Пад канец тыдня зьявіліся паведамленьні, што Масква і Менск збольшага ўзгаднілі асноўныя прынцыпы пастаўкі нафты праз беларускую тэрыторыю. Расея нібыта пагадзілася павялічыць аб’ём бязмытавай пастаўкі паліва. Паводле крыніцаў, размова пра нязначнае падвышэньне квоты -- ад 6,3 мільёна тон да 8-9 мільёнаў. Хоць Беларусь настойвала, каб уся нафта – а гэта больш за 20 мільёнаў тон – паступала без мыта. Чыноўнік у расейскім урадзе, блізкі да нафтавых перамоваў, лічыць, што ў беларускіх перамоўшчыкаў “няправільная пазыцыя і рыторыка”:
ідзе субсыдыяваньне беларускай эканомікі ў памеры 6,3 мільёна тон нафты ў год ...
“Спроба праз мэдыі націснуць на расейскі бок, каб было больш саступак, гнуткасьці, як яны кажуць. Але так нельга. Пазыцыя расейскага боку палягала ў тым, што, па сутнасьці, ідзе субсыдыяваньне беларускай эканомікі ў памеры 6,3 мільёна тон нафты ў год. Беларускія калегі просяць 8 мільёнаў тон і яшчэ больш. Але рэзоннае пытаньне: чаму 8, а не 6,3? Ёсьць жа пэўныя парамэтры, на якія можа пайсьці Расея, ёсьць пэўныя ліміты і абмежаваньні”.
Аднак беларускі бок настойвае, што ніякіх зьменаў у ранейшай пазыцыі Менска не адбылося. А гэта значыць, што перамоўны працэс па-ранейшаму знаходзіцца ў тупіку. Дата чарговых сустрэчаў прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў не называецца. Сытуацыя ўскладняецца тым, што Фэдэральная мытная служба Расеі распарадзілася спаганяць 100% экспартнага мыта пры пастаўках у Беларусь ня толькі нафты, але і нафтапрадуктаў.
Тым часам расейскі бок у любы момант можа спыніць пастаўку нафты на беларускія НПЗ. Падставай — адсутнасьць пацьверджаных аб’ёмаў з мазырскага прадпрыемства. Прэсавы сакратар расейскай кампаніі “Транснефть” Ігар Дзёмін удакладніў: калі сытуацыя з Наваполацкам некрытычная, то з Мазыром больш складаная, паколькі там пацьверджаныя аб’ёмы заканчваюцца:
“Наша пытаньне транспартнае. Мы пампуем. Аб'ёмы ні транзыту, ні спажываньня не памяняліся параўнальна зь мінулым годам. Мы пастаўляем купленыя аб’ёмы. Былі заключаны адпаведныя дамовы напрыканцы году. У рамках гэтых дамоваў мы транзыт ажыцьцяўляем, дапампоўваем аб’ём, на які заключаны кантракт. Празь некаторы час прапампуем усё, на што дамоўлена. Гэта пытаньне некалькіх сутак. Як толькі заключаны новы кантракт, мы тут жа пачынаем яе прапампоўваць”.
Паводле расейскага ўраду, пастаўкі нафты і ўмовы Мытнага саюзу — дзьве розныя сфэры, таму перамовы ідуць па-за рамкамі саюзу. Але чаму замаўчаў афіцыйны Менск? Чаму не патрабуе тэрміновага вырашэньня канфліктнай сытуацыі? Меркаваньне эканаміста Яраслава Раманчука:
“Бо ня ведаюць, што сказаць. Блеф не працуе. Ведаюць, што Расея вельмі жорстка ставіцца да нафтавага пытаньня. Паколькі гэта не пытаньне падтрымкі беларускага народу, а падтрымкі беларускіх нафтабаронаў, таму ідзе такая жорсткая барацьба. Толькі ідыётам падабаецца ваяваць з Расеяй. Трэба дамаўляцца і ясна ўяўляць свае нацыянальныя інтарэсы. А вось гэтага афіцыйны Менск, на жаль, яшчэ не навучыўся рабіць”.
Што думаюць пра гандлёвыя войны ў гарадах, дзе разьмешчаныя беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы і якія цалкам залежаць ад паставак расейскай нафты? Антон Ясіновіч, які працуе на наваполацкім нафтавым комплексе, гаворыць:
зьезьдзіць Лукашэнка — і будзе нафта ...
“Народ на нашым прадпрыемстве кажа, што Лукашэнка зь Мядзьведзевым сустрэнуцца і менавіта яны вырашаць гэту праблему. Проста пачынаецца прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Вы ж паглядзіце: езьдзілі ў Маскву Сямашка і міністры, але нічога не зьмянілася. А зьезьдзіць Лукашэнка — і будзе нафта. Вы ж разумееце:“Нафтан” дае столькі грашовага прыбытку ў дзяржаўны скарб, што калі ён стане, то тут спыніцца ўсё”.
