Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўшанаваў памяць ахвяраў Галадамору


Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка і прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Кіеве ўшанавалі памяць ахвяраў голаду 1932-1933 гадоў. Кіраўнікі дзяржаваў паставілі сымбалічныя кампазыцыі з пшаніцы са сьвечкамі ды пасадзілі на прылеглай да мэмарыялу тэрыторыі кусты каліны.


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што сваёй прысутнасьцю ў мэмарыяле памяці ахвярам голаду жадаў ушанаваць памяць мільёнаў ахвяраў гэтай трагедыі. "Мы прыехалі, каб аддаць даніну павагі тым людзям, якія загінулі, бо яны гінулі і ў нас. У Беларусі таксама нямала людзей загінула", – сказаў ён. У сваю чаргу Юшчанка растлумачыў, што голад, які быў на Ўкраіне ў 30-е гады мінулага стагодзьдзя, меў такую асаблівасьць, як уводзіны рэжыму так званых "чорных дошак", што адрозьнівае гэту ўкраінскую трагедыю ад падобных старонак у гісторыі іншых нацый. "Галадамор быў у Беларусі, Паволжы, Сярэдняй Азіі, але я жадаў бы падкрэсьліць: забаранялі выяжджаць за межы сваёй тэрыторыі ўкраінцам. "Чорныя дошкі" былі ў нас. У нас 13 тысяч сёлаў выкашаны голадам", – сказаў прэзыдэнт Украіны.

Як паведаміла агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» са спасылкай на прэс-службу прэзыдэнта Ўкраіны, Віктар Юшчанка падкрэсьліў, што прызнаньне Галадамору ва Ўкраіне ў 1932-1933 актам генацыду ўкраінцаў гадах ня ёсьць дзеяньнем, скіраваным супраць Расеі.

"Нам усё трэба зрабіць, каб сьвет ведаў: гэта не папрок нейкай нацыі ці дзяржаве, у тым ліку, гэта не папрок расейскаму народу ці Расеі", – адзначыў Юшчанка падчас сумеснага з Аляксандрам Лукашэнкам наведваньнем мэмарыялу ахвяраў Галадамору 1932-1933 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG