Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумаў: Ня думаю, што вы ўчора камусьці дапамаглі


Экс-міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў пракамэнтаваў разгон міліцыяй акцыі салідарнасьці з ахвярамі рэжыму, якая адбылася на Кастрычніцкай плошчы Менску 16 кастрычніка.

Размова з Навумавым, які цяпер кіруе выключана Фэдэрацыяй хакею, адбылася падчас дабрачыннага пешага паходу, які ладзіў менскі хакейны клюб “Дынама”.

Уладзімер Навумаў запэўніў карэспандэнта Свабоды, што пешы паход санкцыянаваны, яго арганізатары ўзгаднілі маршрут з гарадзкімі ўладамі і параіў удзельнікам акцыі салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы “праводзіць іншыя цікавыя мерапрыемствы”.

Карэспандэнт: “Учора людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, хацелі таксама паспачуваць другім людзям. Атрымліваецца, вам дазваляюць дапамагаць людзям, а камусьці не дазваляюць. Хіба гэта справядліва?”

Навумаў: “Мяркую, вы крыху блытаеце мерапрыемствы, тое і гэтае. І я ня думаю, што ўчора вы пэўна камусьці дапамаглі.”

Карэспандэнт: “Гаворка там ішла пра зьніклых людзей, пра тое, што трэба вырашыць лёс гэтых людзей: што зь імі?”

Навумаў: “Гэтая тэма ўвесь час, чамусьці, падымаецца вамі, калі набліжаюцца нейкія палітычныя падзеі”.

Плякат акцыі.
Уладзімер Навумаў, а таксама трэнэр менскага “Дынама” і нацыянальнай зборнай па хакеі Глен Хэнлан разам зь некалькімі дзясяткамі аматараў прайшлі пешшу 30 кілямэтраў па новай роварнай трасе, якая пракладзеная уздоўж Сьвіслачы.

У некалькіх месцах па маршруце пешага паходу магчыма было набыць спартовыя майкі з сымболікай менскага хакейнага клюбу “Дынама”. Арганізатары акцыі абяцаюць накіраваць заробленыя такім чынам грошы на лячэньне двухгадовага сьляпога хлопчыка Вані Цэдрыка.

Паводле Ўладзімера Навумава, ён набыў майку клюбу “Дынама” за 750 тысяч рублёў. Карэспандэнт “Свабоды” таксама далучыўся да акцыі падтрымкі Вані Цэдрыка і набыў дынамаўскую майку за 50 тысяч рублёў.

Навумаў і Хэнлан на веладарожцы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:01 0:00


Уладзімер Навумаў

уваходзіць у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША, паколькі іх падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Разам з Уладзімерам Навумавым у сьпісе неўязных таксама былы міністар унутраных спраў Юрый Сівакоў, былы камандзір брыгады СОБРу Зьміцер Паўлічэнка і былы сакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG