Жан-Люі Ляран спазьніўся да журналістаў праз тое, што зацягнулася ягоная сустрэча з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем. Напачатку спадар Ляран адзначыў, што стасункі паміж Радай Эўропы і Беларусьсю былі замарожаныя больш чым 13 гадоў, але цягам апошняга году зьявіліся новыя тэндэнцыі для пашырэньня дыялёгу на розных узроўнях. Спадар Ляран сказаў, што Ўладзімер Макей “вельмі добра ведае, што трэба зрабіць Беларусі, каб стаць сябрам Рады Эўропы”:
“Гэта быў працоўны візыт, скіраваны на аднаўленьне кантактаў і супрацоўніцтва і нацэлены на будучую працу. Ён стаў сыгналам новай стадыі стасункаў паміж Беларусьсю і Радай Эўропы. Я не абяцаю, што ўсё будзе хутка і проста, нам патрэбныя цярпеньне, узаемаразуменьне і вельмі цяжкая і актыўная праца. І мы ў Радзе Эўропы гатовыя ўзяць на сябе гэтую задачу. Я ад’яжджаю зь Менску з добрымі ўражаньнямі і ўсьведамляю, што яшчэ павінна быць зроблена”.
Спадар Ляран згадаў адкрыцьцё Інфармацыйнага цэнтру ў Менску і два візыты ў Беларусь старшыняў камітэту міністраў з Гішпаніі і Славеніі. І цяпер падчас перамоваў з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску абмеркавана магчымасьць актывізацыі ўдзелу Беларусі ў структурах Рады Эўропы. Спадар Ляран не выключае, што на пачатку наступнага году будзе абмяркоўвацца пытаньне аб далучэньні Беларусі да шэрагу канвэнцыяў Рады Эўропы ў сфэры крымінальнага права:
“Асноўнае пытаньне, якое дамінавала ў нашых дыскусіях, гэта пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня. Сёньня адмена сьмяротнага пакараньня – гэта частка стандартаў і патрабаваньняў Рады Эўропы. Калі Беларусь хоча ўступіць у Раду Эўропы, стаць часткай гэтай дэмакратычнай сям’і, то гэтага пытаньня ня ўдасца пазьбегчы. Мы гатовыя вельмі цесна супрацоўнічаць зь Беларусьсю дзеля выкананьня гэтай задачы”.
Адмена сьмяротнага пакараньня ці мараторый на яго выкарыстаньне застаецца таксама ўмовай вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Хаця спэцыяльны статус – гэта не адзіная ўмова для супрацоўніцтва Беларусі і Рады Эўропы, якое ў тых ці іншых формах можа весьціся і без спэцыяльнага статусу:
Патрабаваньнем для аднаўленьня статусу спэцыяльна запрошанага для Беларусі зьяўляецца адмена ці мараторый на сьмяротнае пакараньне ...
“Як бы мы ні ставіліся да гэтага, рашэньне ўжо прынятае. Таму патрабаваньнем для аднаўленьня статусу спэцыяльна запрошанага для Беларусі зьяўляецца адмена ці мараторый на сьмяротнае пакараньне. І для гэтага неабходныя інфармацыйныя кампаніі і іншыя дзеяньні. І ўрэшце павінна быць прынятае рашэньне на палітычным узроўні”.
Паводле спадара Лярана, інфармацыйная кампанія адносна адмены сьмяротнага пакараньня не павінна быць разбураная хаця б адным сьмяротным прысудам. Таксама ён мяркуе, што для мараторыю ці адмены сьмяротнага прысуду неабавязкова праводзіць рэфэрэндум.
Цягам 13 гадоў паміж Радай Эўропы і Беларусьсю не было дыялёгу, таму, паводле спадара Лярана, цяжка ацаніць сытуацыю за апошнія 6 месяцаў. Ён сказаў, што па выніках паездкі зробіць даклад перад Камітэтам міністраў і запросіць прадстаўніка Беларусі для ўдзелу ў яго абмеркаваньні. Таксама кіраўнік генэральнага дырэктарату Рады Эўропы адзначыў, што вынікі палітыкі дыялёгу можна будзе падвесьці пасьля будучых выбараў. Але гэтым разам ён абмяркоўваў у Менску пытаньне перасьледу грамадзянскай супольнасьці і зьняволеньне прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі. Спадар Ляран таксама адзначыў, што ў дэмакратычным грамадзтве наяўнасьць нават аднаго палітвязьня недапушчальная.