Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовая справа за Дом польскі


Тэрэса Собаль
Тэрэса Собаль

Сёньня ў раённым судзе ў Валожыну пачнецца разгляд пазову афіцыйнага Саюзу палякаў, сядзіба якога месьціцца ў Горадні, да дзяячкі польскага руху зь мястэчка Івянец Тэрэсы Собаль.

Спадарыня Собаль падтрымлівае не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс. У афіцыйным Саюзе лічаць, што Тэрэса Собаль своечасова ня вызваліла Дом польскі ў Івянцы, сёньня на будынак накладзены судом арышт і ён апячатаны.

Сутнасьць справы ў тым, што ў праўладным Саюзе палякаў Тэрэсу Собаль выключылі з шэрагаў. Там лічаць: гэта азначае, што спадарыня Собаль спыняе свае паўнамоцтвы кіраўніцы Дому польскага ў Івянцы і таксама — мясцовага аддзелу СПБ. Але Тэрэса Собаль не пакінула пасаду і ня вызваліла будынак, як таго хацеў кіраўнік праўладнага Саюзу Станіслаў Сямашка. Ён падаў іскавую заяву ў суд. У Тэрэсы Собаль яна ў руках, і ў заяве гаворыцца наступнае:

“Собаль не дапускае ў будынак Дому палякаў да выкананьня сваіх абавязкаў наноў абранага старшыню аддзелу Бурачэўскага Станіслава. У адпаведнасьці з артыкулам 44 Канстытуцыі РБ недатыкальнасьць уласнасьці ахоўваецца законам. На просьбу вызваліць Дома палякаў, а таксама перадаць маёмасьць і дакумэнтацыю, грамадзянка Сабаль не рэагуе. Прашу абавязаць грамадзянку Собаль вызваліць самавольна занятае ёю памяшканьне”.

У Івянцы ў мінулым месяцы ў адзін дзень адбыліся два польскія сходы, на адным стаў новым кіраўніком мясцовага Саюзу палякаў Станіслаў Бурачэўскі, гэта — праўладная арганізацыя. На другім сходзе ўдзельнікі паўторна абралі Тэрэсу Собаль. Яна з прыхільнікамі працягвала заставацца ў Доме польскім, пакуль яго днямі не занялі міліцыянты. Наконт сёньняшняга суду старшыня Галоўнай рады незарэгістраванага Саюзу палякаў Андрэй Пачобут гаворыць:

“Каб справа разглядалася згодна зь беларускім заканадаўствам, то ніякага сумненьня, што Тэрэса Собаль засталася б у Доме польскім. Рэч у тым, што 21 студзеня адбыўся сход, у ім прымала ўдзел 157 сяброў нашага аб’яднаньня, зь 155 аддалі свае галасы за Тэрэсу Собаль. Тое, што, ня гледзячы на ўсе спробы яе дыскрэдытаваць, яна карыстаецца падтрымкай сяброў Саюзу палякаў, гэта ёсьць факт”.

Тэрэса Собаль гаворыць, што валожынская раёнка “Працоўная слава” выйшла з артыкулам на тэму канфлікту і маючага адбыцца суду:

“Там ужо напісалі амаль гатовае рашэньне, што пані Собаль гэты будынак не належыць і нават Івянецкаму аддзелу саюзу палякаў, а — грамадзкаму аб’яднаньню СПБ, сядзіба якога ў Горадні. Людзі прачыталі і сказалі — “ну, усё, суд прайшоў”. Я яшчэ ні разу на судзе ў жыцьці не была, нават сьведкай. Першы раз у мяне такое баявое хрышчэньне. Ня ведаю, як гэта ўсё вытрымаць, але вытрымаю, бо віны маёй нідзе няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG