У лісьце падаецца рэтраспэктыва мінулых выбараў у парлямэнт і мясцовыя саветы, а таксама нагадваюцца канкрэтныя факты ціску з боку ўладаў на дэмакратычных кандыдатаў, беспадстаўныя адмовы ў рэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў, выкарыстаньне ўладамі адміністрацыйнага рэсурсу, непрыхаванае фальшаваньне выбараў і іншыя парушэньні заканадаўства.
Выбарцы, зьвяртаючыся да кіраўнікоў раёну, пішуць: “Мы патрабуем прадаставіць нам гарантаванае Канстытуцыяй права абіраць і быць абранымі”.
Сярод канкрэтных патрабаваньняў: уключыць у склад камісіі прадстаўнікоў ад усіх палітычных партый, якія дзейнічаюць у раёне, выключыць маніпуляцыі з рэгістрацыяй кандыдатаў, каб выбары насамрэч адбываліся на альтэрнатыўнай аснове, і прыцягваць да адказнасьці тых кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія, карыстаючыся адміністрацыйным рэсурсам, прымушаюць людзей галасаваць за таго ці іншага кандыдата.
Сярод тых, хто падпісаўся пад лістом, — кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Іван Шэга. Ён сказаў нашаму радыё, што група выбарцаў запісалася на прыём да старшыні райвыканкаму, каб асабіста выказаць яму гэтыя патрабаваньні.