Як падае БелаПАН, Эўракамісія апублікавала схему разьмеркаваньня сродкаў так званага рэгіянальнага бюджэту, выдзеленых на праграмы "Ўсходняга партнэрства". 600 млн. эўра на чатыры гады разьбітыя наступным чынам: 2010 год — 85 млн. эўра; 2011 год — 110 млн.; 2012 год — 175 млн.; 2013 год — 230 млн.
Сродкі разьдзеленыя на тры групы: на комплексныя праграмы інстытуцыянальнага будаўніцтва (175 млн. эўра), каб падтрымаць рэформы ў краінах-партнэрах; на пілётныя праграмы рэгіянальнага разьвіцьця (75 млн. эўра) для сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёну; на шматбаковыя праекты (350 млн. эўра).
Беларусь, Літва і Украіна ўжо прадставілі каля 20 сумесных праектаў рэгіянальнага значэньня, у прыватнасьці ў галіне энэргетыкі, транспарту, транзыту, кіраваньня межамі, агульнай культурнай і гістарычнай спадчыны.
У палітыцы "Усходняга партнэрства" ўдзельнічаюць 27 членаў Эўразьвязу і шэсьць партнэраў: Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна.