Пра гэта прэм'ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс паведаміў у сваім лісьце камісару Рады Эўропы па правах чалавека Томасу Хамамбэргу.
"Зараз абмяркоўваецца магчымасьць і неабходнасьць зьмяніць нацыянальныя заканадаўчыя акты ў сувязі з правамі нацменшасьцяў на дзьвюхмоўныя тапаграфічныя надпісы, да прыкладу, традыцыйныя назвы мясцовасьцей і вуліц", – цытуе агенцтва BNS ліст прэм'ер-міністра.
Па словах Кубілюса, такія абмеркаваньні вядуцца з улікам канвэнцыі аб абароне нацменшасьцяў. Кіраўнік ураду, адказваючы на запыт камісара, зьвярнуў увагу і на падрыхтаваны праект закону, які дазволіць пісаць прозьвішчы і імёны на мове арыгіналу лацінскімі літарамі.
Але шмат у каго зараз узьніклі сумневы наконт таго, што такі рэглямэнт адпавядае Канстытуцыі, таму пасьля прыняцьця закону магчымыя звароты ў Канстытуцыйны суд.
Дазволіць таблічкі з назвамі на двух мовах і пісаць прозьвішчы на мове арыгіналу ўжо доўгі час просіць шматлікая польская супольнасьць. Па дадзеных Дэпартамэнту статыстыкі, у Літве пражывае больш за 200 тыс. палякаў.
Хамамбэрг назваў прынятую ў мінулым годзе пастанову Канстытуцыйнага суду Літвы аб напісаньні прозьвішчаў і імёнаў "пазытыўным крокам" і выказаў надзею на тое, што будзе знойдзена "прымальнае рашэньне" ў сувязі з тапаграфічным надпісамі на дзьвюх мовах.