Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракаповіч: “Калі не перашкодзяць вакацыі, крэдыт МВФ атрымаем у сьнежні”


Сёньня ў Менску пачала працу група экспэртаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) на чале з кіраўніком групы па Беларусі Крыстафэрам Джарвісам. Місія павінна ацаніць выкананьне беларускімі ўладамі праграмы, якая падтрымліваецца крэдытам stand-by у памеры больш за 3,5 мільярда даляраў.

За час знаходжаньня ў Беларусі экспэрты сустрэнуцца з прадстаўнікамі ўраду, Нацыянальнага банку, міністэрстваў эканомікі і фінансаў. Па выніках візыту будзе прынятае рашэньне аб выдзяленьні Беларусі чарговага, чацьвёртага траншу крэдыту.

З улікам выдзеленага пры канцы кастрычніка трэцяга траншу МВФ у памеры блізу 700 мільёнаў даляраў, агульная сума сродкаў па праграме stand-by для Беларусі перавысіла 2 мільярды 200 мільёнаў даляраў. Нагадаем, што ў студзені 2009 году кіраўніцтва фонду ўхваліла выдзяленьне Беларусі крэдыту ў аб’ёме 2,5 мільярда даляраў пад праграму эканамічных рэформаў, разьлічаную да красавіка 2010 году. Але ў чэрвені Рада дырэктараў МВФ падвысіла кошт пытаньня адразу на 1 мільярд даляраў, давёўшы аб’ём фінансавай падтрымкі агулам да 3,5 мільярда. Першы транш, каля 800 мільёнаў даляраў, паступіў у Беларусь на пачатку году, астатнія сродкі пераводзяцца з улікам штоквартальных справаздачаў беларускага ўраду.

Нядаўна старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч заявіў, што ўсе патрабаваньні МВФ Беларусь выконвае, таму чарговы транш у аб’ёме прыблізна тых жа 700 мільёнаў даляраў можна чакаць яшчэ да канца году:

Пётар Пракаповіч
“Усе паказьнікі на 1 кастрычніка, узгодненыя з МВФ, выкананыя. У тым ліку валавыя золатавалютныя рэзэрвы, чыстыя міжнародныя рэзэрвы, чыстыя ўнутраныя крэдыты і бездэфіцытны бюджэт. То бок чатыры галоўныя паказьнікі, якія мы ўзялі абавязак выконваць у поўным аб’ёме, — усе яны выкананыя. У нас 4 мільярды 800 мільёнаў даляраў павінен быць паказьнік па золатавалютных рэзэрвах на 1 студзеня 2010 году. Што тычыцца наступнага году, то па праграме асноўных кірункаў разьвіцьця рост прагназуецца ў межах дзесьці 2 мільярдаў. Але, канечне, будзем яшчэ ўдакладняць. Гэта тое, што ўзгоднена з фондам. Таму пытаньняў не павінна быць. Прыяжджае місія, мы пачынаем зь ёй працаваць; сама ж місія працуе па выніках на 1 кастрычніка. Мы спадзяемся, што ў сьнежні атрымаем чарговы транш. Калі толькі Рада дырэктараў не пасьпее дачасна сысьці на калядныя вакацыі. Але будзем спадзявацца, што не пасьпее”.

Беларусь зьвярнулася па крэдыт да Міжнароднага валютнага фонду ў кастрычніку 2008 года. Афіцыйная фармулёўка — падвышэньне дзяржаўных золатавалютных рэзэрваў і стварэньне так званай “падушкі бясьпекі”, неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах глябальнага фінансавага крызісу. Між тым, як лічыць эканаміст дасьледчага цэнтру “Інстытут прыватызацыі і мэнэджмэнту” Зьміцер Крук, стаўка на крэдыты ў цяперашняй сытуацыі не зусім абачлівая. Урад у вялікай колькасьці бярэ міжнародныя крэдыты, ня маючы ўцямнай схемы вяртаньня пазыкаў:

Зьміцер Крук
“У цяперашнім стане крэдыты, безумоўна, дапамагаюць беларускай эканоміцы. Але ж, зь іншага боку, няма ніякай доўгатэрміновай, асэнсаванай стратэгіі — навошта нам патрэбныя гэтыя замежныя крэдыты? Таму сапраўды можна казаць пра тое, што гэта насамрэч ярмо для эканомікі. Даволі часта ўлады тлумачаць неабходнасьць крэдытаваньня менавіта тым, што ў нас невялікі аб’ём пазыкаў, які назапасіўся за папярэднія гады, і гэта падаецца як непасрэдны фактар таго, што трэба рабіць новыя пазыкі. Але пакуль няма асэнсаванай стратэгіі падвышэньня канкурэнтаздольнасьці ў посткрызісны пэрыяд, гэтыя пазыкі наўрад ці можна лічыць эфэктыўнымі. Або эканамічныя ўлады павінны даць зразумелыя для грамадзтва крытэрыі эфэктыўнасьці і як яны зьбіраюцца выкарыстоўваць крэдыты ў макрамаштабе”.

Падчас знаходжаньня ў Беларусі аналітыкі Міжнароднага валютнага фонду маюць правесьці шэраг сустрэчаў ва ўрадзе, Нацбанку, некаторых іншых дзяржаўных ведамствах. Перадусім экспэрты правядуць кансультацыі ў справе разьвіцьця беларускай эканомікі за мінулы год і адносна пэрспэктываў на будучыню. Ці можа падчас сустрэчаў паўстаць тэма далейшага супрацоўніцтва з МВФ? У красавіку 2010 году праграма stand-by заканчваецца, і, як мяркуюць аналітыкі, зусім ня выключана, што кіраўніцтва Беларусі прадэкляруе намер далейшага крэдытаваньня з фондаў МВФ. Вось што на гэты конт мяркуе эканаміст Зьміцер Крук:

“Больш верагодна, што ўлады захочуць удзельнічаць у новай праграме, але гэта такія часткова палітычныя стасункі. Так, папярэдне і МВФ казаў, што магчыма новая праграма, якая будзе накіраваная на структурныя рэформы ў Беларусі. Але ж перш за ўсё трэба дачакацца, як МВФ ацэніць трэці і чацьвёрты этапы рэалізацыі бягучай праграмы, і тады ўжо можна будзе гаварыць пра магчымасьці яе працягваньня. Але ж з боку беларускіх уладаў, я думаю, — так, жаданьне новых пазыкаў ад МВФ, хутчэй за ўсё, будзе”.

Тым часам большасьць незалежных эканамістаў крытычна ставяцца да шчыльнага супрацоўніцтва Міжнароднага валютнага фонду зь беларускімі ўладамі. Маўляў, сваімі крэдытамі МВФ падтрымлівае неэфэктыўную эканоміку Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG