Алег Ладуцька, які актыўна паводзіць сябе падчас вулічных акцый апазыцыі паведаміў, што а 6 раніцы яму патэлефанавалі з ваенкамату Ленінскага раёну Менску і запатрабавалі, каб ён празь дзьве гадзіны прыйшоў у ваенкамат.
Алег Ладуцька паведаміў “Свабодзе”, што яшчэ ў 2008 годзе мэдычная камісія прызнала яго непрыдатным для вайсковай службы. Летась мэдыкі пацьвердзілі ранейшы дыягназ і далі адпаведную даведку.
Алег Ладуцька паведаміў: “У кабінэце ваенкома Ленінскага раёну Менску быў нейкі палкоўнік. Я ягонае прозьвішча не разглядзеў. Ён сказаў мне, што дыягназ мэдыкаў быў пастаўлены няправільна і, што мяне можна спакойна накіроўваць у космас”.
Алег Ладуцька паведаміў, што яму ўручылі позву ў ваенкамат на 20 студзеня. На блянку было напісана, што яго выклікаюць для размовы з кіраўніком ваенкамату.
Алег Ладуцька лічыць дзеяньні вайскоўцаў правакацыйнымі, бо, паводле заканадаўства, яму гарантавана адтэрміноўка ад вайсковай службы на 3 гады. Хлопец лічыць, што галоўнай прычынай такіх дзеяньняў стала ягоная актыўная палітычная дзейнасьць.
Паплечнікі Алега лічаць, што напярэдадні выбарчай кампаніі ўлады зноў будуць выкарыстоўваць войска для ізаляцыі найбольш актыўных сяброў моладзевага дэмакратычнага руху.