Сёньня лягер беларускіх алімпійцаў у Ванкувэры папоўніўся «дэсантам» з функцыянэраў: акіян пераляцелі міністар спорту і турызму Алег Качан, першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Генадзь Аляксеенка ды іншыя. Прагнозы, што наўпрост са Швайцарыі ў Канаду выправіцца прэзыдэнт НАК Беларусі Аляксандар Лукашэнка, ня спраўдзіліся — пасьля паўтаратыднёвага адпачынку ў Альпах ён вярнуўся ў Менск.
Беларуская дэлегацыя ці не ўпершыню прызнае, што не перасьледуе надта амбітных мэтаў. Маўляў, добра будзе выступіць ня горш за папярэднія Гульні ў Турыне, дзе фрыстайліст Дзьмітры Дашчынскі здабыў для Беларусі адзіную срэбную ўзнагароду. Няўжо чыноўнікі пагадзіліся, што няма патрэбы маральна ціснуць на спартоўцаў мэдалёвымі плянамі? Вось што з гэтай нагоды мяркуе былы спартовы тэлекамэнтатар Алесь Камароўскі:
Калі існуе праграма на заваяваньне мэдалёў, то гэта вісіць як дамоклаў меч над спартоўцам.
Амаль да апошняга падрыхтоўку алімпійскай зборнай да зімовых Гульняў у Ванкувэры курыраваў Аляксандар Грыгараў. Аднак пры канцы мінулага году нечакана для многіх ён быў зьняты з пасады — нягледзячы нават на тое, што летам 2008 году здолеў прывезьці беспрэцэдэнтную колькасьць мэдалёў з Пэкіну: ажно 19. Цяперашнюю мэдалёвую капітуляцыю перад супернікамі асуджае — маўляў, цалкам рэальна зачапіцца за ўзнагароды ня толькі ў фрыстайле і біятлёне, але і ў лыжных гонках і нават у хакеі:
«Вы прабачце, але мяне такія заявы крыху чапляюць. Разумееце, у нас спорт вышэйшых дасягненьняў, ён ня можа існаваць сам па сабе. У кожным відзе спорту, у кожным відзе праграмы ёсьць канкурэнцыя. Але пагадзіцеся і зь іншым: на сёньняшні дзень трэба перад спартоўцамі ставіць задачы — змагацца за штосьці.
Калі ня ставіць такія задачы — дык што тады? Тады людзі проста едуць на прагулку.
Алімпійскія старты яшчэ не распачаліся, а Ванкувэр ужо скалануў грандыёзны допінгавы скандал. Як заявіў напярэдадні кіраўнік Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва Джон Фэйхі, дачасна зьнята з алімпійскай дыстанцыі блізу трох дзясяткаў спартоўцаў. Прозьвішчы дыскваліфікаваных і іх дзяржаўная прыналежнасьць пакуль не называюцца. Але, на думку экспэртаў, сярод забракаваных наўрад ці будуць фаварыты спаборніцтваў. Хутчэй гаворка пра атлетаў з краінаў, у якіх бракуе сродкаў на сучасныя распрацоўкі ў галіне мэдыцыны. Па словах лекара алімпійскай зборнай Беларусі Валерыя Бялана, вядучыя спартовыя дзяржавы заўсёды на крок апярэджваюць сваіх кантралёраў:
«Што хачу адзначыць: не прэпарат сам па сабе ёсьць маральна састарэлым ці не састарэлым. Бо гэта тое ж, што таўчы ваду ў ступе. Ёсьць прыродная наяўнасьць гармонаў, у тым ліку і тэстастэронаў. І вось шляхі іх атрыманьня могуць маральна састарэць, лябараторыі могуць фінансава не цягнуць, ды іншыя адсюль вытворныя. Гэта можа мець месца, але ж ні для кога не сакрэт: генны допінг краінам СНД пакуль нават ня сьніўся. Таму што ён вельмі дарагі. Ёсьць розныя пакаленьні лекаў: так званыя дальнія, першыя распрацоўкі, нейкія анабалічныя стэроіды. Потым зьявіліся прэпараты трэцяга, чацьвёртага, пятага пакаленьняў — яны, канечне ж, будуць мець розьніцу ў тэрмінах вываду. Натуральна, усё імкнецца да дасканаласьці, і мэдыцына намагаецца, каб прэпарат меншы час знаходзіўся ў арганізьме чалавека. Гэта тэрапэўтычная здольнасьць чалавека. І цалкам лягічна, што спорт будзе на ўсю гэтую справу глядзець праз сваё пераламленьне».
У Ванкувэр выправіліся паўсотні беларускіх спартоўцаў, якія возьмуць удзел у шасьці дысцыплінах. Першымі ў спрэчку за ўзнагароды ўжо ў суботу ўступяць чатыры беларускія біятляністкі. Пад заслону Алімпіяды беларускія спадзяваньні будуць на фрыстайлістаў, якія дагэтуль чатыры разы вярталіся дадому з мэдалямі. Апроч таго, Беларусь будзе прадстаўлена ў лыжных гонках, канькабежным спорце, горных лыжах, а таксама ў хакейным алімпійскім турніры.