Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў Севярынцу і Рымашэўскаму


Павал Севярынец на паседжаньні суду.
Павал Севярынец на паседжаньні суду.
У Першамайскім судзе Менску прайшоў працэс паводле пазову сустаршыняў аргкамітэту партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага да Белдзяржтэлерадыёкампаніі і аглядальніка БТ Андрэя Крывашэева.

Сваю пазыцыю на судзе выклаў Павал Севярынец, які адсутнічаў на мінулым паседжаньні. Палітык пацьвердзіў усе ранейшыя патрабаваньні да БТ і карэспандэнта Андрэя Крывашэева: гэта прызнаць паклёпніцкім сюжэт Андрэя Крывашэева, які паказала БТ летась 27 верасьня, даць абвяржэньне і спагнаць з адказьнікаў па 50 мільёнаў рублёў. «Грошы, якія мне мусяць выплаціць, я патраціў бы на перайменаваньне вуліц у маім родным Віцебску,
«Грошы, якія мне мусяць выплаціць, я патраціў бы на перайменаваньне вуліц у маім родным Віцебску.
дзе яшчэ ёсьць вуліца Камуністычная ды іншыя з гэтага шэрагу. Хай бы гэта быў унёсак БТ на кампанію па вяртаньні жыцьця ў Беларусі да нармальных чалавечых нормаў», — патлумачыў Павал Севярынец.

Судзьдзі Вользе Багам’е Павал Севярынец заявіў, што ня верыць у тое, што суд можа прыняць рашэньне на карысьць пазоўнікаў. «Але я спадзяюся, што такі час у Беларусі прыйдзе», — сказаў палітык.

Сёньня на працэс не зьявіўся карэспандэнт Андрэй Крывашэеў — аўтар сюжэту пра партыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Паводле прадстаўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі Руслана Жукаўца, карэспандэнт Крывашэеў нібыта зьбіраўся прыйсьці ў суд, але потым перадаў просьбу разглядаць пазоў безь яго. Пры гэтым высьветлілася, што спадар Жукавец з Крывашэевым не размаўляў:

«Магчыма, ён вырашыў, што сёньня мы не пачнем непасрэдны разгляд пазову... Ня ведаю, я зь ім ня бачыўся».

Судзьдзя Вольга Багам’я вырашыла пачынаць разгляд пазову ў адсутнасьці Андрэя Крывашэева.

Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі літаральна па сказах разабралі сюжэт Крывашэева, і назвалі сказы, якія лічаць адносна сябе паклёпніцкімі. Такіх эпізодаў больш за 10. Фразы ў іх тычацца адносін да рэлігіі, мэтадаў стварэньня партыі БХД, патрыятызму ці антыпатрыятызму і шмат чаго іншага. Гэта альбо аўтарскі тэкст, альбо цытаваньні камэнтатараў, у тым ліку ананімных, у суправаджэньні кадраў, на якіх фігуруюць Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі ці актывісты БХД. Прычым Севярынца аўтар сюжэту паказваў часьцей за іншых — ажно 10 разоў. Якраз калі гучала пра «сэктантаў», «махінатараў», «ілжэмісіянэраў» ды іншае. На судзе Севярынец спрабаваў высьветліць у прадстаўнікоў Белдзяржтэлерадыёкампаніі, чаму яго твар гэтак часта паказвалі ў сюжэце? Вось фрагмэнт, калі палітыку адказвае прадстаўніца БТ Вольга Дуброўская:

Севярынец: «Я яшчэ раз запытаўся: чаму я там у кадры? Вы адказваеце, што, можа, гэта і ня вы. А я вам адказваю на гэта, што гэта я, я сябе пазнаю».

Дуброўская: «Стоп. Я вам адказваю, што ў гэтым відэашэрагу ня толькі вы».

Севярынец: «Такім чынам, вы гатовыя абразіць яшчэ дзясяткі людзей?»

Дуброўская: «Там шмат людзей, якія паказаныя ў відэасюжэце».

Севярынец: «І мы можам усе падаваць у суд?»

Дуброўская: «Паводле вашага жаданьня».

Нагадаю, пазыцыя Белдзяржтэлерадыёкампаніі палягае ў тым, што сюжэт нібыта не пра пэўных людзей, а пра «інфармацыйную хвалю ў інтэрнэце, зьвязаную зь нерэгістрацыяй партыі БХД». А тое, што ў сюжэце паказаныя пэўныя асобы, прадстаўнікі БТ ніяк у судзе не патлумачылі, як і тое, чаму аўтар не сустрэўся зь лідэрамі БХД і не прадставіў іх пазыцыю наўпрост, а абмежаваўся некалькімі цытатамі з інтэрнэту.

Пасьля абеду працэс аднавіўся і скончыўся ужо а 17 гадзіне Судзьдзя Вольга Багам’я адмовіла Паўлу Севярынцу і Віталю Рымашэўскаму ў іх пазове да БТ і карэспандэнт Андрэя Крывашэева. Павал Севярынец на гэта заявіў, што «суд у дэмакратычнай Беларусі абавязкова перагледзіць гэтае рашэньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG