Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За аблітага Леніна патрабуюць каля 8 мільёнаў рублёў


Прадстаўнік абвінавачаньня папрасіў пакараць Юрася Казака штрафам на 225 базавых велічыняў за абліты фарбай помнік Леніну.

7 лістапада ў Наваградку Юрась са сваімі сябрамі абліў помнік зялёнай фарбай. Хлопца абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Сам Юрась лічыць, што злачынствам зьяўляецца тое, што па ўсёй Беларусі стаяць шматлікія помнікі дзеячу, які распачаў “чырвоны тэрор”, у выніку якога загінулі мільёны.

Абвінавачаньне ў справе Юрася Казака папрасіла суд не караць хлопца зьняволеньнем, а спагнаць зь яго амаль 8 мільёнаў рублёў за зьдзейсьненае злачынства.

Суд пачаўся 29 сьнежня. Юрась прызнаў, што абліў бюст бальшавіцкага “правадыра” зялёнай фарбай. Дырэктарка наваградзкага краязнаўчага музэю паведаміла, што помнік не зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, а плошча Леніна хутка будзе называцца плошчай Адама Міцкевіча.

Гісторык Юры Бачышча зачытаў ліст ад сваіх калегаў пра нэгатыўную ролю Леніна ў гісторыі краіны.

Павал Севярынец
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Павал Севярынец лічыць, што ўлады пабаяліся грамадзкага рэзанансу і таму ня сталі караць Юрася зьняволеньнем.

“Мне падаецца, што праявіўся страх рэжыму перад моцным грамадзкім абурэньнем. Падчас суду стала зразумела, што ніводнага чалавека не было ў залі, які б падтрымліваў камуністычны рэжым і асуджаў дзеяньні Юрася Казака.

Сапраўды, зьмяніўся час. Падчас працэсу стала ясна, што камунізм застаецца галоўнай ідэалёгіяй сёньняшняга рэжыму, але ясна й тое, што гэтую ідэалёгію адстойваць рэжым ужо ня мае сілаў”.

Намесьніца лідэра “Маладога фронту” Наста Палажанка лічыць, што суд наўмысна прызначылі на перадсьвяточныя дні.

Наста Палажанка
“Безумоўна, ідэалягічнае пытаньне сёньня ёсьць балючай тэмай для ўладаў. Менавіта таму і прызначылі судовы працэс бліжэй да сьвятаў, калі людзі занятыя падрыхтоўкай да сьвятаў і хатнімі клопатамі.

На гэтыя дні ставяць працэс, на якім можна пачуць ня толькі абвінаваўцаў, але й гісторыкаў, якія кажуць пра ролю Леніна ў Беларусі”.

Старшыня руху салідарнасьці “Разам” Вячаслаў Сіўчык лічыць, што 20 гадоў таму за абліты помнік Леніну давялося б заплаціць значна большую цану.

“Для сёньняшняга маладога пакаленьня Ленін — дастаткова малавядомая фігура. Прычым гэта недзе апошніх гадоў 10. Можна толькі выказаць абурэньне тым, што наагул адбываецца гэты палітычны працэс над Юрасём Казаком, і тым, што пракурор запатрабаваў грошай больш, чым каштуе бюст Леніну ў Наваградку”.

Судзьдзя Валер Яцынкавіч перанёс далейшы разгляд крымінальнай справы на 11 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG