Шыльда свабоды
Менск, праспэкт Незалежнасьці, 15
Менск, праспэкт Незалежнасьці, 15
Ад гэтага будынку, дзе ў 1930-я гады месьціўся НКУС БССР, у першай палове 1990-х гадоў на Дзяды пачыналася жалобнае шэсьце ў Курапаты на знак памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору.
У першай палове 1990-х гадоў жалобнае шэсьце ў Курапаты на Дзяды пачыналася ад будынку Міністэрства ўнутраных справаў, што на рагу праспэкта Незалежнасьці і вуліцы Раманаўская слабада. У гэтым будынку ў сталінскую пару знаходзіўся Наркамат унутраных справаў, ва ўнутранай турме якога былі закатаваныя сотні бязьвінных людзей. Шмат ахвяраў уначы вывозілі адсюль у лясныя прымесьці Менску — Курапаты, парк Чалюскінцаў, іншыя лясы і яры, дзе яны былі расстраляныя і закапаныя без крыжоў і абэліскаў.
Адным з такіх жахлівых маршрутаў і прапанаваў БНФ праходзіць на Дзяды.
Дзень памяці пачынаўся раніцай ля будынку МУС. Актывісты БНФ ставілі драўляную сымбалічную каплічку з надпісам: “Адсюль з будынка НКВД пачынаўся пакутны шлях у Курапаты. Вечная памяць ахвярам бальшавіцкага тэрору”.
Ідэя каплічкі належала мастакам, сябрам суполкі “Пагоня” і Беларускага народнага фронту, якія афармлялі практычна ўсе масавыя акцыі. Кажа мастак Мікола Купава:
”Я зрабіў эскіз гэтай каплічкі. Мы знайшлі майстроў, і яны яе зрабілі. Увогуле было іх дзьве. Адна была высокая, і яе канфіскавалі, яна зьнікла бясьсьледна. Потым зрабілі меншую. Мы ставілі ля яе вахту, і цэлы дзень тут гарэлі сьвечкі. Людзі падыходзілі, клалі кветкі. Было прыгожа. Здорава было, што гэта каплічка існавала. Мы яе ўжо бяз варты не пакідалі. Стаялі дзяжурныя з нашых людзей, яны мяняліся кожную гадзіну. А потым увечары мы яе забіралі, і да налецьця ўжо”.
Тут выступалі Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Сяргей Грахоўскі, Рыгор Барадулін, Мікола Купава, Вінцук Вячорка і іншыя. Аднойчы масавы мітынг адбываўся на прыступках самога будынку КДБ, і нават тагачасны старшыня КДБ Шыркоўскі ня змог яго спыніць. Затым праз увесь горад пад бел-чырвона-белымі сьцягамі шматтысячная калёна рушыла ў Курапаты з прыпынкам для ўшанаваньня памяці расстраляных у парку Чалюскінцаў.
А пасьля 1995 году сабрацца ля будынку МУС-КДБ, як і ўвогуле ў цэнтры гораду, ужо стала немагчымым. Улады больш не давалі дазволу на такія акцыі, а подступы і да гэтага будынку, і да іншых урадавых будынкаў блякаваліся міліцыяй. Шэсьці на Дзяды пачыналіся ўсё далей і далей ад цэнтру гораду.
Мастакі з суполкі “Пагоня” стварылі ня толькі гэту сымбалічную каплічку, якая засталася толькі ў памяці людзей. Яшчэ былі Чарнобыльскі звон, Звон свабоды, мэмарыяльная шыльда на дом, дзе была абвешчаная БНР. Гэтыя знакі-сымбалі свабоды перахоўваюцца і чакаюць сваёй пары, калі будуць усталяваныя ў належных ім месцах.