Наваполацкі грамадзкі актывіст Валеры Шаўчэнка перакананы, што Расея схіляе Лукашэнку да перадачы нафтаперапрацоўчага комплексу ў яе ўласнасьць:
“Калі такая перадача ўласнасьці сапраўды адбудзецца і кран дармовай нафты будзе перакрыты, то беларусы і не заўважаць (б гэта ўсё робіцца скрытна), як пазбавяцца сваёй незалежнасьці”.
У Мазыры, дзе працуе нафтаперагонны завод, тэма нафтавай вайны турбуе амаль усіх. Гаворыць мясцовы адмысловец у галіне нафтаперапрацоўкі:
“З 2007 году была падпісана дамова да 2010 году. Усе выдатна ведалі, што, прынамсі, ільготныя пастаўкі нафты заканчваюцца праз тры гады. Чаму не займаліся гэтым пытаньнем зь лета? Улада ўлезла — і вось вынік. Калі цяпер ня будзе нафты, натуральна, будуць праблемы. Нафтаперапрацоўшчыкі — гэта самыя вялікія платнікі падаткаў у бюджэт”.
Шараговыя працаўнікі галіны ў Мазыры пакуль не адчулі, што завод мае патрэбу ў нафце. Кажуць, што да 21 студзеня запасы сыравіны ёсьць. Калі перапрацоўка зьнізіцца, у нафтавікоў упадуць заробкі. А адсутнасьць нафты прывядзе да спыненьня прадпрыемства:
Нам трэба новага прэзыдэнта абіраць і прымаць цывілізаваныя ўмовы Расеі ...
“Завод стане на капрамонт — і будзем займацца рамонтам. Мы ведаем, дзе і ў кім наша праблема. Усё хочам на халяву, а там ужо халяву даваць ня хочуць. Прайшла інфармацыя, што нібыта наш завод адмаўляецца купляць нафту. Як гэта адмаўляецца, калі яе няма? Бязглузьдзіца! Была, відаць, “указіўка” зьверху. Нам што рабіць? Нам трэба новага прэзыдэнта абіраць і прымаць цывілізаваныя ўмовы Расеі”.
Тым часам экспэрты канцэрну “Белэнэрга” і расейскай кампаніі “Интер РАО ЕЭС” спрабуюць выпрацаваць адзіную пазыцыю адносна ўмоваў транспартаваньня расейскай электраэнэргіі празь Беларусь у Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі. Беларусь, паводле расейскай кампаніі, настойвае на падвышэньні стаўкі транзыту ў 5,5 раза. Але Расея згаджаецца толькі на “нязначнае” павелічэньне.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа, што жаданьне “разбагацець” на транспартаваньні электраэнэргіі — рэха старога міту, нібыта краіна можа жыць за кошт транзыту: “Усё ідзе ад жаданьня зарабіць грошы ні на чым. Гэта тое, што часта заўважаюць у нашай краіне замежнікі: любоў да халявы”. Экспэрт дадаў, што прыбытак за транзыт электраэнэргіі шматразова меншы за прыбытак ад нафты -- гаворка ў лепшым варыянце пра сотні мільёнаў даляраў. Тады як у нафтавай сфэры на кон пастаўленыя мільярды.
Паводле дадзеных, летась транзыт электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць празь Беларусь і Літву склаў 1,1 мільярда кіляват-гадзін. Амаль столькі ж атрымалі транзытнай энэргіі і краіны Балтыі. Дэпутат Калінінградзкай абласной думы Саламон Гінзбург кажа, што ўрад гэтага рэгіёну пакуль не атрымліваў афіцыйных папярэджаньняў пра магчымае спыненьне паставак электраэнэргіі празь Беларусь:
“Я, шчыра кажучы, ня бачу тут вельмі высокую ступень актуальнасьці. Калі ўсё прааналізаваць, то гэтая праблема пакуль так і глядзіцца”.
Прадстаўнікі “Интэр РАО ЕЭС” не камэнтуюць вынікі двух першы пасяджэньняў, што адбыліся у Менску і ў Маскве. Толькі ўдакладняюць, што бакі абмеркавалі агульныя пазыцыі. Рабочы ж працэс працягваецца і новы раўнд перамоваў заплянаваны на 19 студзеня.
Расея зноў наступіла на малочны “мазоль” Беларусі. Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду “Рассельгаснагляд” узмацняе кантроль за 10 беларускімі малочнымі і мяснымі прадпрыемствамі, паколькі ў прадуктах вынайдзеныя шкодныя для здароўя рэчывы. Якая верагоднасьць новага вітка “малочнай вайны” на тле беларуска-расейскага нафтавага ды энэргетычнага канфліктаў?
У аб’ёме паставак малочнай і мясной прадукцыі Беларусь амаль 100-працэнтна залежыць ад расейскага рынку. У адсутнасьць дывэрсыфікацыі любая спроба расейскіх кантрольных ведамстваў “выхаваць” беларускіх вытворцаў выклікае амаль панічную рэакцыю.
Некаторыя экспэрты лічаць, што малочныя абмежаваньні – лягічны крок у шэрагу беларуска-расейскіх канфліктаў. Варта нагадаць, што летам мінулага году малочныя непаразуменьні ледзьве не прывялі да аднаўленьне паўнавартаснай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй, а Аляксандар Лукашэнка на знак пратэсту супраць спыненьня паставак беларускага малака ў Расею публічна праігнараваў саміт АДКБ у Маскве.
Начальнік упраўленьня “Рассельгаснагляду” Аляксей Алексіенка кажа, што Расея пакуль не выкарыстоўвае жорсткія забароны для прадпрыемстваў з так званага “чорнага сьпісу”. Існуе толькі ўзмоцнены кантроль за прадукцыяй канкрэтных прадпрыемстваў:
беларускаму прадпрыемству трэба даць новыя шанцы ...
“Мы зыходзім з таго, што таму ці іншаму беларускаму прадпрыемству трэба даць новыя шанцы. Гэта значыць, што ў канкрэтна вызначаны час — дакладна, на тры месяцы — гэтым прадпрыемствам даецца шанец выправіць існуючыя парушэньні. Калі пасьля кантрольнага тэрміну ня будзе антыбіётыкаў у прадукцыі, то гэтае прадпрыемства будзе зьнята з кантролю”.
Пад пільны кантроль Расеі трапіла, у прыватнасьці, гомельскае акцыянэрнае таварыства “Малочныя прадукты”. У пастэрызаваным малацэ тут выяўлены антыбіётык — залацісты стафілякок:
Гомельскі спэцыяліст у галіне вэтэрынарыі мяркуе, што стафілякок у малацэ — звычайны бруд, які можа патрапіць у малако і на фэрме, і на прадпрыемстве:
Тут шмат прычынаў: машыну не памылі, недапастэрызавалі, яшчэ што-кольвечыe ...
“Тут шмат прычынаў: машыну не памылі, недапастэрызавалі, яшчэ што-кольвечы. Гэта й ёсьць чалавечы фактар. Калі жывёлу калісьці пралячылі, то мікраграмы можна знайсьці заўсёды. Гэта строгія патрабаваньні. Але мы павінны іх выконваць. Яны патрабуюць — мы павінны выконваць. Хто плаціць грошы, той і музыку заказвае”.
У сыры Талачынскага філіялу “Лепельскі малочна-кансэрвавы завод” выяўлены даксыцыклін. Актывіст грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Мікалай Петрушэнка перакананы: прэтэнзіі да якасьці прадукцыі небеспадстаўныя:
“Якасьць сыроў ня можа быць вышэйшай за якасьць малака. У якіх умовах здабываецца наша малако. Калі карова хворая і ёй колюць антыбіётыкі, то малако ад яе трэба зьбіраць у асобны посуд. А калі ўвогуле парадку на фэрме няма, то хто будзе за гэтым сачыць?”
Каб атрымаць да мізэрнага заробку капейчыну, даяркі зьліваюць разам малако ад здаровых і хворых кароў. Спадар Петрушэнка даведаўся, што малако з антыбіётыкам ня йдзе ў справаздачу, і даяркі атрымліваюць меншы заробак. Калі належнага кантролю няма, то гэта застаецца беспакараным.
Адмысловец у галіне сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук лічыць, што такога кшталту канфлікты не нараджаюцца на роўным месцы. А спробы беларускага боку зрабіць пакрыўджаны выгляд не заўсёды абгрунтаваныя:
“Маюць месца шматлікія ўхіленьні ад дамоўленасьцяў што датычыць і якасьці прадукцыі, у тым ліку і малочнай, і што датычыць наогул строгага выкананьня міждзяржаўных абавязацельстваў. Усе мы памятаем гісторыю з тым жа цукрам, калі падмешвалі ў цукар з цукровых буракоў трысьняговы. І калі мяса, закупляючы яго ў Польшчы, прадавалі на расейскі рынак як сваё. Гэта тыя справы, якія ня толькі сумнеўныя з гледзішча нейкай маралі, але і наогул прынцыпаў, якія, канечне, значна падрываюць давер да нашай краіны”.
Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе паведаміла, што ўзмоцнены кантроль за прадукцыяй беларускіх малаказаводаў і мясакамбінатаў будзе ажыцьцяўляцца цягам трох месяцаў. За гэты час вытворцы мусяць забясьпечыць чысьціню ад антыбіётыкаў і мікраарганізмаў.