Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нафтавая вайна” — барацьба за халяву


У эфіры «Званкі на Свабоду». «Нафтавая вайна» паміж Беларусьсю і Расеяй, бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай ёлцы ў Віцебску, віншаваньні з Новым 2010 годам і Калядамі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на «Свабоду».

Прадстаўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі не дасягнулі згоды на перамовах пра пастаўкі нафты беларускім спажыўцам у 2010 годзе. Кошт сёлетняй нафтавай спрэчкі Менску і Масквы — больш за 4 мільярды даляраў: расейскі бок прапанаваў пастаўляць у Беларусь на бязмытнай аснове 6 мільёнаў тон нафты і 15,5 мільёнаў тон — з налічэньнем экспартнага мыта ў памеры 267 даляраў з тоны. Камэнтары слухачоў:

Спадар: «У нас, ведаеце, усё ідзе барацьба наконт халявы. Мо Расеі было б варта гэтыя грошы пусьціць на кампэнсацыю грашовых укладаў сваім грамадзянам, а не цягнуць гэтую Беларусь? Вось такая палітыка: дзе што адарваць на халяву ад гэтай Расеі?»

Спадар: «Наконт нафтавай дзяльбы: Дзьмітры Анатольевіч Мядзьведзеў і Ўладзімер Уладзімеравіч Пуцін паважаюць наша кіраўніцтва і нашага правадыра і пойдуць яму насустрач, будзе ўсё цудоўна».

Спадар: «У сваіх выступленьнях наш правадыр не аднойчы казаў, што расейцы і беларусы — гэта адзін народ. Калі гэта так, дык хай тады намі кіруюць з Крамля Дзьмітры Анатольевіч ды Ўладзімер Уладзімеравіч».

Спадар: «Як Лукашэнка надакучыў са сваімі навагоднімі падарункамі — войнамі з Расеяй, у якіх, як і зараз, вінаваты толькі Лукашэнка, які адмовіўся ад прымальных пераднавагодніх умоваў. І Лукашэнка кожны раз ужывае сваю тактыку — падняць шумавую хвалю на ўсіх СМІ, у тым ліку і міжнародных. Гэта не падымае аўтарытэт ні рэспубліцы, ні Лукашэнку».

Апоўдні 7 студзеня на вершаліне галоўнай гарадзкой ёлкі, усталяванай на плошчы Перамогі ў Віцебску, залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. У зьвязку з гэтым затрыманы сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадарыня: «Калі даведаліся, што ў Віцебску паднялі наш бел-чырвона-белы сьцяг, захацелася яшчэ больш, каб у кожным горадзе ён зьзяў. Так прыемна, дзякуй Мірону, дзякуй вам, хлопцы, за сьцяг!»

Пракуратура Беларусі адмовілася выдаць Літве генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка, які камандаваў віленскім гарнізонам у студзені 1991 году, калі супраць мірных людзей былі ўжытыя танкі і бронетранспартэры. У выніку гэтых падзей загінулі 14 літоўскіх грамадзян. Генэральная пракуратура Беларусі спаслалася на тое, што разглядае ўчынкі фігурантаў справы «13 студзеня» як абарону дзейнага на той момант канстытуцыйнага ладу. Выказваньне на гэтую тэму:

Андрусь, Асіповічы: «Я наконт Усхопчыка і наконт адказу пракуратуры Беларусі літоўскім пракурорам. Калі так разглядаць, што ён не вінаваты ні ў чым, чаму тады судзілі ваенных злачынцаў часу ІІ сусьветнай вайны? Чаму іх павесілі? Яны ж таксама выконвалі загады сваіх начальнікаў, фюрэра».

Ігар Кузьняцоў
Выказваньне камэнтуе навуковец Ігар Кузьняцоў:

«На той момант яшчэ не было артыкула, што вайсковец можа адмовіцца выконваць загад, калі гэты загад злачынны. У такім выпадку адказнасьць павінны несьці тыя асобы, якія гэты загад аддавалі. Калі ня Ўсхопчык, то хто такі загад аддаваў і хто адказаў? Ні генэральны сакратар, ніхто. Таму гэтая справа мае відавочную палітычную афарбоўку».

Далей віншаваньні слухачоў з Калядамі і Новым годам:

Жураўлёў, Пінск: «Шаноўны Мілінкевіч Аляксандар Уладзімеравіч! Віншую вас з Новым годам і Калядамі. Упэўнены, што ваша плённая праца зьяўляецца сапраўдным здабыткам нацыі. З найлепшымі вам пажаданьнямі, вашай сям’і і вашым аднадумцам, гісторык Жураўлёў, горад Пінск».

Спадар: «Вітаю, Радыё Свабода! Віншую ўсіх вас са сьвятам, жадаю вам усяго добрага. Мне падабаюцца вашы перадачы, асабліва перадачы „Званкі на свабоду“, „Паштовая скрынка“ і многія іншыя. Я зьвяртаюся да слухачоў і прашу іх быць больш актыўнымі ў гэтых перадачах».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG