Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СІЗА за няяўку ў ваенкамат


Прыхаджанін габрэйска-місіянэрскай рэлігійнай грамады Іван Міхайлаў у камэры Жодзінскага сьледчага ізалятару чакае суду за ўхіленьне ад вайсковай службы (артыкул 435 КК РБ).

21-гадовы Іван ня лічыць сябе злачынцам. Ён настойвае на тым, што гатовы прайсьці альтэрнатыўную службу, але ваенкамат адмовіў яму ў такой магчымасьці.

Сваякі Івана Міхайлава некалькі разоў зьвярталіся ў ваенкамат, Міністэрства абароны і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі з просьбай замяніць яму вайсковую службу на альтэрнатыўную ці рэзэрвовую.

Іван Міхайлаў тлумачыў вайскоўцам, што паводле сваіх рэлігійных перакананьняў ня можа насіць зброю.

Цяпер Івану пагражае арышт тэрмінам на 6 месяцаў. Тры тыдні хлопца трымаюць у СІЗА. 31 сьнежня ягоную справу перадалі ў суд.

Раней, у лістападзе мінулага году, 23-гадовага пратэстанта Зьмітра Смыка з Гомеля пакаралі штрафам за ўхіленьне ад вайсковай службы. Ён таксама прасіў ваенкамат даць яму магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу.

Маладафронтавец, салдат-апазыцыянэр, Андрусь Цянюта з Гомеля абскардзіў у судзе адмову ваенкамата дазволіць яму альтэрнатыўную службу.

Права на альтэрнатыўную службу закладзена ў артыкул 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе Канстытуцыйны суд ініцыяваў прыняцьцё закону, які б рэалізоўваў гэтае права, бліжэйшым часам. Але ў 2004 годзе Палата прадстаўнікоў адхіліла законапраект. Летась праект закона “Аб альтэрнатыўнай службе” быў уключаны ў праект указа Аляксандра Лукашэнкі “Аб законапраектнай дзейнасьці на 2010 год”. У апублікаваным указе гэтага законапраекту зноў не знайшлося.

Моладзевыя арганізацыі летась правялі шэраг акцый ў падтрымку альтэрнатыўнай службы.



Ва Ўкраіне і Расеі, у адрозьненьне ад Беларусі, чалавек можа адмовіцца ад праходжаньня вайсковай службы і адбыць альтэрнатыўную цывільную службу.

Адпаведны закон „Аб альтэрнатыўнай (невайсковай) службе“дзейнічае ва Ўкраіне з 1992 году. Артыкул 2 гэтага закону сьцьвярджае, што „права на альтэрнатыўную службу маюць грамадзяне Ўкраіны, калі выкананьне вайсковага абавязку супярэчыць іхнім рэлігійным перакананьням і гэтыя грамадзяне належаць да дзеючых згодна з заканадаўствам Украіны рэлігійных арганізацый, веравучэньне якіх не дапускае карыстаньня зброяй”. Тэрмін альтэрнатыўнай службы ў паўтара разу перавышае тэрмін вайсковай службы для прызыўніка.

У Расеі закон “Аб альтэрнатыўнай цывільнай службе” дзейнічае з 2002 году. Паводле закону, грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі мае права на гэтую службу, калі “праходжаньне вайсковай службы супярэчыць яго перакананьням і веравызнаньню”. Тэрмін альтэрнатыўнай цывільнай службы ў Расеі ў 1,75 разу перавышае тэрмін вайсковай службы для прызыўніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG