Сургана ў судзе прыходзілі і віцебскія дэмакратычныя актывісты, у тым ліку Сяргей Каваленка, супраць якога таксама ўзбудзілі крымінальную справу пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы.

Тарас Сурган і Сяргей Каваленка засьведчылі ў судзе, што пасьля затрыманьня за сьцяг Алега Сургана прывезьлі ў пастарунак зьбітым. Пра гэта ён напісаў скаргу ў пракуратуру, і тое, што неўзабаве зьявілася крымінальная справа пра ўкушаны палец, брат падсуднага лічыць помстай з боку міліцыянтаў.

Кацярына Аляксеева, дачка Алега Сургана, катэгарычна ня верыць у тое, што бацьку на судзе выставілі агрэсіўным хуліганам, які абражаў міліцыянтаў словамі і ўрэшце зьдзейсьніў напад:

Кацярына Аляксеева.
«Ён увогуле спакойны, і што да нецэнзурнай лаянкі, то мату я ад яго ўвогуле ня чула. Калі я прыехала ў РАУС, то ўбачыла, што ў яго ўвесь твар у крыві, і ён сказаў, што яго зьбілі міліцыянты. Калі супрацоўнікі РАУС гэта пачулі, яны зачынілі фортку і забаранілі нам размаўляць».

Меркаваньне сваякоў і сяброў Алега Сургана адзінадушнае: міліцыянты затрымалі яго за бел-чырвона-белы сьцяг, падчас затрыманьня перавысілі службовыя паўнамоцтвы, а калі затрыманы паскардзіўся на зьбіцьцё, прыдумалі вэрсію пра пакусаны палец. Ускосна гэта пацьвярджаецца: пасьля службовага расьсьледаваньня лейтэнант Сяргей Дудкевіч быў пераведзены на ніжэйшую пасаду, а прысуд Алегу Сургану чакаўся больш жорсткі — з улікам таго, што ў мінулым ён быў двойчы асуджаны за кішэнныя крадзяжы, яму пагражала ад трох гадоў турэмнага зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG