Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верніка зьняволілі за ўхіленьне ад вайсковай службы


Вернік габрэйска-мэсіянскай суполкі Іван Міхайлаў тры тыдні ў камэры жодзінскага сьледчага ізалятара чакае суду за ўхіленьне ад вайсковай службы. 31 сьнежня справу перадалі ў суд. Іван спадзяваўся на службу ў рэзэрве і казаў, што рэлігійныя перакананьні не дазваляюць яму служыць у войску. Цяпер яму пагражае паўгода арышту.

Старэйшая сястра 21-гадовага Івана Міхайлава Ліля распавяла «Свабодзе», што разам з бацькамі наведвала ваенкамат. Сваякі Івана прасілі даць хлопцу магчымасьць служыць на рэзэрвовай службе. Яны неаднойчы зьвярталіся ў ваенкамат, Міністэрства абароны і адміністрацыю кіраўніка краіны.

20 сьнежня Івана затрымалі ў салігорскім гатэлі. Ён працаваў рамонтнікам катлоў і быў у Салігорску па працы. З Салігорску хлопца адвезьлі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар.

Ліля Міхайлава: «Ён папросту не падпісаў позву, а больш ніякіх позваў не было. Але прыходзіў участковы і казаў, што брату трэба прыйсьці ў міліцыю. А потым, калі яны з татам былі на працы ў Салігорску, яго затрымалі.

Я — за альтэрнатыўную службу. Я сама веруючы чалавек. У нас сям’я наведвае габрэйска-мэсіянскую суполку „Новы запавет“. Лічу, што, калі чалавек ня хоча трымаць зброю, у яго павінна быць права выбару. Войска павінна быць добраахвотным і на кантрактнай сыстэме».

Вайсковы камісар Менскага раёну палкоўнік Сяргей Глябовіч патлумачыў «Свабодзе»:

«Мы практыкуем службу ў рэзэрве, але ён паводле сваіх маральных якасьцяў не падыходзіць. Туды бяруць, як правіла, з вышэйшай адукацыяй. Бяруць зь сярэдняй адукацыяй, але калі прадпрыемства дасьць даведку, што ён каштоўны спэцыяліст.

У нас такіх, як ён, 16 чалавек. За летні прызыў мы накіравалі іх справы ў пракуратуру.
Я нядаўна прызначаны ваенкамам, але пра яго ўжо чуў. У нас такіх, як ён, 16 чалавек. За летні прызыў мы накіравалі іх справы ў пракуратуру. Нехта ўжо атрымаў штраф. Пракурор вырашае, каму што даць. Мы трымаем на кантролі.

Я размаўляў з маці і зь сястрой, і ён сам быў. Пра яго мне дакладалі, што ён там і намёты ставіў на плошчы, і ўсё такое...».

Летась моладзевыя актывісты на чале зь Міхаілам Пашкевічам распачалі кампанію за закон аб альтэрнатыўнай вайсковай службе. Міхаіл лічыць, што адсутнасьць такога закону нэгатыўна адбіваецца і на іміджы самога войска:

«Яшчэ ўлетку „Маладыя дэмакраты“ зьвярталіся з прапановай у Палату прадстаўнікоў, каб быў прыняты закон аб альтэрнатыўнай службе. Атрымалі адказ, што гэта ёсьць у плянах. Але цяпер мы бачым, што прыняцьце закону зноў праігнаравалі.

Кампанія за альтэрнатыўную службу пачалася ў верасьні. Адной з прычынаў стала адсутнасьць закону, а таксама гвалтоўны прызыў у войска моладзевых актывістаў.

Мы правялі інфармаваньне моладзі ў менскіх і абласных унівэрсытэтах. Было распаўсюджана некалькі тысяч флаераў».

У рамках кампаніі за альтэрнатыўную службу маладыя людзі накіравалі каля 2 тысяч лістоў у хосьпісы ды іншыя сацыяльныя ўстановы краіны. Паводле маніторынгу, у Беларусі шмат месцаў для правядзеньня альтэрнатыўнай вайсковай службы.

Галоўны ўрач менскага хосьпісу Вольга Мычко паведаміла «Свабодзе», што ў такіх установах вельмі патрэбныя людзі.

«Гэтае пытаньне ня раз абмяркоўвалася. Такі варыянт альтэрнатыўнай вайсковай службы вельмі добры. Патрабуюць людзей ня толькі хосьпісы, але і дамы інвалідаў, дамы састарэлых, дамы сястрынскага нагляду і г.д. Поле дзейнасьці для духоўнага служэньня з прыкладаньнем інтэлекту і фізычнай сілы.

Гэта ня толькі накарміць, напаіць хворага і састарэлага чалавека, дапамагчы яму ў асабістай гігіене, але й дапамога сацыяльным арганізацыям, якія не расьпешчаныя праграмістамі ці людзьмі, якія могуць дапамагчы рабіць тыя ж публікацыі і ўдзельнічаць у фармаваньні грамадзкай думкі, тыя ж буклеты і г.д.».

Раней, у лістападзе мінулага году, 23-гадовага пратэстанта Зьмітра Смыка з Гомелю пакаралі штрафам за ўхіленьне ад вайсковай службы. Ён таксама прасіў ваенкамат даць яму магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу.

Маладафронтавец, салдат-апазыцыянэр Андрусь Цянюта з Гомелю абскардзіў у судзе адмову ваенкамату дазволіць яму альтэрнатыўную службу.

Права на альтэрнатыўную службу замацавана ў артыкуле 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе Канстытуцыйны суд ініцыяваў прыняцьцё закону, які б рэалізоўваў гэтае права, бліжэйшым часам. Але ў 2004 годзе Палата прадстаўнікоў адхіліла законапраект. Летась праект закону «Аб альтэрнатыўнай службе» быў уключаны ў праект указа Аляксандра Лукашэнкі «Аб законапраектнай дзейнасьці на 2010 год». У апублікаваным указе пра гэты законапраект зноў ня згадвалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG