Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цягніку "Масква — Калінінград" шукалі бомбу


536 пасажыраў былі эвакуяваныя мінулай ноччу з цягніка "Масква — Калінінград" на станцыі ў Оршы з-за пагрозы тэракта.


Прыкладна ў 23.00 гадзін 5-га студзеня ў Аршанскі адзьдзел унутраных спраў на транспарце ад калег са Смаленска паступіла паведамленьне, што ў праваахоўныя органы патэлефанаваў невядомы і папярэдзіў пра тэрарыстычны акт, які рыхтуецца ў цягніку "Масква — Калінінград".

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленьні ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у пачатку другой гадзіны цягнік з 16 вагонаў прыбыў у Оршу і быў пераведзены на другі пуць паўднёвага боку станцыі. Усіх пасажыраў разьмясьцілі ў транзытнай залі вакзала.

Сапёры з сабакамі, якія аглядалі састаў, ніякіх выбуховых прыстасаваньняў не знайшлі. Паведамленьне пра тэракт было непраўдзівым.

У 3.30 6-га студзеня цягнік працягнуў рух у Калінінград. Затрымка, паводле зьвестак міліцыі, склала 2 гадзіны 23 хвіліны.

Паводле БелТА, сярод пасажыраў цягніка Калінінград - Масква, якія былі эвакуяваныя ў Оршы з-за паведамленьня аб тэракце, панікі не было.

Усе пасажыры былі разьмешчаныя ў будынку вакзала. Пасажыры з маленькімі дзецьмі разьмяшчаліся ў пакоі маці і дзіця, са старэйшымі дзецьмі - у залі павышанай камфортнасьці, астатнія былі разьмешчаныя ў залі чаканьня. Усім бясплатна раздавалі гарбату. У адной з пасажырак павысіўся ціск і ёй была аказаная мэдычная дапамога. Уся інфармацыя пра цягнік рэгулярна падавалася дыктарам вакзалу. Пасада таксама адбылася арганізавана. Адзін з пасажыраў спазьняўся на вельмі важную сустрэчу і паехаў іншым цягніком раней за астатніх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG