Цікава адзначыць, што яшчэ ў траўні ў інтэрвію агенцтву Reuter Лукашэнка гаварыў нешта зусім іншае: “Гэта настолькі наіўныя і непрымальныя прапановы для нас, што проста сьмешна... Гэтыя прапановы тут фармавалі тыя людзі, якія не жадалі нармалізацыі стасункаў Беларусі і ЭЗ. Мы ведаем пра гэтыя прапановы — зламаць выбарчае заканадаўства, зламаць заканадаўства пра СМІ, усё зламаць, распусьціць і гэтак далей”.
А цяпер на ўсе гэтыя “жахі” няма абсалютна ніякай алергіі. Як хутка яна прайшла – ня тое, што сьвіны грып.
Зьдзіўленьне яшчэ больш узмацняецца, калі прыгадаць, што ўмовы тычыліся ня толькі выбарчага заканадаўства – там былі пункты і пра незалежную судовую сыстэму, і пра свабоду СМІ, і пра забарону сьмяротнага пакараньня, і пра дасьледаваньне справаў зьніклых, што не вырашаецца рэформай выбарчага заканадаўства, нават самай радыкальнай і лібэральнай.
Гледзячы па ўсім, Лукашэнка ўсьвядоміў, што гнуткасьць новай палітыкі Эўразьвязу мае пэўныя межы і працягваць атрымліваць нешта, не даючы нічога ўзамен, увесь час не атрымаецца. Таму зробленыя крокі ў накірунку рэфармаваньня выбарчага заканадаўства.
Магчыма, гэта прымеркавана да 16 лістапада, калі будзе вырашацца лёс візавых санкцыяў, чаму надае велізарную ўвагу беларуская апазыцыя. Аднак я не выключаю, што для ўлады больш важнае рашэньне аб фінансавай дапамозе Беларусі ўжо ня толькі са скарбонкі МВФ, але і з фондаў Эўразьвязу, пра што казаў нядаўна прадстаўнік Эўракамісіі ў Беларусі. Ну а зрабіўшы пэўную саступку, ёсьць жаданьне прадаць яе як мага даражэй.
Заяву Лукашэнкі можна інтэрпрэтаваць як абяцаньне выканаць у нейкай будучыні, магчыма і няхуткай, усе 12 даволі разнастайных умоваў Эўразьвязу.
А можна і як канстатацыю, што зьмены ў выбарчым заканадаўстве – гэта і ёсьць выкананьне ўсіх разумных пажаданьняў Эўразьвязу.
Сёньняшняя заява пра 12 ўмоваў – гэта пасланьне Эўразьвязу: мы сёе-тое выканалі, давайце будзем лічыць, што гэта наагул усё і што сытуацыя, калі мы вучні, а вы – настаўнікі, якім мы ўвесь час здаём нейкія іспыты, скончылася. Цяпер тыя або іншыя пажаданьні могуць быць, але ў адмысловым парадку, а не як нейкі звод умоваў, якія Менск павінен выканаць.
А вось яшчэ цытаты зь сёньняшняга выступу Лукашэнкі: “сёй-той трактуе неабходнасьць зьмены выбарчага заканадаўства як выкананьне патрабаваньняў Эўразьвязу па палітычнай лібэралізацыі Беларусі... Ціснуць на нас, як я ўжо некалькі разоў казаў, контрпрадуктыўна. Гэта і ў Эўропе разумеюць”. І тут жа праз слова – пра тое, што прапановы Эўразьвязу Беларусь прымае, і нават усе 12 ці 15.
Ну з фармальнага гледзішча супярэчнасьці няма – патрабаваньні не прымаем, а прапановы прымаем. Калі ж казаць пра лёгіку палітычную, то ў заяваў – розныя адрасаты. Наконт “прымаем 12 умоваў” – гэта для Эўропы, маўляў, мы ўсё выканалі і адчапіцеся, наконт уласнай нязломнасьці і непахіснасьці – для сваіх, найперш для чынавенства, каб у яго, барані Бог, ня склалася ўражаньне, што “Акела прамахнуўся”.