Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь, Украіна і Літва ствараюць энэргетычны альянс


Беларусь, Украіна і Літва выступаюць за супольнае разьвіцьцё "транспартнай інфраструктуры" і "энэргетычнай прасторы". Аб гэтым заявіў у нядзелю міністар замежных спраў Украіны Пятро Парашэнка па выніках сустрэчы ў Кіеве з кіраўнікамі МЗС Беларусі і Літвы Сяргеем Мартынавым і Вігаўдасам Ушацкасам.

Бакі дамовіліся зрабіць супольную заяву па "адзінай энэргапрасторы" 8 сьнежня на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу. У Кіеве была дасягнутая дамоўленасьць аб выкарыстаньні транзытных магчымасьцяў Беларусі ў пастаўках украінскай электраэнэргіі ў Літву. Таксама міністры абмеркавалі пытаньні працягу дыялёгу па бязьвізавым рэжыме, аб выкарыстаньні транзытных магчымасьцяў, разьвіцьці транспартнай інфраструктуры, уключна з будаўніцтвам аўтамагістралі "Мінск — Кіеў".

Сяргей Мартынаў пацьвердзіў працяг працы над дакумэнтам аб абсталяваньні беларуска-ўкраінскай мяжы.

Акрамя таго кіраўнікі МЗС Беларусі, Украіны і Літвы дамовіліся супольна адзначыць угодкі Грунвальдзкай бітвы.

Адначасна прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў у сваім тэлезвароце, што Беларусь і Ўкраіна дамовіліся стварыць тандэм, каб разам прадстаўляць інтарэсы абедзьвюх краін у праграме "Ўсходняе партнэрства". Паводле Юшчанкі, краіны больш выйграюць разам, чым паасобку, калі пададуць на разгляд у межах “Усходняга партнэрства” пакет праектаў, якія датычаць дзьвюх краінаў

Заявы трох міністраў і прэзыдэнта Ўкраіны мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара Кіеўскага інстытуту палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі Міхаіла Паграбінскага.

Паграбінскі: Да ўсяго, што кажа наконт стратэгічных рэчаў Віктар Юшчанка, трэба ставіцца з насьцярогай, паколькі шанцаў увасобіць гэта ў жыцьцё ён ня мае. Але ў прынцыпе ідзе размова пра супрацоўніцтва паміж Беларусьсю, Ўкраінай і Літвой, што можа быць эфэктыўным незалежна ад таго, хто будзе кіраўніком дзяржавы і якая большасьць будзе у нас у парлямэнце. Гэта – пільная патрэба часу. Ну, напрыклад, стварэньне транспартных калідораў паміж Балтыйскім і Чорным морам. Гэта трэба рабіць у межах “Усходняга партнэрства”. Гэта – заменьнік нашага імкненьня быць бліжэй да Эўразьвязу. Наўзамен нам кажуць, што мы будзем суседзямі і будзем супрацоўнічаць у межах партнэрства. Я лічу, што гэта не зусім тое, чаго хацела Ўкраіна, але супольныя праекты, асабліва калі будзе фінансавая падтрымка ад ЭЗ, маюць пэўныя пэрспэктывы незалежна ад таго, чым скончыцца выбарчая барацьба ва Ўкраіне.

Дракахруст: А як палітычныя сілы Ўкраіны ставяцца да такіх задушэўных альянсаў з "апошняй дыктатурай Эўропы"? І сымбалічна – заява трох міністраў і словы Юшчанкі пра "тандэм" прагучалі літаральна ў пятую гадавіну пачатку "аранжавай рэвалюцыі".

Паграбінскі: Прыхільнікі Майдану не складаюць увесь палітычны спэктар Украіны. Большасьць тых сілаў, якія зьвязаныя з Майданам, цяпер адмаўляюцца ад гэтага колеру, і адзіная палітычная сіла, якая падае сябе як носьбіт ідэяў Майдану – блёк Юшчанкі "Наша Ўкраіна" – будзе мець праблемы з тым, каб пераадолець трохпрацэнтны бар'ер.

Людзі, якія застаюцца ідэалістамі Майдану – але такіх няшмат у сувязі з расчараваньнем насельніцтва – яны, магчыма, і крытычна ставяцца да гэтага. Але яны вельмі ўважліва ставяцца да пажаданьняў заходніх партнэраў, а тыя зацікаўленыя ў тым, каб Украіна выканала пэўныя функцыі мэдыятара паміж, як Вы кажаце, "апошняй дыктатурай у Эўропе" і Захадам. І гэта апраўдвае любыя дзеяньні, у тым ліку такую дэманстратыўную любоў Юшчанкі да Лукашэнкі. Але разам з тым абсалютная большасьць украінскіх палітыкаў лічыць, што разьвіцьцё стасункаў па лініі Ўсходняга партнэрства прадугледжвае актыўную ролю Ўкраіны ў адносінах з Беларусьсю і з краінамі Балтыі. І гэта будзе разьвівацца незалежна ад палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне. Чым больш беларускі прэзыдэнт будзе дэманстраваць сваю незалежнасьць ад Крамля, тым больш праэўрапейскія, празаходнія сілы Ўкраіны будуць падтрымліваць кіраўніцтва Беларусі.

К.Бандарэнка: “Кіеў і Вільня прымаюць прапанову Лукашэнкі”

Заяву міністраў замежных справаў Украіны, Беларусі і Літвы камэнтуе дырэктар Кіеўскага інстытуту праблемаў кіраваньня ім. Гаршэніна Косьць Бандарэнка.

В.Дубноў: “Лукашэнка актыўна працягвае сваё ўваходжаньне ў ГУАМ”

Заявы міністраў замежных справаў Украіны, Беларусі і Літвы і прэзыдэнта Ўкраіны мы папрасілі пракамэнтаваць аглядальніка расейскай службы нашага радыё Вадзіма Дубнова.


Беларусь, Украіна і Літва першыя прадставяць трохбаковы праект "Усходняга партнэрства"

Міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас заявіў, што Беларусь, Украіна і Літва будуць першымі краінамі, якія 8 сьнежня маюць намер падаць Эўракамісіі і краінам Эўразьвязу трохбаковы праект праграмы "Ўсходняга партнэрства".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG