Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-польскі канфлікт выходзіць на эўрапейскі ўзровень


Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Польшча забараняе ўезд на сваю тэрыторыю беларускім чыноўнікам, якія датычныя да парушэньняў правоў беларускіх палякаў. Паводле першага сакратара амбасады Польшчы ў Беларусі Паўла Марчука, санкцыі пачалі дзейнічаць апоўначы 16 лютага.

Аднак БелаПАН са спасылкай на прэсавага сакратара Міністэрства замежных спраў Польшчы Пятра Пашкоўскага паведамляе, што «санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў пакуль не ўвайшлі ў сілу».

Рашэньне аб візавых санкцыях прынятае ўчора на сустрэчы прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага зь міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім. Пра гэта паведамілі ўсе найбуйнейшыя польскія выданьні.

Сёньня раніцай першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук сказаў «Свабодзе», што санкцыі пачалі дзейнічаць апоўначы 16 лютага. Польскі дыплямат дадаў, што ён ня мае дадзеных, колькі чалавек патрапіла ў гэты сьпіс і хто канкрэтна гэтыя людзі:

Гэтыя меры тычацца ўсіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсаваньні беларускіх палякаў, а таксама чальцоў Саюзу палякаў на Беларусі, які ўзначальвае спадар Сямашка.
«Можна сказаць, што гэтыя меры тычацца ўсіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсаваньні беларускіх палякаў, а таксама чальцоў Саюзу палякаў на Беларусі, які ўзначальвае спадар Сямашка. Думаю, што гэта будзе нечаканасьцю для многіх беларускіх чыноўнікаў. Гэты сьпіс, магчыма, будзе яшчэ павялічаны цягам бліжэйшага часу. Бо мы сёньня яшчэ ня ведаем імёны ўсіх, хто ўдзельнічаў у гэтых „спэктаклях“ у Валожыне і Івянцы».

Тым часам прэсавы сакратар МЗС Польшчы Пётар Пашкоўскі паведаміў БелаПАН, што сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы, пакуль толькі рыхтуецца:

«Сьпісу яшчэ няма. Наколькі я валодаю сытуацыяй, ён цяпер прапрацоўваецца. Як толькі будзе прынята канчатковае рашэньне, мы абвясьцім імёны, уключаныя ў гэты сьпіс».

Экспэрт у пытаньнях Эўразьвязу, палітоляг Аляксандар Уласкін выказаў «Свабодзе» сваё разуменьне сытуацыі з санкцыямі ўладаў Польшчы супраць беларускіх чыноўнікаў:

«Тут, мабыць, сытуацыя такая. Санкцыі могуць быць уведзеныя ня толькі Міністэрствам замежных спраў, але і якім-небудзь іншым дзяржаўным органам міністэрскага роўню. Гэта могуць быць Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамэнт па міграцыі, нават нейкая парлямэнцкая камісія. У такіх выпадках указаньне аб ужываньні санкцыяў перадаецца не празь міністэрства, а непасрэдна консульскай службе. То бок консульская служба падпарадкоўваецца ня толькі МЗС, але і МУС, і Дэпартамэнту па міграцыі. Але гэта ўжо залежыць ад канкрэтнай краіны.

МУС альбо Дэпартамэнт па міграцыі маглі даць указаньне консульскай службе амбасады Польшчы ў Беларусі непасрэдна. А паведамленьне пра гэта ў МЗС яшчэ не дайшло».

Старшыня афіцыйна зарэгістраванага СПБ Станіслаў Сямашка адмовіўся абмяркоўваць сытуацыю з карэспандэнтам «Свабоды»:

«Уладзімер Глод, Радыё Свабода? Праз тэлефон інтэрвію не даю, выбачаюся. Я мушу бачыць чалавека».

Раман Якаўлеўскі
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі згадвае, што гэта далёка ня першы канфлікт паміж Менскам і Варшавай. Але гэтым разам тут назіраюцца новыя зьявы, адзначае спадар Якаўлеўскі:

«На маю думку, гэта яшчэ далёка не канец таму працэсу, які мы называем санкцыямі. Існуе вельмі вялікая верагоднасьць, што яны пашырацца. І я не выключаю, што санкцыі ахопяць ня толькі чыноўнікаў, але і гандлёва-эканамічныя стасункі паміж дзьвюма краінамі.

Адрозьненьне гэтага канфлікту ад мінулых у тым, што раней ён закранаў толькі двухбаковыя дачыненьні Беларусі і Польшчы. А гэтым разам канфлікт выходзіць ужо на эўрапейскі ўзровень. Польскія ўлады, прынамсі міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі, ужо неаднаразова кажуць, што яны паставяць гэтае пытаньне на эўрапейскім узроўні, то бок у Эўрапарлямэнце і структурах Эўразьвязу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG