Паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, разрыў паміж Януковічам і Цімашэнка складае 4 працэнты. Вынікі сацапытаньня наступныя :
Януковіч – 31,5%
Цімашэнка – 27,2%
Цігіпка – 13,5%
Яцэнюк – 7,8%
Юшчанка – 6,0%
Кіраўнік штабу Ю. Цімашэнкі А. Турчынаў выказаў упэўненасьць у перамозе дзейнага прэм’ера ў другім туры, паколькі людзі, якія галасавалі за іншых дэмакратычных кандыдатаў, на ягоную думку, будуць галасаваць за Цімашэнка.
***
Цэнтарвыбаркам Украіны і перадвыбарчыя штабы фаварытаў прэзыдэнцкай гонкі заяўляюць, што выбары праходзяць без масавых парушэньняў, якія б маглі б істотна паўплываць на вынік. Тым часам Партыя рэгіёнаў усталявала больш за 100 намётаў у Кіеве.
Паводле сакратара ЦВК Украіны Тацьцяны Лукаш, пакуль зафіксаваныя асобныя парушэньні, якія не носяць масавага характару, уся інфармацыя пра іх прыходзіць у Цэнтравыбаркам і апрацоўваецца.
Пра спакойную хаду выбараў выказаўся і намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу Юліі Цімашэнкі Андрэй Партноў. Няма заяваў і пра масавыя парушэньні і са штаба Віктара Януковіча ды іншых кандыдатаў.
Пра адсутнасьць масавых парушэньняў і спакойную хаду выбараў кажуць і міжнародныя назіральнікі. Пакуль што зафіксаваныя асобныя спробы подкупу выбарцаў, заносу бюлетэняў на ўчасткі, дробныя парушэньні.
Вялікая група грузінскіх назіральнікаў (больш за 2000) не атрымала акрэдытацыі ЦВК, некаторыя зь іх былі затрыманыя міліцыяй на Данеччыне – гэта хіба адзін сур’ёзны скандал на гэтых выбарах.
Аднак працягваецца спрэчка вакол ініцыяванага Партыяй рэгіёнаў дазволу ЦВК на галасаваньне дома без мэдычных даведак. Апэляцыйны адміністратыўны суд Кіева на пазоў БЮТ у ноч перад галасаваньнем скасаваў гэтае рашэньне, але лідэры “рэгіяналаў” заклікаюць не выконваць пастанову суду. ЦВК атрымаў рашэньне апэляцыйнага суду, але ніяк па ім не выказаўся, проста разаслаў па тэрытарыяльных камісіях для азнаямленьня. На першы тур выбараў гэтая спрэчка, відаць, моцна не паўплывае, хіба што дадаткова насьцярожыць прадстаўнікоў выбарчых камісіяў. Бакі рыхтуюцца у гэтым пытаньні высьвятляць далей адносіны -- да другога туру выбараў.
Актыўнасьць на гэтых выбарах меншая, чым пад час папярэдніх кампаній. На 15 гадзін дня прагаласавала 46 працэнтаў выбарцаў.
***
Тым часам Партыя рэгіёнаў ўстанавіла 126 намётаў ля асноўных уладных будынкаў у Кіеве: парлямэнту, ураду, сакратарыяту прэзыдэнта і ЦВК. Зь іх 13 намётаў вайсковыя, рэшта – агітацыйныя. Пры гэтым парушэньня грамадзкага парадку міліцыя не рэгіструе, намёты ўсталяваныя згодна з дазволам мэрыі Кіева.