Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску стартавала нацыянальная дыктоўка 2010


Зінаіда Бандарэнка праводзіць нацыянальную дыктоўку, архіўнае фота.
Зінаіда Бандарэнка праводзіць нацыянальную дыктоўку, архіўнае фота.

12 лютага ў бібліятэцы менскага касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл) адбылася першая нацыянальная дыктоўка 2010 году.

«Мне пісалася вельмі лёгка, бо быў выдатны тэкст — Адама Мальдзіса пра славутага нашага земляка Ігнація Дамейку, а начытала дыктоўку народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка», — падзяліўся уражаньнямі палітоляг Уладзімер Падгол, адзін з аўтараў ідэі аб нацыянальнай дыктоўцы і яе ранейшы арганізатар.

Акцыі папярэднічаў зварот, зьмешчаны ў інтэрнэце. «Агульнанацыянальная дыктоўка зьяўляецца своесаблівым актам негвалтоўнага грамадзянскага супраціву мураўёўска-русіфікараскай палітыкі мясцовай бюракратыі, якую сёньняшняя ўлада з дапамогай падманлівых рэфэрэндумаў „вызваліла“ ад неабходнасьці ведаць сваю родную мову і карыстацца ёй у сваім штодзённым жыцьці», — пішуць старшыня культурна-асьветнага клюбу «Спадчына» Анатоль Белы ды іншыя арганізатары дыктоўкі.

«Сёньня дыктоўку пісалі болей за 50 чалавек, сярод іх шмат вядомых людзей: літаратары Надзея Сармант, Анатоль Валахановіч, мастакі Анатоль Мільгуй, Міхась Карпук, Анатоль Крывенка. Будуць яшчэ дыктоўкі, на нашым сайце зьявіцца інфармацыя, дзе і калі. Паспрабуем ахапіць як мага болей людзей. Потым гэтыя дыктоўкі будуць уключаныя ў экспазыцыю музэя клюбу «Спадчына», — паведаміў «Свабодзе Анатоль Белы.

На сайце клюбу «Спадчына» зьмешчаны чатыры варыянты нацыянальнай дыктоўкі, якія начытаны Зінаідай Бандарэнка, Валерам Мазынскім, Анатолем Валахановічам і Надзеяй Сармант. Любы з тэкстаў можна ужыць дзеля напісаньня дыктоўкі і потым даслаць арганізатарам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG