Пэрсанальны сьпіс сяброў беларускай дэлегацыі прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі не рассакрэчвае. Вядома, што арганізатары запрасілі 27 арганізацый зь Беларусі. Сярод іх — сябры руху “За свабоду”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, праваабарончага цэнтру “Вясна”, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый, праўрадавай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі ды іншых. Перад гэтым больш за 20 няўрадавых арганізацый зь Беларусі выпрацавалі агульную пазыцыю. Яна скіравана на максымальны ўдзел у кантролі за праектамі, якія беларускія ўлады і эўрапейскія структуры будуць рэалізоўваць у межах “Усходняга партнэрства”. Ці ўлічаная гэтая пазыцыя ў Брусэлі? Віктар Карняенка сказаў:
“На жаль, не. Галоўнае пытаньне, якое мы ўносілі, — каб усё, зьвязанае з форумам грамадзянскай супольнасьці, ня скончылася сёньня, да наступнага форуму. Каб абавязкова быў працяг і каб былі мэханізмы ўплыву на сытуацыю паміж такімі форумамі. Гэта прапанавалася канкрэтна ў выглядзе пятай тэматычнай групы, якая абмяркуе арганізацыйныя пытаньні: склад рабочай групы, прынцыпы яе фармаваньня, мандат ад імя форуму і гэтак далей. На жаль, гэтая прапанова не была прынятая і, больш за тое, не была прагаласаваная. Было прапанавана працаваць па чатырох раней вызначаных плятформах”.
Паводле спадара Карняенкі, намаганьнямі сяброў беларускай дэлегацыі гэтая пятая група працуе кулюарна. Да бальшыні беларускай дэлегацыі не далучыўся старшыні ФПБ Леанід Козік, які, паводле спадара Карняенкі, падчас пленарнага паседжаньня зрабіў кароткую рэпліку агульнага сэнсу.
“Я не хацеў бы перабольшваць значэньне сёньняшняга мерапрыемства. Усё ж такі ўсё ідзе па такім жа прыкладна сцэнары, як працуе такі ж орган у Радзе Эўропы. Ёсьць даволі вялікая рызыка, што ўсё на тым і скончыцца. Я маю на ўвазе: ад форуму да форуму”.
Паводле палітоляга Юр’я Чавусава, у беларускай грамадзянскай супольнасьці ёсьць вялікая занепакоенасьць, што яе ўдзел ва “Ўсходнім партнэрстве” можа быць досыць фармальным.
“Агульна, беларуская грамадзянская супольнасьць найбольш уключылася ў гэтыя працэсы ў межах “Усходняга партнэрства”. Вядома, што і заявак было больш за ўсё. І гэта абумоўлена тым, што для нас гэта фактычна адзіная магчымасьць выйсьці на эўрапейскі ўзровень кансультацый. Калі для ўкраінцаў ці азэрбайджанцаў ёсьць дастаткова сур’ёзныя і іншыя мэханізмы, то для Беларусі, для беларускай грамадзянскай супольнасьці гэта фактычна адзінае акенца ў Эўропу”.
Спадар Чавусаў прывёў адмоўны прыклад таго, што адбываецца, калі няма грамадзянскага кантролю. Міністэрства юстыцыі нядаўна правяло канфэрэнцыю адносна пашырэньня выкарыстаньня міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека. Быў прадстаўлены аб’ёмны чатырохтамовік рашэньняў міжнародных інстанцыяў, датычных правоў чалавека. За выключэньнем рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН, якія тычацца Беларусі. Напрыклад, пра выпадкі ліквідацыі ці адмовы ў рэгістрацыі няўрадавых аб’яднаньняў.