Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка змаганьня з грыпам. 2 лістапада


Жыхары Менску на мяжы панікі: чэргі ў аптэках разьмятаюць супрацьгрыпозныя лекі. Маскі і мэдыкамэнты падвозяць грузавікамі.

Паводле Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, агульны лік пацьверджаных выпадкаў сьвінога грыпу ў сьвеце складае 441 661 чалавек, зь іх ужо памерла 5 712 асобаў. Першыя ахвяры сьвінога грыпу зьявіліся ў Расеі, Чэхіі, Фінляндыі, Малдове. У Расеі зафіксавана 1349 выпадкаў грыпу A(H1N1). Пра сытуацыю з грыпам у Беларусі распавядае Валер Каліноўскі.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак па стане на 18 гадзін 2 лістапада зарэгістравана 59 выпадкаў захворваньня грыпам A(H1N1).

Пра сьмяротныя выпадкі ад сьвінога грыпу ў Беларусі не паведамляецца.

Разам з тым у краіне пачасьціліся выпадкі звычайнага грыпу і вострых рэсьпіраторных інфэкцыйных захворваньняў. Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, з 5-га кастрычніка такіх выпадкаў у краіне зафіксавана 320 тысяч, што на 41 працэнт болей, чым за такі ж пэрыяд летась. Паказьнік захворваемасьці склаў 1340 выпадкаў на 100 тысяч чалавек насельніцтва. Найбольш хварэюць дзеці — асобы да 18 гадоў складаюць каля 55 працэнтаў ад агульнага ліку хворых на грып і вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыйныя захворваньні.


За мінулы тыдзень наведвальнасьць менскіх паліклінік узрасла ў некалькі разоў у параўнаньні са звычайнымі паказьнікамі.

Паводле Менскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, за гэты час у гарадзкія шпіталі з падазрэньнем на грып і вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі зьвярнулася 27 тысяч чалавек. Дыягназ грып быў пастаўлены 2 тысячам чалавек, 600 зь іх — шпіталізавана.

У шэрагу менскіх шпіталёў з-за грыпу забаронена наведваць хворых у стацыянарах. У 5-й менскім шпіталі ўведзены карантын, увесь пэрсанал мэдустановы працуе ў марлевых павязках, забаронены наведваньні пацыентаў.

У менскіх аптэках — ажыятаж, многія людзі ў чэргах стаяць у марлевых масках.

Лекаў і масак на ўсіх не хапае, хоць падвозяць іх грузавікамі. Міністэрства аховы здароўя перакананае, што ў Менску пачалася паніка. За тры дні ў Менску раскупілі трохмесячны запас “Арпітола” — супрацьгрыпознага сродку беларускай вытворчасьці. У іншых рэгіёнах пакуль абыходзіцца без неапраўданага ажыятажу.

У школах Магілёва і Бабруйска з-за грыпу на тыдзень падоўжылі канікулы.

Такое ж рашэньне раней было ўхваленае ў Менску, Берасьцейскай вобласьці, асобных гарадах Меншчыны. У памежнай з Украінай, дзе грып асабліва актыўны, Гомельскай вобласьці ад такіх захадаў адмовіліся. Аднак у двух школах — у Гомелі і Мазыры каля 30 працэнтаў дзяцей сёньня і так не прыйшлі на заняткі. Па якой прычыне — пакуль няясна. Абласныя ўлады кажуць, што эпідэміі грыпу ў рэгіёне няма.

На беларуска-украінскай мяжы ўведзены карантын.

Eзмоцнены кантроль за перамяшчэньнем грамадзян — людзей, якія перасякаюць мяжу, аглядаюць лекары, пры падазрэньнях на грып у іх мераюць тэмпэратуру цела, пры неабходнасьці яны могуць выклікаць хуткую дапамогу. Памежнікі апранулі марлевыя маскі.

Кіраўніцтва Гомельскага памежнага атраду запэўніла, што пакуль выпадкаў транзыту цераз мяжу хворых грамадзян (як беларусаў, так і іншаземцаў) не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG