Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Віталь Рыжкоў


Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў

Паэт Віталь Рыжкоў. Яму 23 гады. Нарадзіўся ў Магілёве. Інжынэр-аўтамэханік паводле адукацыі, аматар вэб-дызайну, працаваў дарожным рабочым, вартаўніком, сыстэмным адміністратарам, цяпер — мэнэджэр-распаўсюднік. Ляўрэат шматлікіх літаратурных конкурсаў.

a)

Што для вас свабода?


— Свабода? Хіба героі, злачынцы і дэмагогі ўсіх часоў ушчэнт не згвалтавалі гэтую фантазію? О, тады і мы асьцярожненьнка дакранемся да яе цела! Як магчымасьць падпарадкоўвацца на ўмовах узаемнага пагадненьня ці як татэм-пернік — яна ня надта прывабная: хто з маральных людзей і як доўга будзе песьціць адзіна абалонку? Што ж тады за сьвятло гарыць у гэтым прыўкрасным сасудзе, калі гэта ня толькі сьвятло асабістых чалавечых жаданьняў — высокіх і нізкіх — і чаму так вабіць? Адкінуўшы крывадушша і ўра-патрыятызм, прыкрыўшы рот далоньню, прызнаюся сабе і вам, што зусім ня ведаю свабод, апроч свабод летуценьня і мысьленьня. Нават, хутчэй, пакуль толькі летуценьне; ды магчымасьць яго агучваць. Ды і адкуль мне ведаць?

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

— Маю асабістую — розныя дробязі, якія і апісваць сорамна, бо яны ўсім зразумелыя.

Што для вас шчасьце?

— Мне падабаецца адчуваньне, калі ўздымаесься над сабой. Лёгкасьць бязьдзеяньня пасьля цяжкай працы. Добра, што на гэта заўжды бракуе часу.

Чаго вы найбольш баіцеся?

— Гэта такое частае пытаньне, што аджартоўвацца ўжо ня сьмешна. Відаць, я баюся перастаць шукаць сябе, згубіць сябе, апынуцца слабым.

Які талент вы хацелі б мець?

— Я б хацеў умець граць на піяніна, мець дырыжэрскі талент, чуць, як музычныя інструмэнты размаўляюць адно з адным падчас гучаньня, ствараць гармонію і дысгармонію. Такое сабе сьціплае жаданьне глухога ўмець слухаць і чуць.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


— Валянцін Акудовіч, Алесь Разанаў.

Што вы найбольш любіце рабіць?

— Люблю праводзіць час з дарагімі мне людзьмі.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

— Нічога.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

— Калісь настаўніца беларускай мовы сказала, што цяжкавата мне будзе ў жыцьці з маімі поглядамі. Я ўдзячны, што папярэдзіла.

Які ваш улюбёны дэвіз?

— «Ня вешаць нос, гардэмарыны!» :)


b)

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


— Спачатку крыху ў дыктатуры, а пасьля — у дэмакратыі.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

— У Беларусі.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

— Цяпер.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

— Шпакоўню.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

— Узаемавыгодныя.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


— Добрасуседзкія.

Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


— А я думаю зусім не так, як некаторыя.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


— Спадзяюся, на наступныя выбары; натуральным чынам.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

— Яны гавораць па-беларуску. Проста мова ў большасьці беларусаў пазбаўленая 90% аўтэнтычнай лексікі і г.д.; а многія нават думаюць, што размаўляюць па-расійску зусім без акцэнту.

Што будзе, калі беларусы не загавораць
па-беларуску?

— Яны ўрэшце навучацца размаўляць па-расійску без акцэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG